Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'еры Расеі і Беларусі правялі рабочую сустрэчу


Уладзімер Пуцін і Сяргей Сідорскі

Уладзімер Пуцін і Сяргей Сідорскі

Уладзімер Пуцін і Сяргей Сідорскі правялі 8 сьнежня ў Маскве працоўную сустрэчу, каб узгадніць пазыцыі наконт агульнай эканамічнай прасторы.

Пра гэта паведаміў журналістам прэс-сакратар кіраўніка расейскага ўраду Дзьмітрый Пяскоў.

Увечары 7 сьнежня Пуцін правёў тэлефонную размову зь Сяргеем Сідорскім.

У прэс-службе беларускага ўраду паведамілі, што візыт Сідорскага ў Маскву плянаваўся на адзін дзень.

Уладзімер Пуцін у Пецярбургу 19 лістапада падчас пасяджэньня кіраўнікоў урадаў краін Мытнага саюзу выказаў упэўненасьць, што Масква, Менск і Астана патрапяць узгадніць дакумэнты па адзінай эканамічнай прасторы да сустрэчы прэзыдэнтаў трох краін, якая мае адбыцца 9 сьнежня.

Паводле расейскага прэм’ера, ужо 15 кастрычніка былі знойдзены разьвязкі па самых складаных пытаньнях, якія тычацца энэргетыкі і чыгуначнага транспарту. У выніку цяпер падпісваецца частка дакумэнтаў зь вялікага пакету. Яшчэ шэраг дакумэнтаў амаль цалкам гатовыя, і іх падпісаньне можа быць прымеркавана да саміту прэзыдэнтаў «тройкі » 9 сьнежня.

«Упэўнены, мы маглі б завяршыць працу над усім пакетам АЭП менавіта да гэтай даты. Са свайго боку настроены менавіта на такую працу», – сказаў Пуцін.

Падчас прэс-канфэрэнцыі Ўладзімер Пуцін заявіў, што мыта на сырую нафту можа быць адмененае, але пры ратыфікацыі, а не падпісаньні ўсяго пакета дакумэнтаў аб стварэньні АЭП.
Андрэй Суздальцаў

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў адзначае: Расея стымулюе Лукашэнку хутчэй падпісаць гэтыя дакумэнты, цудоўна разумеючы, што ён выконваць іх ня будзе.

«Беларускі бок сьпяшаецца падпісаць дакумэнты па АЭП. Ён разьлічвае, што падпісаўшы іх і хутчэй ратыфікаваўшы, застрахуе прызнаньне вынікаў галасаваньня 19 сьнежня, прэзыдэнцкіх выбараў. Расея будзе вымушана гэтыя выбары прызнаць, бо прэзыдэнт, які перамог на іх, будзе гарантаваць выкананьне гэтых пагадненьняў. Расея стымулюе Лукашэнку хутчэй падпісаць гэтыя дакумэнты, цудоўна разумеючы, што ён выконваць іх ня будзе», -- кажа Суздальцаў.

Пры канцы лістападу ў штогадовым пасланьні да Фэдэральнага сходу прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў сярод краінаў, зь якімі "ёсьць вялікі патэнцыял у нарошчваньні інавацыйнага складніка супрацоўніцтва", назваў Украіну і Казахстан, не ўзгадаўшы пра Беларусь.

7 сьнежня Дзьмітры Мядзьведзеў унёс яснасьць у пытаньне супольнага ўступленьня ў УГА, заявіўшы, што Расея, Беларусь і Казахстан будуць уступаць ва Ўсесаюзную гандлёвую арганізацыю “паасобку, але застаючыся ў Мытным зьвязе”. “Нарэшце ўсе павінны зразумець: гэта цалкам нармальная сытуацыя. Саюзаў можа быць шмат, а УГА ў нас адна,” – сказаў Мядзьведзеў на прэсавай канфэрэнцыі з нагоды завяршэньня саміту Расея – Эўразьвяз.
XS
SM
MD
LG