Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы зьбіраюць подпісы за суд над Лукашэнкам


Ініцыятыва былога судзьдзі Гары Паганяйлы прыцягненуць Аляксандра Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці паводле абвінавачаньня ў захопе ўлады атрымала падтрымку сярод праваабаронцаў, якія зьбіраюць на вуліцах Менску подпісы пад гэтым патрабаваньнем.

Ініцыятыву Гары Паганяйлы падтрымала праваабаронца Кацярына Садоўская. У 2007-м жанчына адбыла ў Гомельскай жаночай калёніі год паводле абвінавачаньня ў паклёпе на прадстаўнікоў улады. Ужо некалькі тыдняў праваабаронца зьбірае подпісы за суд над Лукашэнкам. Кацярына Садоўская кажа, што сабрала ўжо болей за сто подпісаў, і што людзі падпісваюцца ахвотна.

Кацярына Садоўская
«Некаторыя падпісваюцца зь вялікім задавальненьнем. Нават гэта дэманструюць, што, маўляў, мы цябе не баімся. Што мы патрабуем і будзем патрабаваць, каб ты атрымаў тое, чаго заслугоўваеш. Так і кажуць: не баюся яго, як бы ён не пагражаў».

Акрамя прыцягненьня да суду Аляксандра Лукашэнкі, праваабаронцы патрабуюць зьняць яго з выбараў прэзыдэнта. Асноўны аргумэнт — што ён, як яны лічаць, у 1996-м годзе незаконна захапіў уладу. Таксама праваабаронцы мяркуюць, што дзейны кіраўнік Беларусі ня можа выконваць абавязкі прэзыдэнта паводле стану здароўя.

Як кажа Кацярына Садоўская, сабраныя подпісы будуць накіраваныя ў Нацыянальны сход, Вярхоўны і Канстытуцыйны суд, Пракуратуру Беларусі, у Цэнтравыбаркам, а таксама ў прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый у Менску і міжнародным назіральнікам за выбарамі.

Гары Паганяйла
Ініцыятар прыцягненьня Аляксандра Лукашэнкі да крымінальнай адказнасьці былы судзьдзя Гары Паганяйла мяркуе: ягоная ініцыятыва падтрыманая, паколькі яна «цалкам заснаваная на законе». Чаму не адрэагавалі на заклік былога судзьдзі дзяржаўныя органы, якія сочаць за выкананьнем законаў?

«Таму што насамрэч у краіне ня дзейнічае прынцып падзелу ўлады, ня маецца ніякай супрацьвагі ўладзе аднаго чалавека. Прынцыпы законнасьці і парлямэнтарызму не выконваюць. Судовая ўлада цалкам падпарадкаваная прэзыдэнцкай уладзе, і таму не даводзіцца спадзявацца, што нехта прыме канстытуцыйныя захады і выканае тое, што прадугледжвае Канстытуцыя».

Кацярына Садоўская з аднадумцамі зьбірае подпісы за прыцягненьне да суду Аляксандра Лукашэнкі ў асноўным на выбарчых пікетах і падчас перадвыбарчых мітынгаў. Ці не перашкаджае міліцыя?

«Ніхто і нічога не перашкаджае. Міліцыянты баяцца падыходзіць да гэтых пікетаў, на якіх мы зьбіраем подпісы», — кажа Кацярына Садоўская.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG