Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт пэрспэктывы беларуска-расейскіх адносінаў, якія прагучалі падчас яго выступу на ўсебеларускім сходзе, не засталіся па-за ўвагай расейскіх і заходніх экспэртаў. Ацэнкі некаторых зь іх сабраў Юры Дракахруст.

Мікалай Пятроў, экспэрт маскоўскага цэнтру Карнэгі.

Пятроў: Я думаю, што выказваньні Лукашэнкі на адрас Расеі ідуць у рэчышчы пагаршэньня беларуска-расейскіх адносінаў за апошнія месяцы. Учора мы ўбачылі новы балянс, які знайшоў Лукашэнка паміж зьнешнімі сіламі, такімі як ЭЗ, ЗША і Расея, дзе Расея выглядае горш, чым два іншыя цэнтры ўплыву.

Мне здаецца, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, а іх вынік зразумелы, так ці інакш беларускаму і расейскаму кіраўніцтву давядзецца нармалізаваць стасункі і неяк залагодзіць тыя праблемы, якія ўзьніклі, у тым ліку і з прычыны рэзкіх асабовых выпадаў абодвух бакоў на адрас партнэра. Мне здаецца, што альтэрнатывы гэтаму няма. Іншая справа, што Лукашэнка, як вельмі спрактыкаваны і дасьведчаны палітык, кожны раз знаходзіць правільны балянс сілаў для Беларусі, для захаваньня эканамічнай дапамогі сваёй краіне.

У гэтым раўнаньні адносінам Беларусі з Эўразьвязам надаецца падвышанае значэньне.

Дракахруст: Вы мяркуеце, што беларуска-расейскія адносіны могуць вярнуцца на ранейшы ўзровень? Ці расейская палітыка скарачэньня датацыяў і прэфэрэнцыяў будзе працягвацца?

Пятроў: Калі мы кажам пра вяртаньне на ранейшы ўзровень, трэба разумець, што існуе супярэчнасьць паміж фармальным статусам адносінаў, якія зьвязваюць Беларусь і Расею ў саюзную дзяржаву, і тымі рэаліямі, якія мы маем апошнім часам.

Я лічу непазьбежным больш прагматычны і менш эмацыйны падыход да стасункаў Расеі і Беларусі адразу пасьля абраньня Лукашэнкі на новы тэрмін. Але на якіх пачатках гэта будзе, пакуль незразумела, бо і Эўразьвяз дэманструе сваю зразумелую і прагматычную гатовасьць будаваць адносіны зь Беларусьсю на чале. Расея хоча атрымліваць канкрэтныя вынікі ад тых дабротаў. якія яна дае Беларусі, Беларусь хоча балянсаваць паміж цэнтрамі сілы, не прывязваючы сябе ні да аднаго зь іх.

Аркадзь Мошас, дырэктар дасьледчай праграмы па Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных справаў (Хэльсінкі)

Мошас: У тым, што тычыцца пэрспэктывы беларуска-расейскіх адносінаў пасьля выбараў, выступ Лукашэнкі можна палічыць дастаткова рэалістычным. Шанец на пэўную нармалізацыю адносінаў безумоўна існуе, паколькі зразумела, што Эўропа прызнáе вынікі выбараў, калі толькі лічба галасоў, аддадзеных за дзейнага прэзыдэнта, ня будзе набліжацца да 100%. Эўропа прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам.

У гэтых варунках у Масквы будзе вельмі складаны выбар, бо непрызнаньне будзе азначаць далейшае падштурхоўваньне Лукашэнкі да збліжэньня з Эўропай і даваньне яму козыра ў стасунках з Эўропай у атрыманьні фінансава-эканамічнай дапамогі. Мне здаецца, што Масква да гэтага яшчэ не гатовая.

Таму хаця нармалізацыі стасункаў на асабовым узроўні палітычнага кіраўніцтва чакаць ня варта, але знаходжаньне фактычных кампрамісаў магчымае. Разрыў усіх адносінаў, крах усіх плянаў постсавецкай эканамічнай, часткова палітычнай і абсалютна адназначна ваенна-палітычнай інтэграцыі – усё гэта вельмі рызыкоўна. Таму нейкае зьніжэньне градусу, нейкі кампраміс па энэргетычных пытаньнях усё ж магчымы.

Аляксандар Фадзееў, загадчык аддзелу Беларусі Інстытуту краін СНД (Масква)

Фадзееў: Мне здаецца, што ўвесь папярэдні пэрыяд паказвае, што напружанасьць паміж дзьвюма краінамі захоўваецца. Таму прэзыдэнт Беларусі можа мець свой пункт гледжаньня на пераадоленьне гэтай напружанасьці, але мне здаецца, што прагноз неспрыяльны для Менску. І гэта зьвязана ня толькі з тым, што стасункі сапсаваныя паміж двума прэзыдэнтамі.

Але больш непрыемная для Менску прынцыповая пазыцыя Масквы, якая палягае ў плянамерным пераводзе стасункаў зь Беларусьсю ў прагматычнае рэчышча, найперш у эканамічнай галіне. Спробы Лукашэнкі прадставіць сытуацыю так, што стасункі пагоршыліся, а потым палепшацца, у кантэксьце гэтага падыходу Масквы не гуляюць.

Дракахруст: Лукашэнка таксама казаў, што трэба шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энэрганосьбітаў. Як вы ацэньваеце пэрспэктывы гэтых пошукаў?

Фадзееў: Па пастаўках расейскага газу альтэрнатывы ў бліжэйшыя 7-10 гадоў для Беларусі няма і ня будзе. Усе спадзевы на пабудову заводаў па звадкаваньні газу на ўзьбярэжжы Балтыкі, дастаўкі гэтага звадкаванага газу па няісных трубах у Беларусь – гэта ўсё ілюзіі.

Іншая справа з нафтай. Беларусь можа купляць нафту на сусьветным рынку ў любой краіны, ня толькі ў Вэнэсуэлы. І нават дзіўна, што яна хоча купляць менавіта вэнэсуэльскую нафту, у Эўропе яе ніхто не атрымлівае і не спажывае. Цана на альтэрнатыўную нафту будзе ў любым выпадку вышэйшая, чым на расейскую.

Да таго ж пастаўкі альтэрнатыўнай нафты могуць прывесьці да перагляду расейскай пазыцыі наконт паставак Беларусі бязмытнай расейскай нафты для яе ўнутраных патрэбаў. Гэта, відаць, таксама павінен ўлічваць беларускі бок.

Дракахруст: Як бы вы маглі пракамэнтаваць словы Лукашэнкі наконт таго, што калі канфлікт з Расеяй не залагодзіцца, што "Беларусь бясхознай не застанецца", што яна -"ласы кавалак для ЭЗ і ЗША"?

Фадзееў: Гэта – галоўнае палажэньне выступу беларускага прэзыдэнта на ўсебеларускім сходзе, якое дэманструе слабасьць гэтага выступу. Лукашэнка ў сваім выступе шмат разоў казаў, што галоўная каштоўнасьць для рэспублікі – гэта сувэрэнітэт і незалежнасьць, што трэба вучыцца жыць самастойна, а з другога боку ён дэманстратыўна шантажуе Расею тым, што калі яна ня пойдзе на пагадненьні з Беларусьсю на ўмовах Менску, то Менск будзе шукаць збліжэньня з Вашынгтонам і Брусэлем. Гэтыя пасылы беларускага лідэра выглядаюць няўклюдна. Гэтая частка выступу Аляксандра Рыгоравіча – гэта шантаж Крамля, які ня будзе мець эфэкту.
XS
SM
MD
LG