Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дылема для «Bosch»: Беларусь ці Мытны саюз?


Міжнародны капітал пачуў сыгналы Беларусі аб лібэралізацыі, але не сьпяшаецца ўкладаць у нашую нацыянальную эканоміку. Нямецкая кампанія «Bosch» — адна зь першых замежных камэрцыйных структураў, якія прыйшлі на беларускі рынак напачатку 1990-х. За 20 гадоў абароты хоць і вырасьлі ў геамэтрычнай прагрэсіі, аднак ніяк не дацягваюць да засвоеных сумаў у іншых краінах.

Гадавы абарот кампаніі «Bosch» — у сярэднім больш за 40 мільярдаў эўра. Па выніках дакрызіснага 2007 году лічба складала 46 мільярдаў эўра, за мінулы год — 38 мільярдаў. На долю Беларусі ў гэтым грашовым моры прыпадае літаральна кропля. Па выніках 2009 году — 28 мільёнаў эўра. Зь іх 10 мільёнаў — пастаўкі камплектуючых на канвэер Менскага маторнага заводу.

У сярэдзіне лістапада ў Франкфурце-на-Майне прайшоў ІІІ Беларускі інвэстыцыйны форум, на якім беларускі бок намагаўся спадабацца патэнцыйным інвэстарам. Удзельнік таго форуму — рэгіянальны дырэктар у продажах кампаніі «Bosch» Вальтэр Шэпф:

Вальтэр Шэпф
«Форум быў падтрыманы многімі нямецкімі фірмамі, сабралася блізу 600 удзельнікаў. Сам па сабе гэты факт сьведчыць, што патэнцыйна вельмі высокі інтарэс з боку Нямеччыны да Беларусі, бо пасьля таго, як мінуў эканамічны крызіс, усё ўступае ў нармальную каляіну, і гэта цалкам лягічная зьява. Але я не зусім магу зразумець, чаму Беларусь дагэтуль яшчэ не ўцягнутая, не інтэграваная ў гэтую сыстэму. Значыць, нешта ўсё ж замінае. Таму агульная палітыка нашага прадпрыемства — менавіта спроба збалянсаваць рынкі. Перадусім дзеля таго, каб і вам, і нам зьберагчы сябе ад разнастайных рызыкаў».

Стаўка нямецкай кампаніі ў Беларусі робіцца на супрацоўніцтва зь Менскім маторным заводам, што мае амбітныя пляны «заслупаваць» рынак рухавікоў, якія адпавядаюць стандарту «Эўра-4». Як кажа спадар Шэпф, дзякуючы прынцыпам, дэкляраваным у рамках Мытнага саюзу, тэарэтычна такі прарыў рэальны. Аднак наўрад ці будзе шмат толку, калі асноўная частка камплектуючых будзе не вырабляцца на месцы, а па-ранейшаму завозіцца зь іншых краінаў:

«Стварэньне Мытнага саюзу дазволіць нам лепш працаваць на беларускім рынку, прынамсі, зь меншымі стратамі, і такім чынам зрабіўшы нашы паслугі больш таннымі. Але, прыкладам, у галіне аўтамабільнага бізнэсу пакуль наша прадпрыемства абмяжоўвае прысутнасьць сыстэмамі ўпырскваньняў для Менскага маторнага заводу. Мы туды пастаўляем апаратуру для правядзеньня праверак, тэстаў, каб даваць на выхадзе рухавікі „Эўра-3“ і „Эўра-4“. Але справа ў тым, што кампанэнты, якія мы пастаўляем, пакуль не вырабляюцца на тэрыторыі краінаў Мытнага зьвязу і пастаўляюцца звонку. Таму, на жаль, мы пакуль ня можам скарыстацца тымі перавагамі, якія дае Мытны саюз. Аднак мы сыходзім з таго, што ў бліжэйшыя гады неабходнасьць такіх сыстэмаў у рэгіёне будзе павялічвацца, і справа дойдзе да іх вытворчасьці на месцы. Але для таго, каб зрабіць іх выраб больш эканамічна выгадным, трэба, каб быў попыт на 300 тысяч інжэктараў».

Бліжэйшым часам кампанія маецца абвясьціць тэндэр на пабудову такога заводу, і галоўнае пытаньне — каму пацякуць інвэстыцыі — вырашыцца ў чэснай барацьбе. Пра шанцы Беларусі нямецкія прадстаўнікі дыпляматычна маўчаць.

Між тым, паводле аднаго з кіраўнікоў «Bosch» Вальтэра Шэпфа, стараньні сур’ёзнай кампаніі толькі тады маюць сэнс, калі рэалізуецца ідэя паўнавартаснай вытворчасьці. У выпадку зь Беларусьсю такія пэрспэктывы пакуль неакрэсьленыя. Прыкладам, можна было наладзіць выпуск лядоўняў «Bosch», якія мелі б прагназавана высокі попыт прынамсі ў межах Мытнага саюзу. Аднак як на гэта паглядзіць беларускае кіраўніцтва, якое перадусім заклапочанае абаронай свайго вытворцы — менскага «Атланту»?

Уладзімер Рыбалоўлеў
Што застаецца бясспрэчным, дык гэта ўзровень падрыхтоўкі беларускіх спэцыялістаў. Як расказаў кіраўнік беларускага прадстаўніцтва кампаніі «Bosch» Уладзімер Рыбалоўлеў, ня так даўно Менск наведалі прадстаўнікі структурнага падразьдзяленьня кампаніі, якая займаецца сыстэмамі бясьпекі:

«Яны сустракаліся з кіраўніцтвам нашай палітэхнічнай акадэміі, дзе выявілі вялікі інтарэс да падрыхтоўкі спэцыялістаў у галіне сыстэмаў бясьпекі. Справа ў тым, што гэтае ВНУ — рэдкая навучальная ўстанова, якая рыхтуе спэцыялістаў менавіта ў гэтай галіне. Падчас перамоваў разглядалася пытаньне падрыхтоўкі спэцыялістаў, праходжаньня стажыроўкі на прадпрыемствах сыстэмаў бясьпекі „Bosch“. Адно з патрабаваньняў для такіх студэнтаў — свабоднае валоданьне мовамі, каб яны маглі камфортна стажыравацца і, верагодна, далей працаваць на прадпрыемствах у сыстэме „Bosch“. Бо калі сапраўды добры спэцыяліст, то ягоная будучыня шмат у чым будзе залежаць ад працадаўца».

Дарэчы, «бошаўскімі» сыстэмамі бясьпекі ахутаныя Нацыянальная бібліятэка, жодзінскі БелАЗ, менскі чыгуначны вакзал, мытны пераход «Казловічы» ды іншыя. Бізнэсоўцы спадзяюцца, што да хакейнага чэмпіянату сьвету-2014, які прыме Беларусь, гэты сьпіс істотна пашырыцца.
XS
SM
MD
LG