Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Спадар кандыдат, хачу Вам паскардзіцца..."


Сустрэчы ў Белаазёрску

Сустрэчы ў Белаазёрску

У часе перадвыбарчых паездак па рэгіёнах апазыцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта вядуць ня толькі палітычныя дыскусіі, у тым ліку і з прадстаўнікамі вэртыкалі, але і чуюць шматлікія скаргі ад людзей на парушэньні іхніх правоў, несправядлівасьць уладаў, нізкія заробкі ды высокія цэны. Наш карэспандэнт у розных рэгіёнах Беларусі запісаў некаторыя з такіх скаргаў.




Зьяўленьне апазыцыйных кандыдатаў у гарадах і мястэчках для многіх стала рэдкай магчымасьцю выказаць сваё меркаваньне, паскардзіцца, бо да дзейных уладаў, да Аляксандра Лукашэнкі, большасьці дагрукацца немагчыма. Пра гэта кажа жыхар Івацэвічаў Пётар Паўлавіч, які зьвярнуўся да кандыдата ад БНФ Рыгора Кастусёва:

"Я Лукашэнку хацеў пытаньне задаць, ён да нас прыяжджаў, стаяў тут так, як і вы. То ж не далі! Кажа старшыня выканкаму — ня трэба гэтага. Я ж кажу: дарог няма, ужо колькі часу дзеткі ў школу ходзяць па бездарожжы, а я стары, то так тапчуся. Чаму не насыпаць кілямэтар дарогі там, дзе я жыву? Гадоў дзесяць ужо дарогу ня зробяць".

Сустрэчы Р. Кастусёва на Івацэвіцкім рынку
У 1994 годзе падчас выбарчай кампаніі Аляксандар Лукашэнка абяцаў людзям вярнуць іх абясцэненыя ашчадныя ўклады. Гэтае пытаньне застаецца актуальным і праз 16 гадоў. У прыватнасьці, жыхар Белаазёрску пацікавіўся ў Рыгора Кастусёва:

"Які вы бачыце шлях, каб нам вярнулі нашыя скрадзеныя грошы? Якім чынам?"

Кастусёў: "Так, гэта ў нас у праграме ёсьць. Мне ўчора ў Лагойску задавалі такое ж пытаньне. Давайце зробім так, як зрабілі нашыя суседзі-ўкраінцы. Здаецца, бядней жывуць, але гэтае пытаньне здымаюць. Яны аддаюць маёмасьцю".

Спадарыня: "Нас падманулі. Я пра страхоўкі. Мы страхавалі-страхавалі, а калі ўсё прапала, то нічога не вярнулі. Хто нам што даў? Хоць капейку. Сабе катэджы набудавалі".

Часта людзі абураюцца кантрактнай сыстэмай на заводах і неэфэктыўным кіраўніцтвам на прадпрыемствах:

"Вось, скажам, наш завод. Было раней, што ім зацікавіліся нейкія замежнікі. Але ім не далі. І што сталася? Амаль разваліўся. Як і ДРЭС цяпер".

Паўсюль людзі скардзяцца на нізкія заробкі ды пэнсіі і высокія цэны на асноўныя прадукты харчаваньня:

Спадар: "Абслугоўваньне ў крамах кепскае, прадукты дарагія, мэдыцынскае абслугоўваньне дарагое, лекі".

Пэнсіянэрка: "Куды гэта варта, каб была 8 тысяч грэчка, калі мы яе самі вырошчваем?"

Крытыкуюць выбарцы і беларускую сыстэму адукацыі. Гавораць жыхаркі Бярозы:

Спадарыня: "Якая можа быць праца ў дзіцяці 10—12 гадоў у другую зьмену? У дзьве гадзіны яму трэба паспаць, а яму ісьці на другую зьмену. Ніводзін палітык, ніводзін дэпутат на сэсіях гэтае пытаньне ня ставіць".

Спадарыня:
"У асноўным жа на базе школ фармуюцца выбарчыя камісіі, якія фальшуюць выбары. Мне сорамна, што маіх дзяцей выхоўваюць і вучаць такія настаўнікі".

Выбаршчыкі з Воршы задаюць пытаньні Віталю Рымашэўскаму
У Воршы вернікі грэка-католікі паскардзіліся кандыдату Рымашэўскаму на нерэгістрацыю іхнай рэлігійнай суполкі ўладамі:

"Разумееце, існуе такая схема, такое зачараванае кола: у вас няма храма, таму мы вас не зарэгіструем, а храм вы не атрымаеце, бо вы не зарэгістраваныя".

Зразумела, што апазыцыйныя кандыдаты ня могуць вырашыць усе праблемы людзей, грунтоўна адказаць на ўсе скаргі. Але людзі рады і таму, што іх пачулі. Фрагмэнт дыялёгу кандыдата Рыгора Кастусёва з жыхарамі Белаазёрску:

Спадарыня:
"Уздыхнулася лягчэй. Ад таго нават, што мы вас пабачылі, а як вам гэта ўдалося, то я не магу зразумець".

Спадар: "Добра хоць тое, што праўду пачулі, маленькую, але праўду".

Кастусёў:
"Дзякуй вам вялікі за добрае слова. Прыемна, што вы такая жанчына прыгожая і мне такое добрае слова сказалі".
XS
SM
MD
LG