Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве адбылася працоўная сустрэча кіраўнікоў урадаў Расеі і Беларусі. Уладзімер Пуцін і Сяргей Сідорскі ўзгаднялі пазыцыі адносна стварэньня адзінай эканамічнай прасторы (АЭП), якая павінна стаць наступнай прыступкай інтэграцыі краін-удзельніц Мытнага саюзу. На думку экспэртаў, насамрэч беларускі бок прысьпешвае падпісаньне дамовы, бо спадзяецца атрымліваць энэргарэсурсы паводле ўнутрырасейскіх коштаў. Аднак менавіта па гэтым пытаньні бакі да паразуменьня не прыйшлі.

Да пачатку перамоваў Уладзімер Пуцін адзначыў, што сустрэча кіраўнікоў урадаў Расеі і Беларусі зьвязаная з фактычным заканчэньнем сумеснай працы над вялікім пакетам дакумэнтаў, "якія павінны быць пакладзеныя ў аснову Адзінай эканамічнай прасторы трох дзяржаў". Але як для эканомікі Расеі, так і Беларусі застаецца, паводле Пуціна, шэраг досыць адчувальных пытаньняў, якія трэба ўрэгуляваць у двухбаковым фармаце, бо без ратыфікацыі ўсяго пакету запусьціць пагадненьне ў жыцьцё немагчыма. Пасьля сустрэчы Пуцін і Сідорскі ўстрымаліся ад заяваў для СМІ, але прэсавы сакратар расейскага прэм'ера Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў: бакам пакуль не ўдалося дамовіцца па ўсіх спрэчных момантах. Ён сказаў, што праца будзе працягнута на экспэртным узроўні. У прыватнасьці, да канца году Расея і Беларусь мусяць урэгуляваць пытаньні з пастаўкамі вуглевадароднай сыравіны.

Для Беларусі пытаньне № 1 — уніфікацыя цэнаў на нафту і газ, якія даводзіцца набываць у Расеі. Ужо год паводле ільготных цэнаў пастаўляецца крыху больш за 6 мільёнаў тон нафты, астатняя ж колькасьць абкладаецца 100-працэнтным мытам. Толькі ад карэкцыі нафтавых кантрактаў страты беларускай эканомікі перавысяць 2,5 мільярда даляраў. Міністэрства юстыцыі Беларусі спрабавала абскардзіць такі парадак праз Эканамічны суд СНД — маўляў, гэта супярэчыць пагадненьням у рамках Мытнага саюзу. Але безвынікова.
Гэта эксклюзіў, падарунак з боку расейскага бюджэту беларускай эканоміцы.

Расейскі прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін лічыць, што да ратыфікацыі пагадненьня аб АЭП усе прэтэнзіі з боку Менску будуць хіба што скаланаць паветра. Паводле ягоных слоў, беларусам яшчэ трэба дзякаваць Маскве за тое, што аналягічныя пошліны не спаганяюцца за прыродны газ:

"Гэта эксклюзіў, падарунак з боку расейскага бюджэту беларускай эканоміцы. Пасьля падпісаньня і ратыфікацыі беларускім бокам усяго пакета пагадненьняў мы скасоўваем і вывазное мыта на сырую нафту. І нават калі ня будзе яшчэ ратыфікавана расейскім бокам, але, паводле наяўнай дамоўленасьці зь беларускімі партнэрамі, калі яны ратыфікуюць, мы выконваем сваё абавязаньне".
Пакуль беларусы не пачнуць грызьці падаконьнікі, нічога путнага не атрымаецца. Іншага спосабу выхаваньня наш народ, на жаль, не разумее

9 сьнежня да разгляду пытаньня пра Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору падключацца кіраўнікі Расеі, Беларусі і Казахстану. Экспэрты лічаць, што Аляксандру Лукашэнку давядзецца перажыць сур'ёзнае выпрабаваньне, бо некалькі месяцаў расейскі прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў ня толькі ігнараваў яго, але публічна абвінавачваў у перадвыбарнай спэкуляцыі на антырасейскай рыторыцы.

На думку незалежнага эканаміста Мечыслава Бурака, пастаўка энэргарэсурсаў паводле ўнутрырасейскіх цэнаў — пытаньне для беларускай улады стратэгічнае. Каб вытаргаваць лепшыя кошты, Лукашэнка на нейкі час нават гатовы спыніць крытыку на адрас Крамля. Бо ў іншым выпадку давядзецца адказваць перад народам за няздольнасьць забясьпечыць абяцаны дабрабыт:
Тая дапамога, якая была адрасаваная беларускім грамадзянам, спрытна выкарыстоўвалася Лукашэнкам як уласныя посьпехі і нейкі беларускі цуд

"Мой прагноз — дай Божа нам зіму перажыць, не далей. Усе мы не гатовыя зазіраць у будучыню: Лукашэнка не гатовы, таму што ня здольны кіраваць эфэктыўна, а мы не гатовыя, бо сыстэмна працаваць развучыліся. Але калі прааналізаваць, то ўсе нашы постсавецкія сябры, якія жылі з намі пры Саветах, прайшлі "страсеньне". Толькі Беларусь засталася ўбаку. Пасядзелі нейкі год у холадзе — і ўсё. Людзі нармальныя добра паклацалі зубамі, але цяпер жывуць як мае быць. А нам з гэтым сутыкнуцца яшчэ давядзецца, бо Масква больш ня будзе фінансаваць гэты рэжым. І пакуль беларусы не пачнуць грызьці падаконьнікі, нічога путнага не атрымаецца. Іншага спосабу выхаваньня наш народ, на жаль, не разумее".

Як лічыць дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Аляксей Астроўскі, не выпадае спадзявацца, што кіраўнік Беларусі атрымае ў Маскве замірэньне. А менавіта пра гэта намякаў Лукашэнка падчас Усебеларускага сходу: маўляў, як адносіны з Расеяй імкліва пагаршаліся, так зараз яны гэтак жа відавочна нармалізуюцца:

"Неаднаразова бываючы ўсе апошнія гады ў Беларусі, я назіраю істэрычную антырасейскую прапаганду, якая ўжо стала традыцыяй для беларускіх дзяржаўных СМІ. І, шчыра кажучы, я зьдзіўляюся мудрасьці, талерантнасьці, спакою і хрысьціянскім пачуцьцям усёдараваньня нашых кіраўнікоў, якія, напэўна, усё яшчэ маюць цёплыя пачуцьці да народу Беларусі. Але адназначна можна сказаць: тая дапамога, якую Расейская Фэдэрацыя аказвала цягам многіх гадоў і якая была адрасаваная ў першую чаргу беларускім грамадзянам, спрытна выкарыстоўвалася Лукашэнкам як уласныя посьпехі і нейкі беларускі цуд".

Аналітыкі спадзяюцца, што падчас заўтрашніх перамоваў можа высьветліцца і яшчэ адно спрэчнае пытаньне — уступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА). Напярэдадні Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што Расея будзе ўступаць "асобна, але застаючыся ў Мытным саюзе": маўляў, саюзаў шмат, а "УГА ў нас адна". Аднак афіцыйны Менск па-ранейшаму рыхтуецца да ўступленьня ў арганізацыю выключна Мытным саюзам.
XS
SM
MD
LG