Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Рыжоў змагаецца за аднаўленьне на працы


Сяргей Рыжоў
Сяргей Рыжоў
Былы віцебскі прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах спрабуе праз суд аднавіцца на пасадзе начальніка сэктару зьнешнеэканамічных сувязей пладова-гародніннага камбінату "Ноўка".

Ён быў звольнены 1 лістапада — пасьля таго як спачатку заявіў пра свой намер балятавацца на прэзыдэнта, а потым мусіў адмовіцца ад гэтага, як ён кажа, з прычыны ціску на сябраў яго ініцыятыўнай групы ды іншых акалічнасьцяў.

У судзе Віцебскага раёну, які разглядае яго скаргу, Сяргей Рыжоў распавёў пра акалічнасьці звальненьня і яго прычыны — на думку спадара Рыжова, выключна палітычныя. Але судзьдзя Тацяна Дзегцярова разьбірае яго скаргу як чыста працоўны інцыдэнт, ня зьвязваючы яго з палітычнай сытуацыяй у краіне, падкрэсьлівае экс-кандыдат на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах.

Паводле Сяргея Рыжова, прычына звальненьня надуманая і зьвязаная зь яго рашэньнем балятавацца, якое адразу прыцягнула ўвагу незалежных СМІ як да яго асобы, так і да прадпрыемства, дзе ён працуе.

Адміністрацыя пладова-гародніннага камбінату "Ноўка" звольніла яго за прагул — абвінаваціла яго ў тым, што ён "прагуляў" тры гадзіны працоўнага часу 4 кастрычніка.

У той дзень зранку, паводле спадара Рыжова, ён выклікаў дахаты ўчастковага лекара, бо дрэнна пачуваўся. Аднак бальнічны ліст яму не далі — лекарка прапанавала ўвечары зьявіцца на камісію ў паліклініку. Да 12-й гадзіны Сяргей Рыжоў паехаў у суд, дзе разьбіралася справа пра неўключэньне ў выбарчую камісію праваабаронцы Паўла Левінава. На той час патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкую пасаду быў адным з тых, хто рэкамэндаваў спадара Левінава, і таму мусіў быць на працэсе ў якасьці сьведкі.

Пасьля суду Сяргей Рыжоў рушыў у паліклініку і прайшоў мэдычны агляд. Даведку з паліклінікі і позву ў суд ён прадставіў кіраўніцтву ў законным парадку, але тры гадзіны — ад візыту лекара да пачатку судовага працэсу — яму залічылі як прагул.

У судзе выступіла юрысконсульт прадпрыемства і лекарка, якая наведвала Сяргея Рыжова па выкліку 4 кастрычніка. Звольнены экс-кандыдат распавёў, што прадпрыемства "Ноўка" не прадставіла суду дакумэнтаў, дзе быў бы зафіксаваны дакладны час яго "прагулу".

Суд працягне разбор справы 10 сьнежня. Сяргей Рыжоў настойвае на тым, каб яго аднавілі на працы. У сваім хадайніцтве на адрас суду ён зьвяртаецца і да ўсіх грамадзянаў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў: "Хаця маёй ініцыятыўнай групе не ўдалося сабраць неабходнай колькасьці подпісаў, я зноў змагаюся за сваё жыцьцё, за шчасьце сваёй дачкі, за годнае жыцьцё маёй сям’і, за вашу будучыню! Але я адзін, а вас — шмат. І наперадзе — ваш выбар… І я жадаю вам правільна зрабіць гэты выбар!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG