Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія мужчыны, прынамсі беларускія, саромеюцца ня толькі гаварыць, але і думаць пра гэтую хваробу. Размова ідзе пра рак прастаты, адну з галоўных прычынаў сьмерці мужчын пасьля 50 гадоў.

Згодна зь беларускай статыстыкай, рак прастаты займае першае ў краіне месца паводле тэмпаў росту колькасьці захварэлых на яго сярод усіх выпадкаў злаякасных новаўтварэньняў. Толькі за мінулы год колькасьць хворых на гэтую паталёгію, паводле афіцыйных зьвестак, павялічылася ўдвая.

Ня больш за 10% мужчын зьвяртаюцца да лекараў своечасова

Як сьведчаць вядучыя беларускія адмыслоўцы ў галіне анкалягічнай уралёгіі, толькі 10% мужчын зьвяртаюцца да іх своечасова, на, так бы мовіць,
Рак прастаты — адна з галоўных прычын сьмерці мужчын пасьля 50 гадоў.
дабраякаснай стадыі разьвіцьця хваробы. Пераважная ж большасьць прыходзіць да лекара ўжо з запушчанай формай раку.

На пытаньне, як дапамагчы беларускім мужчынам зьмяніць стаўленьне да праблемы, нярэдка гучыць адказ: патрэбна публічная асоба, якая мае гэтую хваробу і на сваім прыкладзе пакажа, як зь ёю змагацца і жыць. Уявіць сабе такую сытуацыю ў Беларусі цяжка. Можна згадаць хіба што адно выключэньне, і то сярод "слабога полу", — гэта Ірына, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Цягам многіх гадоў яна змагалася з ракам малочнай залозы. Дынаміку разьвіцьця гэтай хваробы ў Беларусі і ў сьвеце можна параўнаць з дынамікай разьвіцьця раку прастаты, хаця рак малочнай залозы працякае нашмат хутчэй і значна больш агрэсіўна. Сваім прыкладам Ірына Казуліна прадэманстравала, што ні ў якай сытуацыі ня трэба падаць духам.

Як сьведчаць ўролягі-анколягі, няпраўда, што беларускія публічныя асобы мужчынскага полу не хварэюць. Але адрозна ад жанчын, яны маюць нашмат больш комплексаў: маўляў, прызнаўшы наяўнасьць у сябе такой хваробы, яны страцяць свой вобраз сілы і мужнасьці. Сёй-той нават гатовы хутчэй

Прыкладам сілы духу для хворых беларускіх мужчын можа быць Ірына Казуліна.
памерці, чым ісьці лячыцца, кажуць лекары.

У гэтым сэнсе прыкладам для публічных асобаў Беларусі мог бы стаць Эхуд Ольмэрт, кіраўнік ураду Ізраілю. Два гады таму 62-гадовы палітык вырашыў паведаміць суграмадзянам, што мае рак прастаты — хваробу, пра якую ў грамадзтве з артадаксальнай культурай не прынята гаварыць уголас. Тады ў размове з журналістамі Ольмэрт адзначыў: хоць паводле законаў сваёй краіны ён і не абавязаны быў гэтага рабіць, аднак усё ж прыняў рашэньне праінфармаваць суайчыньнікаў пра сваё захворваньне і, больш за тое, надалей паведамляць, як ідзе барацьба зь ім.

Ізраільскія лекары: пасьля Ольмэрта багата мужчын згадалі пра перанесеныя імі мочапалавыя інфэкцыі

Ізраільскі прэм’ер Эхуд Ольмэрт патлумачыў сваё сьмелае рашэньне тым, што падобную праблему маюць і многія іншыя яго суайчыньнікі, якія, аднак, саромеюцца ісьці да лекара. Ён заклікаў гэтых людзей не губляць надзеі, прайсьці мэдычны агляд і даверыцца кваліфікаваным лекарам, а не шаманам.

Учынак ізраільскага дзяржаўнага дзеяча неўзабаве быў ацэнены і сацыёлягамі, і мэдыкамі. Рэйтынг Ольмэрта як палітыка хутка ўзрос. Пашырыўся і мэдычны маніторынг мужчынскай паловы насельніцтва. Пасьля публічнай заявы прэм’ера на прафіляктычнае абсьледаваньне да адмыслоўцаў накіравалася багата мужчын найбольш крытычнага для гэтага захворваньня ўзросту.

Як сьведчаць адмыслоўцы з анкалягічнага цэнтру "Тэль-Хашамэр", дзякуючы Ольмэрту шмат хто з мужчын згадаў пра перанесеныя раней інфэкцыі мочапалавых шляхоў. Нават у самага сьвядомага мужчыны за ўсё жыцьцё іх набіраецца нямала. Шмат хто ўпершыню загаварыў зь лекарам аб праблемах, якія раней, да выпадку з Ольмэртам, ніколі ня стаў бы абмяркоўваць.

Лойд Уэбэр заклікае мужчын не саромецца

Паводле адмыслоўцаў, падступнасьць раку прастаты — у тым, што ён разьвіваецца павольна, працякае ў схаванай, хранічнай форме. Трывожна, што апошнім часам хвароба істотна памаладзела. У шмат якіх заходніх краінах падчас дасьледаваньня тканак залозы клеткі злаякаснай пухліны знаходзяць у 6-8% маладых людзей ва ўзросьце ад 20 да 30 гадоў. Згодна з дадзенымі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, штогод такую пухліну знаходзяць у 220 тысяч мужчын у ЗША і ў 100 тысяч мужчын у краінах ЭЗ.

Сярод краінаў Эўразьвязу найбольшая колькасьць хворых на рак прастаты прыпадае на Вялікабрытанію — 35 тысяч чалавек у год. Прыкладна кожны трэці зь іх памірае.

Нядаўна пра сваю хваробу і змаганьне зь ёю расказаў сваім прыхільнікам адзін з самых папулярных у сьвеце брытанцаў — кампазытар Эндру Лойд Уэбэр. Ён заклікаў усіх мужчын як мага хутчэй зьвяртацца да лекара, калі ў іх узьнікаюць "праблемы там, унізе, — як бы вы ні саромеліся". Уэбэр паведаміў, што пасьля апэрацыі і хіміятэрапіі яму цяпер давядзецца праходзіць рэгулярныя абсьледаваньні, але, тым ня менш, ён цяпер адчувае "велізарную палёгку". Самае ж галоўнае, кажа кампазытар, — тое, што ён жывы...

Публічныя асобы з постсавецкіх краін аддаюць перавагу нямецкім ды швайцарскім цэнтрам

Што тычыцца постсавецкіх краін, дык тут таксама назіраецца трывожная тэндэнцыя няўхільнага зьніжэньня сярэдняга ўзросту мужчын, у якіх знаходзяць хранічныя захворваньні прастаты. Праз забабоны шмат хто дацягвае да такога моманту, калі пазбавіцца ад захворваньня магчыма толькі хірургічным шляхам.

Калі казаць пра публічных асобаў мужчынскага полу ў гэтых краінах, то яны,


Уролягі бэрлінскай клінікі Charité апошнім часам усё часьцей апэруюць высокіх чыноўнікаў з Закаўказьзя.
як правіла, трымаюць свае хваробы ў сакрэце. І толькі праз заходнія ці незалежныя СМІ можна даведацца, што іх змаганьне з хваробай праходзіць пераважна ў адмысловых клініках Нямеччыны ці Швайцарыі.

Вядома, напрыклад, што анколягі-ўролягі бэрлінскай клінікі Charité апошнім часам усё часьцей апэруюць высокіх чыноўнікаў з Закаўказьзя.

Таксама ў Нямеччыне летась лячыўся ад "несаромнай хваробы мужчын пасьля 50" колішні прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў. Як пісалі незалежныя кіргіскія СМІ, факт наяўнасьці цяжкіх хваробаў у прэзыдэнта пацьвердзіла Роза Атунбаева, тады яшчэ апазыцыйны палітык. Аднак найбліжэйшае атачэньне Бакіева адразу пасьля вяртаньня яго зь Нямеччыны абвергла гэтыя паведамленьні і назвала іх плёткамі. Пытаньні журналістаў адносна таго, "колькі дзяржаўных грошай прэзыдэнт выдаткаваў на ўласнае лячэньне", былі названыя інсынуацыямі.

Сёлета ўвесну брусэльскае выданьне EUobserver.com са спасылкай на адказнага дыплямата ў ЭЗ пісала, што ў адной са спэцыялізаваных швайцарскіх клінік апэрацыю на прастаце рабілі беларускаму прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку. У тым жа артыкуле былі прыведзеныя і словы высокага беларускага дыплямата, які назваў падобныя сьцьвярджэньні "плёткамі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG