Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няпросты лёс агітацыйных плякатаў у Магілёве


Агітацыйныя плякаты ва ўнівэрмагу

Агітацыйныя плякаты ва ўнівэрмагу

У Магілёўскім унівэрмагу зьявіліся агітацыйныя матэрыялы Аляксандра Лукашэнкі. Правіселі яны, аднак, нядоўга. Агітацыйныя плякаты кандыдата на прэзыдэнты Андрэя Саньнікава таксама ненадоўга затрымліваюцца на дошках аб’яваў.

Ва ўнівэрмагу плякат з надпісам «Беларусь» ды імем і прозьвішчам дзейнага прэзыдэнта вывесілі разам з агульным плякатам усіх кандыдатаў. Асобных агітацыйных матэрыялаў канкурэнтаў Лукашэнкі на сьценах самай вялікай у Магілёве крамы няма.

Пытаюся ў адной з супрацоўніц, ці зьвярталіся давераныя асобы кандыдатаў з просьбамі разьмясьціць друкаваную агітацыю ва ўнівэрмагу.

«Так, да нас яшчэ нехта прыходзіў. Давераная асоба Рымашэўскага».

Карэспандэнт: «Дык вы будзеце вывешваць ягоны плякат?»

Супрацоўніца: «Мы яго павесілі ў прысутнасьці даверанай асобы, маладой дзяўчыны».

Пляката Рымашэўскага сярод агітацыйных матэрыялаў на сьценах унівэрмагу няма. Праз гадзіну пасьля маёй гутаркі з супрацоўніцай зьнікае і агітацыйны плякат Лукашэнкі.

Давераная асоба Рымашэўскага Тацяна Шамбалава пацьвердзіла, што сапраўды плякат кандыдата вывешваўся прадстаўніцай адміністрацыі ўнівэрмагу:

Шамбалава: «Яна паклікала іхнага штатнага мастака, й мы павесілі плякат. Яна папярэдзіла: „Вы час ад часу заходзьце паглядайце, ці будзе ён на месцы. Калі раптам што — зьвяртайцеся, павесім зноўку“. Сёньня я ёй пакінула яшчэ два плякаты. Яна сказала, што сама пройдзецца па ўсім унівэрмагу й паглядзіць, што дзе робіцца, й вывесіць іх. Я ж сама прайшлася й налічыла дзевяць плякатаў агульных і ніякіх пэрсанальных».

Дык ці вывесілі плякат Рымашэўскага? Зноў зьвяртаюся ў адміністрацыю ўнівэрмагу:

«Усё нармальна. Павесілі яго. Можа быць, зьнялі яго альбо што яшчэ. Вы б адразу сказалі, каго канкрэтна й што».

Высьветліць, куды падзеліся плякаты ў падтрымку Лукашэнкі, не ўдалося. Таксама не атрымалася высьветліць і тое, ці зьвярталіся да адміністрацыі ўнівэрмагу паплечнікі Лукашэнкі з просьбай вывесіць яго агітацыйныя матэрыялы.
Я ім сказаў, што гэта дзяржаўныя плякаты, ахоўваюцца дзяржавай. За гэта могуць штраф даць да мільёна рублёў.

За плякаты змагаюцца й магілёўскія актывісты са штабу Андрэя Саньнікава. Як сьцьвярджае давераная асоба кандыдата Віктар Болдзін, з дошак аб’яў у Магілёве штодня зьнікаюць больш за сотню плякатаў. У асабліва людных месцах плякаты вісяць ня болей за тры гадзіны.

Болдзін: «Я ўжо жартую, што жыцьцё нашага пляката, як у белага матылька — усяго дзьве гадзіны. Я вось магу такі прыклад згадаць. На вуліцы Дзімітрава зрывалі й раніцай і ў вечары. Я запалохаў работнікаў ЖЭСу, якія двары прыбіраюць. Я ім сказаў, што гэта дзяржаўныя плякаты, ахоўваюцца дзяржавай. За гэта могуць штраф даць да мільёна рублёў. І вось такое супадзеньне, што цяпер плякаты вісяць».

Як кажа Віктар Болдзін, плякат Саньнікава не патрапляе правісець і суткі на дошцы аб’яў, што на прыпынку ля гарвыканкаму. Гэтае месца — непадалёк ад пляцоўкі, дзе штодня ладзяцца пікеты ў падтрымку кандыдатаў на прэзыдэнта. Хто зрывае агітацыйныя матэрыялы, паплечнікі Саньнікава выявіць не змаглі.
XS
SM
MD
LG