Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская вёска Пагост трапіла ў рэйтынг 10 найлепшых месцаў на сьвеце для адзначэньня сёлетніх Калядаў, складзены кампаніяй CNN. Там, паводле CNN, можна паглядзець старажытны калядны абрад з элемэнтамі паганства.

Складальнікі не канкрэтызуюць, які менавіта зь беларускіх Пагостаў яны раяць наведаць найбліжэйшымі сьвятамі. З здымка Віктара Драчова, зьмешчанага пры інфармацыі пра беларускі адрас, можна зрабіць выснову, што CNN запрашае ў Пагост Жыткавіцкага раёну.

У правадніку CNN, складзеным у форме рэйтынг-ліста, беларускі Пагост займае трэці радок, апярэджваючы Зальцбург, Сыднэй, Нью-Ёрк, Ганконг, пуэрта-рыканскі Сан-Хуан, Лёндан і Бостан. Паперадзе Пагосту ў рэйтынгу амэрыканскай кампаніі – нямецкі Нюрнбэрг і ісьляндзкі Рэйк’явік.

Паводле аўтараў рэйтынгу, цяжкасьці перасячэньня беларускай мяжы кампэнсуюцца арыгінальнасьцю рытуалаў. Аўтары адзначаюць, што беларускія Каляды – “гэта народны абрад, які першапачаткова быў паганскім сьвятам, а пазьней быў адаптаваны, каб супадаць па часе з Раством і Новым годам”.

“Падчас Калядаў у такіх вёсках, як Пагост, бабулі жлукцяць пляшкамі гарэлку, а маладзёны дэманструюць народныя сцэнкі. Мясцовыя жыхары ўбіраюцца ў шкуры жывёлін і ходзяць, калядуючы, па суседзях”, – пішуць складальнікі рэйтынгу, запрашаючы ў Беларусь адзначыць Каляды і сустрэць Новы год.

CNN рэкамэндуе наведаць Пагост у пэрыяд з 25 сьнежня да 7 студзеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG