Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы працягваем сэрыю гутарак з жонкамі і нявестамі кандыдатаў у прэзыдэнты, якія ў прэзыдэнцкай кампаніі дзеляць са сваімі мужчынамі ўсе цяжкасьці выбарчых баталіяў. Ці падзяляеце вы палітычныя погляды вашага мужа? Як вы паставіліся да ягонага рашэньня вылучацца ў кіраўнікі дзяржавы? Якія якасьці вашага мужа дазваляюць яму стаць прэзыдэнтам? На гэтыя ды іншыя пытаньні сёньня адказвае Алеся Емяльянава, нявеста кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Цыганкоў: Давайце пачнем з самых агульных пытаньняў, для знаёмства, бо дасюль мы, як і большасьць палітычна актыўных беларусаў, пра вас нічога ня ведаем. Раскажыце пра сябе — кім працуеце, ваша адукацыя?

Емяльянава:
Я магістрантка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Таксама працую спэцыялістам па ўліку ў кампаніі "Брагінец і партнэры". Выкладаю макраэканоміку ў сваім унівэрсытэце. 22 гады. Нарадзілася ў Расіі, але сям'я пераехала 14 гадоў назад у Беларусь і зараз жыве ў Лагойску.

Цыганкоў: Сям'я вярнулася ў Беларусь?

Емельянава: Мой тата зь Беларусі, ён паехаў працаваць на поўнач, у Якуцк. Там пазнаёміўся з маёй мамай, нарадзілася я. Але пасьля вырашылі пераехаць у Беларусь, таму што бацькі майго таты зь невялікай вёскі каля Хатыні.

Цыганкоў: Як вы пазнаёміліся зь Яраславам, пры якіх абставінах?

Емяльянава: Па-першае, Яраслаў — эканаміст, і я — эканаміст. Тыя мерапрыемствы, якія ладзіць Яраслаў, зацікавілі мяне некалькі гадоў таму назад. І мой навуковы кіраўнік вырашыў накіраваць мяне на адно з такіх мерапрыемстваў — Школу выхаднога дня. І ў красавіку 2008 году я прымала ў ёй удзел, пазнаёмілася зь Яраславам. Пасьля прымала ўдзел у лінгвістычнай школе ў Літве. З гэтага і пачалося нашае знаёмства, працэс пазнаньня адзін аднаго.

Дынько: Ну і як гэты працэс? Пасьпяховы? Шчасьлівы?

Емяльянава: Па-першае, Яраслаў — прафэсіянал у эканамічнай сфэры, якая вельмі цікавая мне. Было вельмі цікава размаўляць асабіста, улічваючы той факт, што мы з адной школы эканамічнай думкі.

Цыганкоў: То бок вы таксама прыхільніца таго лібэралізму, які адстойвае Яраслаў?


Емяльянава: Так.

Дынько: А якая вашая навуковая тэма?

Емяльянава: Як разьвязаць праблемы зьнешняга гандлю для Беларусі ва ўмовах крызісу 2008 году і наступствы крызісу для Беларусі. На маю думку, трэба зрабіць стаўку на разьвіцьцё малога і сярэдняга бізнэсу. Гэта той лякаматыў, які можа выцягнуць нашую эканоміку з крызісу. Гэта датычыць ня толькі зьнешняга гандлю, але і ўнутраных праблемаў эканомікі Беларусі.

Дынько: Цікава было, што сп. Раманчук у сваёй праграме, натуральна, рабіў акцэнт на эканамічную сфэру, але ёсьць жа і іншыя сфэры — сацыяльная, культурная, на якія і іншыя кандыдаты зьвяртаюць мала ўвагі. Што вы думаеце наконт гэтага?

Емяльянава: У сваёй праграме Раманчук не адвярнуўся ад тых слаёў насельніцтва, на якія мы вымушаныя зьвяртаць увагу — ня толькі ва ўмовах крызісу, але і ў штодзённым жыцьці. Што тычыцца сацыяльнай сфэры, пра якую пісаў Раманчук у сваёй праграме, у нас абсалютна аднолькавыя погляды. Ён прапануе дапамагаць жанчынам, дапамагаць дзецям, дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасьцямі. Чаму не?

Цыганкоў: Тое, што Яраслаў зьбіраецца ісьці ў прэзыдэнты, напэўна, унутры партыі было вядома, але сакрэт вельмі доўга захоўвалі. А калі вы даведаліся, што ён зьбіраецца ісьці ў прэзыдэнты?


Емяльянава: Ён публічна абвясьціў пра сваё жаданьне быць кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у маі гэтага году. А я даведалася пра гэта ў лютым-сакавіку. Тады, калі мы зь ім размаўлялі пра тое, што выбары прэзыдэнта ў нашай краіне не за гарамі, якая будзе сытуацыя, як яна будзе адрозьнівацца ад сытуацыі 2006 году, якія сцэнары могуць быць.


Цыганкоў: І якая была вашая рэакцыя? Бо ёсьць жа стэрэатыпы, і нават некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты ў сваіх інтэрвію прызнаваліся, што іхныя жанчыны кажуць: "Ой, навошта табе гэта, гэта страшна і можа нечым кепскім скончыцца".

Емяльянава:
Гэта было яго рашэньне, якое я паважаю. Я адзначыла для сябе, што гэта чалавек, які не баіцца браць на сябе адказнасьць за свае дзеяньні. Ён прапаноўвае шлях для разьвіцьця ўсёй краіны і нясе адказнасьць за гэта. Таму я ўпэўненая на ўсе сто адсоткаў, што гэтае рашэньне мае права на існаваньне.

Дынько: Ён прыняў рашэньне і паведаміў вам — ці ўсё ж такі гэта было рашэньне, прынятае ў размовах з вамі?


Емяльянава: Я лічу, што гэта рашэньне, якое прымалася без майго ўдзелу. У размовах зь сябрамі, з калегамі, зь людзьмі, якія дапамагаюць яму на сёньняшні момант. Я выступаю зь іншага боку, дапамагаю, чым магу. Своеасаблівы дарадца.

Дынько: І што гэта за дапамога?

Емяльянава: Гэта вельмі цяжка. Раніцай выяжджаць з дому — прыяжджаць ноччу. Без магчымасьці нармальна харчавацца, весьці нармальны лад жыцьця. Прыгатаваць есьці; спытаць, як прайшоў дзень; якія пытаньні задаваліся, якія былі адказы; ці было цяжка, ці было лёгка; што спадабалася, што не спадабалася; які гарнітур надзець, як завязаць гальштук…

Дынько: А той гарнітур, у якім на тэлебачаньні Яраслаў выступаў падчас свайго першага тэлевыступу, хто выбіраў?


Емяльянава: Я не прымала ўдзелу ў выбары гэтага гарнітура.

Цыганкоў: На вашу думку, якія якасьці Яраслава дазваляюць яму быць хай не прэзыдэнтам, але адназначна лідэрам?


Емяльянава: Прафэсіяналізм, упэўненасьць, адказнасьць за тыя рашэньні, якія ён прымае, ініцыятыўнасьць і мэтанакіраванасьць.

Цыганкоў: З таго, што я ведаю пра Яраслава, — а мы сапраўды знаёмыя з ім даволі даўно, — ён даволі эмацыйны чалавек. Вельмі энэргічны, пазытыўны. Полымя! Але ёсьць такія меркаваньні, што часам для шчасьлівага жыцьця людзі павінны мець розныя тэмпэрамэнты — "лёд і полымя", так скажам. Што вы пра гэта думаеце?

Емяльянава: Няма ніякіх праблемаў. У нас аднолькавыя тэмпэрамэнты, але мы разьвіваемся ў двух розных кірунках. Я не магу сказаць, што я астуджваю гэтую эмацыйнасьць Яраслава, не. Наадварот, мне гэта падабаецца, таму што гэта чалавек, які адстойвае свае ідэі. А без такой эмацыйнасьці гэта было б немагчыма. Таму мне гэта падабаецца і не зьяўляецца для мяне ніякай праблемай. Супэр! Нельга гаварыць, што ён эмацыйны і таму эмоцыі яго захлынаюць і ім кіруюць. Не! Яраслаў — чалавек, які нясе адказнасьць за свае дзеяньні.


Дынько: Усіх вельмі зьдзівіла, што партыя паставіла перад Яраславам задачу — ажаніцца, і ён вельмі рацыянальна вырашыў, што "так", жанюся. Як вы ставіцеся да меркаваньня, што чалавек, які займае высокую пасаду, абавязкова мусіць быць жанаты?


Емяльянава:
Партыя не давала Яраславу ніякага загаду ажаніцца. Супалі падзеі ў нашым жыцьці і ў жыцьці нашай краіны. Нашае рашэньне ажаніцца прымалася за некалькі месяцаў да таго, таму не магу сказаць, што партыя давала такі загад.

Наконт таго, ці павінен прэзыдэнт нашай краіны мець сям'ю, быць жанаты, выступаць заўсёды з жонкай, — я лічу, што не. Прэзыдэнт краіны — гэта чалавек, які павінен быць прафэсіяналам, ня толькі ў эканоміцы, але і палітычны патэнцыял павінен быць. Сям'я, дзеці, жонка — гэта стэрэатыпы ці парамэтры стэрэатыпаў, якія звыклі бачыць беларусы. Яраслаў у нейкім сэнсе не падпадае пад іх. Але гэта ўсё ж такі стэрэатыпы, таму іх можна мяняць. І я лічу, што прэзыдэнту зусім не абавязкова мець сям'ю ці жонку.

Дынько: А вось як вашыя бацькі ўспрынялі вашае рашэньне выйсьці замуж? Ці яны хацелі сапраўды, каб вы ў 22 гады выходзілі замуж, ці яны чакалі, што будзе нешта іншае?

Емяльянава: Я заўсёды была такім дзіцём, якое прыходзіла да сваіх бацькоў і казала: я зраблю так, таму што… І называла заўсёды некалькі аргумэнтаў, зь якімі бацькі ніяк не маглі спрачацца. Таму зараз, калі прыйшла і сказала, што ў мяне рамантычныя стасункі з чалавекам, старэйшым за мяне, было некалькі аргумэнтаў. Гэта ня проста чалавек, які проста працуе, жыве і атрымлівае асалоду ад жыцьця. Не! Гэта чалавек, якога можна паважаць за тое, што ён робіць кожны дзень, за тое, што ён гаворыць, як ён дапамагае іншым людзям. Я не магу сказаць, што было вельмі цяжка — мае бацькі разумелі, што іх дачка будзе жыць з чалавекам, зь якім ня будзе ніякіх праблемаў ніколі, таму што ён і прафэсіянал, і добры чалавек, і адказны, і шмат іншых пазытыўных характарыстык.

Дынько: А як яны паставіліся да таго, што ён ня проста добры і адказны, а кандыдат у прэзыдэнты?


Емяльянава: Гэта была наступная зьвестка пасьля таго, як мы паведамілі, што маем рамантычныя стасункі. Ніякіх праблемаў не было, наадварот, бацькі ўважліва сачылі за ўсімі выступамі, слухалі ўсіх кандыдатаў, тэлефанавалі, давалі нейкія парады.

Цыганкоў: Калі працягваць гэтую асабістую далікатную тэму, то прэзыдэнцкая кампанія ў пэўным сэнсе разбурыла вашыя пляны?

Емяльянава: Рашэньне прымалася сапраўды некалькі месяцаў таму, але здарыліся трагічныя падзеі ў жыцьці Яраслава — у яго памёр бацька, таму мы вырашылі адкласьці нашае вясельле на год.

Цыганкоў: Вы гатовыя да таго, што незалежна ад вынікаў выбараў -- побач з такім чалавекам, як Яраслаў, вам так ці інакш давядзецца рабіцца публічнай асобай?

Емяльянава: Я не лічу, што мне давядзецца рабіцца публічнай пэрсонай. Калі двое людзей кахаюць адно аднаго, жывуць разам, сур'ёзна ставяцца да адносінаў, інвэстуюць кожны дзень у свае адносіны, — публічнасьць, палітычная актыўнасьць ня будзе праблемай ніколі.

Дынько: Калі ўявіць сабе, што Яраслаў займае нейкі высокі пост. Вы робіце ўражаньне вельмі амбітнага і вельмі мэтанакіраванага чалавека. Ці вы здаяце сабе справу, што, маючы мужа прэзыдэнта, наўрад ці зможаце самі займаць высокую пасаду?

Емяльянава: Высокую пасаду можна займаць у прыватнай кампаніі ці ў дзяржаўнай кампаніі. Мы разьвіваемся ў двух розных кірунках, таму палітычная актыўнасьць Яраслава і высокія пасады ва ўладзе Беларусі ніякім чынам не зьвязаныя з маімі посьпехамі ў прафэсійным жыцьці.

Дынько: А як вы бачыце сваю далейшую кар'еру? Напэўна, яна ў вас ужо прамаляваная?


Емяльянава: Мне вельмі падабаецца выкладаць, і выкладаць менавіта эканоміку ў сваім унівэрсытэце. Калі ты заўважаеш, што маеш магчымасьць уплываць на думку студэнтаў, калі ты разумееш, што ты дапамагаеш, адказваючы на розныя пытаньні, — гэта супэр! У гэтым мы аднолькавыя зь Яраславам. Што тычыцца прафэсійнага жыцьця як спэцыяліста з уліку, фінансавага мэнэджмэнту, то я буду разьвівацца менавіта ў гэтым кірунку, а выкладаньне застанецца як хобі.

Цыганкоў: Сярод усіх кандыдатаў Яраслаў, бадай, даваў найбольш шчырыя інтэрвію, у тым ліку і пра сваё асабістае жыцьцё. Як вы да гэтага ставіцеся — і ўвогуле ставіцеся да таго, што ягоная гісторыя асабістага жыцьця досыць вялікая?

Емяльянава:
На мінулае мы ня можам уплываць, мінулае мы ня можам зьмяніць — ёсьць жаданьне гэта зрабіць ці не. Я лічу, што ня трэба на мінулае маё ці мінулае Яраслава зьвяртаць увагу, а канцэнтравацца на цяперашнім і глядзець у будучыню. Тады ня будзе ніякіх праблемаў.

Цыганкоў: Ведаючы Яраслава і ацэньваючы палітычную сытуацыю, магчымасьць таго, што ён цяпер яшчэ ня стане прэзыдэнтам…


Емяльянава: Хто сказаў? Ніхто ня ведае, што будзе!

Цыганкоў: Ну, магчымасьць такая існуе, скажам так. Калі ён ня выйграе гэтыя выбары, -- ці будзе ён далей вылучацца ў прэзыдэнты?

Емяльянава:
Так! Брэнд лідэра, брэнд партыі, намножаны палітычны патэнцыял, праграма, якая ёсьць толькі ў Яраслава на сёньняшні момант.. Думаю, так!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG