Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбары ў Беларусі будуць асьвятляць больш за 400 замежных журналістаў


Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць асьвятляць больш за 400 замежных журналістаў з розных краін сьвету. У Міністэрстве замежных спраў і Цэнтравыбаркаме паведамляюць, што для працы замежных і айчынных СМІ створаныя ўмовы максымальнага спрыяньня. Незалежныя беларускія журналісты заяўляюць, што ніякіх зьменаў у працы мэдыяў не адбылося.

Журналіст польскай Інфармацыйнай агенцыі радыё Ўладзімер Пац прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі асьвятляе чацьвёрты раз — ад моманту іх першага правядзеньня. Сёлета, як і ў папярэднія гады, ніякіх перашкодаў у акрэдытацыі і працы падчас выбарчай кампаніі не было, кажа Ўладзімер Пац:

«Бярэш візу, прыяжджаеш, ідзеш у МЗС і атрымоўваеш акрэдытацыю. Гэтаксама і Цэнтравыбаркам: за гадзіну да паседжаньня тэлефануеш і запісваесься. Усе гэтыя ўмовы вытрымліваюцца. Я ня ведаю, як там будзе арганізаваная праца на выбарчых участках, але як я бачыў на папярэдніх выбарах, то ідзеш на ўчастак, просіш старшыню камісіі, што ты хочаш, і тут, у Менску, я ня бачыў ніякіх праблем».

Бярэш візу, прыяжджаеш, ідзеш у МЗС і атрымоўваеш акрэдытацыю.
У Міністэрстве замежных спраў ужо акрэдытавана больш за 400 журналістаў, і заяўкі працягваюць паступаць. Друкаваныя, электронныя, сеткавыя мэдыі будуць прэзэнтаваць Расею, эўрапейскія краіны, а таксама ЗША, Канаду, Кітай і многія іншыя краіны сьвету. Адмовы ў акрэдытацыі не было нікому, кажа прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

«Практычна ўсе, хто падаваў заяўкі, былі акрэдытаваныя. Мы зацікаўленыя ў тым, каб прэзыдэнцкая кампанія прайшла максымальна адкрыта для міжнароднай супольнасьці. І мы мяркуем, што СМІ могуць мець у гэтай справе пазытыўную ролю. Таму, не зважаючы на тое, што мы працуем зь перагрузкай, стараемся разгледзець усе звароты за самы кароткі тэрмін».

Паводле Андрэя Савіных, ніякіх абмежаваньняў у перасоўваньні па тэрыторыі краіны замежныя журналісты ў Беларусі таксама ня маюць. Спрыяльнымі ўмовы працы застаюцца і з боку Цэнтральнай выбарчай камісіі, паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік:

«У адрозьненьне ад парадку, які ўсталяваны ў шмат якіх іншых замежных краінах, для замежных журналістаў не патрабуецца акрэдытацыя пры Цэнтравыбаркаме. Маючы акрэдытацыю МЗС, усе прадстаўнікі замежных СМІ маюць права асьвятляць падрыхтоўку і правядзеньне выбараў як на выбарчых участках, так і ў выбарчых камісіях».

Аднак умовы працы застаюцца роўнымі не для ўсіх замежных журналістаў у Беларусі. Да прыкладу, вось што паведаміў кіраўнік беларуска-польскага Радыё Рацыя Яўген Вапа:
Шмат гаварылася пра тое, што нібыта нейкая лібэралізацыя ішла ў бок журналістаў, але ніякай лібэралізацыі адносна беларускага Радыё Рацыя я не назіраю.

«Ніводзін журналіст Радыё Рацыя ад пачатку аднаўленьня працы ў 2006 годзе ня быў акрэдытаваны, не зважаючы на нашыя шматлікія заявы і просьбы да МЗС. Вядома, што ў час выбарчай кампаніі гэтыя складанасьці ўзмацняюцца, што мы бачым і ў папярэджаньнях да нашых журналістаў, і ў пракурорскіх паведамленьнях. Шмат гаварылася пра тое, што нібыта нейкая лібэралізацыя ішла ў бок журналістаў, але ніякай лібэралізацыі адносна беларускага Радыё Рацыя я не назіраю».

Пра тое, што істотных зьменаў у справе дзейнасьці незалежных беларускіх і замежных мэдыяў у Беларусі падчас выбарчай кампаніі не адбылося, таксама кажа намесьнік старшыні грамадзкай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Аляксандар Старыкевіч:

«Калі была заўважаная пэўная дробная лібэралізацыя падчас збору подпісаў і іншых працэсаў, то СМІ яна практычна не закранула. Па-ранейшаму не акрэдытаваныя ў Беларусі карэспандэнты кампаніі „Белсат“, Радыё Рацыя, не працягнутая акрэдытацыя Андрэю Пачобуту, таму ня ўсё гэтак цудоўна. А самае галоўнае мы яшчэ пабачым, бо найбольш канфліктныя — дні галасаваньня і першыя дні пасьля выбараў».
XS
SM
MD
LG