Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тбілісі вінаваціць расейскія спэцслужбы


Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі паінфармавала аб раскрыцьці шэрагу тэрактаў на тэрыторыі краіны і абвінаваціла ў іх арганізацыі расійскія спэцслужбы.

Намесьнік міністра ўнутраных справаў Кацярына Згуладзэ заявіла на спэцыяльным брыфінгу, што выбух ля офісу апазыцыйнай Лейбарысцкай партыі 28 лістапада, у выніку якога загінула жанчына і яшчэ пяцёра людзей атрымалі раненьні, быў арганізаваны расейскімі спэцслужбамі. Згуладзэ таксама ўсклала на расейскія спэцслужбы адказнасьць за выбух у раёне Мухіяні 28 лістапада і за тэракты, учыненыя ў розны час ля амэрыканскага пасольства і на чыгунцы на захадзе Грузіі.

Згуладзэ заявіла, што па названай справе затрыманыя шэсьць чалавек, у тым ліку галоўны выканаўца – жыхар Гальскага раёну Абхазіі Гагіта Арканія – ён атрымліваў заданьні і выбуховыя рэчывы ад афіцэра расейскай арміі Яўгена Барысава, які праходзіць службу на тэрыторыі Абхазіі.

Грузінскія тэлеканалы прадэманстравалі кадры прызнаньня Арканіі, а таксама відэазапіс ператрусу ў яго кватэры, дзе былі канфіскаваныя выбуховыя рэчывы, дэтанатары і стралковая зброя.

Міністэрства замежных справаў Грузіі мае намер найбліжэйшым часам паінфармаваць замежныя дзяржавы аб раскрыцьці тэрактаў.
XS
SM
MD
LG