Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Нашы дэмакратычныя кандыдаты — як разбэрсаны венік"


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 8 сьнежня 2010 году


Уся пошта, якую мы атрымліваем у гэтыя сьнежаньскія дні, так ці інакш зьвязана з тэмай прэзыдэнцкіх выбараў. Да асноўнага дня галасаваньня застаецца ўсяго дзесяць дзён. Нашы слухачы ў сваіх допісах спрабуюць аналізаваць вартасьці і заганы кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, выказваюцца пра ступень дэмакратычнасьці выбарчай кампаніі.

Мікалай Іваноў зь літоўскай Клайпеды, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, крытыкуе тых апазыцыйных кандыдатаў, якія ставяць на мэце далучэньне Беларусі да Эўрапейскага Зьвязу. У якасьці аргумэнтаў слухач называе досьвед той краіны, у якой сам жыве. У сваім лісьце на "Свабоду" спадар Мікалай піша:

"Прамысловасьць амаль цалкам зьнікла, бо не змагла выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю. Зямля апрацоўваецца наўрад ці на траціну і паступова ператвараецца ў цаліну. Безь дзяржаўных датацый сяляне ня ў стане вырошчваць прадукцыю, якая была б таньнейшая за завозную. Краіна папросту ператварылася ў рынак збыту для Захаду.

Нехта з вашых кандыдатаў упэўнены, што варта раздаць зямлю сялянам — і яны адразу пачнуць працаваць так, як славуты фэрмэр Шруб. Але ж у мінулым гэты фэрмэр быў старшынём калгаса, у яго за плячыма досьвед і веды. У ЗША, напрыклад, ніводзін банк ня дасьць пад сельгаспраекты крэдыт таму чалавеку, які ня мае адпаведных ведаў, падмацаваных дыплёмам.

А што зь міграцыяй насельніцтва? Тут у Эўразьвязе цікавая сытуацыя. Лёндан, Дублін перапоўненыя, так бы мовіць, "дэмакрачанымі" гастарбайтэрамі з Усходняй Эўропы. Але заўважце: там амаль не сустрэнеш замардаванага дыктатурай беларуса. Толькі не расказвайце мне пра свабодны рух працоўнай сілы ўнутры Эўразьвязу. Усе ў вас ведаюць, як на гэты рынак трапіць. Падкладзіце пад фотаздымак памерам 3х4 шэсьцьсот ангельскіх фунтаў стэрлінгаў (гэта месячны заробак гастарбайтэра-пачаткоўца) — і вам зробяць самы сапраўдны літоўскі пашпарт. Па такіх дакумэнтах жыве асноўная маса выхадцаў з Украіны"
.

Сапраўды, спадар Мікалай, гастарбайтэраў-беларусаў рэдка сустрэнеш у Дубліне ці Лёндане. Але паедзьце на будоўлі катэджаў для "новых рускіх" Масквы і Падмаскоўя, на нафтавыя і газавыя радовішчы Заходняй Сыбіры альбо ў ваколіцы Санкт-Пецярбургу, дзе пракладаецца новы газаправод... Беларусы там — на кожным кроку. На заробкі ў Расею выехалі, паводле розных ацэнак, каля мільёна беларускіх грамадзянаў. А паколькі праца там у многіх выпадках — нелегальная, а норавы ў маладога расейскага капіталізму мала падобныя да эўрапейскіх, то надзвычай частыя выпадкі, калі вяртаюцца адтуль беларусы і бяз грошай, і без дакумэнтаў. А часам і ўвогуле зьнікаюць бязь сьледу.

Былі б адкрытыя ў Беларусі заходнія межы — не сумнявайцеся: езьдзілі б беларусы на заробкі ў Лёндан і Дублін гэтак жа, як і літоўцы. А прапанаваны вамі, спадар Мікалай, крымінальны мэтад атрыманьня літоўскага пашпарта для беларускага грамадзяніна ня надта падыходзіць. Нават калі нехта і наважыцца парушыць закон і скарыстацца ім,— дык дзеля гэтага ж спачатку трэба трапіць у Літву, у Эўразьвяз. А для беларуса гэта — не прасьцей, чым трапіць у той жа Дублін.

У аглядзе пошты 25 лістапада прагучаў ліст Кастуся Сырэля з Ушачаў, які палемізаваў зь іншым нашым слухачом — Алесем Раткевічам з Маладэчанскага раёну. Спадар Алесь у адным са сваіх допісаў наракаў на занядбаны стан шматкватэрных дамоў, якіх за савецкім часам багата набудавалі ў беларускіх вёсках. Замест таго каб узводзіць новыя дарагія катэджы, мяркуе спадар Раткевіч, варта было б "адрамантаваць цагляныя шматкватэрнікі — і атрымалі б вялікую колькасьць таннага жытла для ахвотных зьвязаць свой лёс зь вёскай". Кастусь Сырэль з гэтым меркаваньнем не пагадзіўся, бо лічыць шматкватэрныя дамы "не жытлом для сапраўднага гаспадара, а начлежкай для вясковых люмпэн-пралетараў".

І вось — яшчэ адзін ліст-удакладненьне ад Алеся Раткевіча. Зьвяртаючыся да Кастуся Сырэля, ён піша:

"Я ні ў якім разе не аддаю перавагу кватэрам, як ВЫ вельмі правільна адзначылі, у "мурашніках". Яны, адназначна, — не для вёскі. Я меў на ўвазе цяперашні неабгрунтаваны падыход да праблемы адраджэньня сяла з эканамічнага боку. Калі дзе яшчэ ёсьць такія кватэры, то іх абавязкова патрэбна выкарыстоўваць. І, канечне ж, толькі ў выглядзе часовага жытла, для прыежджых, да якіх яшчэ трэба прыгледзецца — што за чалавек, ці надоўга ў вёску. Зь першага погляду разабрацца ў незнаёмых людзях немагчыма. Шмат выпадкаў, калі ў новазаселенага ў новенькі дыхтоўны катэдж ужо празь месяц асноўным, так бы мовіць, "працоўным месцам" становіцца месца пад плотам, недалёка ад крамы. А так — пажыў чалавек у такой кватэры колькі часу, папрацаваў, паказаў сябе станоўча — калі ласка, перасяляйся ў нармальны сучасны катэдж. І катэдж гэты павінен быць не сацыяльным, як цяпер іх лічаць (жывеш там, пакуль працуеш), а з правам хаця б выкупу. А каб яго яшчэ выкупіць, заробак павінен добры быць. Інакш у такі калгас у ПРЫМАКІ ніхто з талковых людзей як ня ехаў, так і не паедзе".

Апошняя ваша заўвага, спадар Алесь, на маю думку, асабліва важная. На працягу мінулага дзесяцігодзьдзя за бюджэтныя сродкі новага жыльля на вёсцы пабудавалі нямала — у тым ліку і ў адсталых занядбаных калгасах. Але завабіць туды добрага спэцыяліста толькі жытлом немагчыма. І стаяць тыя так званыя "прэзыдэнцкія дамкі" ў многіх вёсках незаселенымі, пакрысе разбураюцца пад дажджом і сьнегам. У той жа час у многія заможныя гаспадаркі, дзе добра наладжана вытворчасьць і высокія заробкі, людзі імкнуцца ўладкавацца нават пры той умове, што новага якаснага жытла ім у блізкай будучыні не абяцаюць. Дык, можа, і пачынаць варта было ня з новага жытла, а з годных заробкаў (а гэта значыць, сучаснай вытворчасьці), безь якіх сьцены і дах страчваюць сваю прывабнасьць для перасяленцаў.

Аўтар наступнага ліста Мікола Чыбісаў з пасёлка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну дакарае дэмакратычных кандыдатаў за тое, што не змаглі дамовіцца наконт адзінага вылучэнца, а таксама за антырасейскую рыторыку. Слухач піша:

"Кандыдаты абвінавачваюць адзін аднаго ў залежнасьці ад Масквы, у сымпатыях да Крамля, у атрыманьні расейскіх грошай. Гэта мне зноў нагадала пра Зянона Пазьняка, які ўсюды бачыў падкопы расейскіх імпэрыялістаў. І нікога ў Беларусі, апроч сябе і свайго БНФ, не лічыў сапраўднымі дэмакратычнымі сіламі.

Расея — эканамічна моцная дзяржава, зь вялізнымі запасамі сыравінных рэсурсаў, з магутным ваенным патэнцыялам. Амаль усе дзяржавы сьвету імкнуцца падтрымліваць зь ёй калі не сяброўскія, дык добрасуседзкія, прыязныя адносіны. А мы, жывучы ў яе пад бокам, спрабуем вынайсьці нейкую новую мадэль адносін. Ня трэба дражніць гэтага мядзьведзя.

І ня трэба паўтараць памылкі Зянона Станіслававіча. У многім менавіта на ім ляжыць адказнасьць за тое, што Беларусь на пачатку 90-х гадоў ня выкарыстала шанец стаць нармальнай дэмакратычнай дзяржавай, скацілася ў яму аўтарытарызму, зь якой ня можа выкараскацца ўжо 16 гадоў.

Цяперашняй уладзе хваліцца няма чым. Яна лічыць сябе пераемніцай камуністычнага рэжыму, пры кожным зручным выпадку гаворыць пра дасягненьні БССР. Але паглядзіце цьвяроза і аб'ектыўна — чаго дасягнула Беларусь за пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі? Пасьля вайны пераможаная Нямеччына была яшчэ ў горшым становішчы, чым Беларусь. Ёй даводзілася выплочваць рэпарацыі, аддаваць Савецкаму Саюзу прамысловае абсталяваньне. І параўнайце, як цяпер жывуць немцы, а як — беларусы. За адну і тую ж працу нямецкі рабочы атрымлівае ў дзесяць разоў болей, чым беларускі. Дык у чым нашы дасягненьні? І як у такім разе ацаніць дзейнасьць тых, хто кіраваў і працягвае кіраваць Беларусьсю?"
.

Пры ўсёй слушнасьці вашых, спадар Мікола, назіраньняў, параўнаньняў і высноў усё ж варта мець на ўвазе і тое, што да сваёй працы нямецкі работнік ставіцца, як правіла, інакш, чым беларускі. І тое асяродзьдзе, у якім жыве, уладкоўвае па-іншаму, і ўладу выбірае іначай, і свае грамадзянскія правы цэніць і адстойвае інакш... Шмат у тым прычын — і гістарычных, і палітычных, і многіх іншых. У кожным разе яны ня зводзяцца толькі да адказнасьці чыноўнікаў ды правадыроў той ці іншай нацыі.

На заканчэньне — ліст ад Алеся Саламона зь Менску — таксама на тэму адсутнасьці адзінства ў дэмакратычным асяродзьдзі. Дакараючы за гэта лідэраў апазыцыі, слухач піша:

"Як вядома, зламаць звычайны бярозавы венік вельмі няпроста. А вось па адным пруточку — лёгка, ніякіх значных намаганьняў ня трэба. Нешта падобнае да разбэрсанага веніка ўяўляюць сабой нашы дэмакратычныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта. Не, кожны зь іх паасобку — чалавек прыстойны, адукаваны, адданы Радзіме адмысловец. Але ж яны разрозьненыя. Таму, калі аб'ектыўна, ніводзін зь іх ня зможа атрымаць перамогу над цынічным рэжымам, які, паводле некаторых зьвестак, ужо вывеў канчатковую лічбу чарговай "элегантнай перамогі".

А чаму яны пасьля збору подпісаў не сабраліся за адным сталом і не дамовіліся шчыра пра тое, хто будзе адзіным кандыдатам? Хто сабраў большую колькасьць подпісаў — таго і варта было прызнаць адзіным.

Быў і яшчэ адзін варыянт. У сваёй прамове па БТ кожны з кандыдатаў мог бы заклікаць сваіх прыхільнікаў галасаваць за адзінага кандыдата апазыцыі. І можна было адразу дамовіцца: калі нехта ўхіліцца ад абраньня адзінага кандыдата і тым самым паспрыяе дыктатуры, або адмовіцца заклікаць сваіх прыхільнікаў галасаваць за адзінага, — той аб'ектыўна становіцца здраднікам інтарэсаў Айчыны, палітычным трупам. І пра такія наступствы кожны з прэтэндэнтаў павінен ведаць. Імёны такіх будуць абнародаваны. І пазьбегнуць публічнай ганьбы ня зможа ніхто"
.

Варта заўважыць: ліст гэты слухач пісаў да таго, як кандыдаты выступалі па тэлебачаньні.

Цяпер мы ўжо ведаем: наконт адзінага кандыдата апазыцыйныя лідэры не дамовіліся. Зрэшты, і прыкметнага жаданьня дамовіцца зь іхнага боку прадэманстравана не было. Пры гэтым не выпадае казаць пра нейкія пакуты сумленьня ці небясьпеку публічнай ганьбы з гэтай нагоды. А вось заклікі выйсьці 19-га сьнежня на плошчу асноўныя дэмакратычныя кандыдаты падтрымалі. І шматразова паўтарылі гэтыя заклікі падчас публічных выступаў па тэлебачаньні і радыё. Ім таксама ўдалося пазьбегнуць узаемнай крытыкі і абвінавачаньняў на адрас адзін аднаго — на што, відавочна, разьлічвала ўлада, рэгіструючы такую вялікую колькасьць кандыдатаў. Так што пра сёе-тое дамовіцца ўсё ж удалося.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG