Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расьсьледаваньне злачынства ў Курапатах працягнутае на месяц


Супрацоўнік прэсавай службы УУС Менскага аблвыканкаму Сяргей Басько паведаміў, што расьсьледаваньне крымінальнай справы па факце хуліганства — зьнішчэньня ў Курапатах 38 мэмарыяльных крыжоў — працягнутае да 8 студзеня 2011 году.

Справа заведзеная 8 лістапада па частцы 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства), якая прадугледжвае пакараньне ў выглядзе папраўчых працаў альбо штрафу, альбо арышту на тэрмін да шасьці месяцаў, альбо пазбаўленьня волі на тэрмін да трох гадоў. Для правядзеньня расьсьледаваньня справа перададзеная ў аддзел дазнаньня УУС Менскага райвыканкаму, які адпрацоўвае розныя вэрсіі злачынства, паведамляе БелаПАН.

6 лістапада актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ у часе традыцыйнай талакі на алеі ўздоўж паўднёва-ўсходняй мяжы Курапатаў з боку гандлёвага комплексу «Экспабел» знайшлі сьляды злачынства — зламаныя памятныя знакі. Удзельнікі талакі мяркуюць, што акт вандалізму ўчынены ўначы з 4 на 5 лістапада, бо яшчэ 4 лістапада крыжы былі цэлыя. Варта адзначыць, што 16 кастрычніка на той самай алеі Курапатаў актывістамі КХП-БНФ былі выяўленыя зьнішчаныя невядомымі асобамі 33 памятных знакі. Іх аднавілі празь некалькі дзён.

На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасьці міжнароднага значэньня «Месца зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты», занесенай у Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь і разьмешчанай на паўночна-ўсходняй ускраіне Менску, спачываюць, паводле розных ацэнак, ад 20 да 200 тысячаў ахвяраў сталінскага рэжыму.

Ва ўрочышчы ня раз зьдзяйсьняліся акты вандалізму, і толькі аднойчы злачынцы былі выяўленыя.
XS
SM
MD
LG