Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў:"Газпром" мае сьпячую дачку ў Беларусі


Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў
Пасол Расеі ў Менску Аляксандар Сурыкаў не прагназуе напружанасьці паміж Беларусьсю і Расеяй па пытаньнях пастаўкі ў 2011 годзе нафты і газу.

"Кантракт па газу ёсьць", — заявіў Сурыкаў журналістам у Менску, адказваючы на пытаньне пра магчымасьць беларуска-расейскай напружанасьці "пад Новы год" вакол паставак энэрганосьбітаў.

"Цяпер абодва бакі працуюць над тэмай аднолькавага выхаду на роўнадаходныя цэны па газу ў 2015 годзе. Гэта галоўная тэма — змантаваць нашы дзеяньні на 2012—2015 гады ў газавай сфэры. Гэта галоўная тэма, там трэба будзе яшчэ пагаварыць, маючы кантракт на 2011 год", — адзначыў А. Сурыкаў, перадае Інтэрфакс.

Пасол ня выключыў, што з боку Беларусі быў зварот, каб захаваць дзейныя цэны на газ на будучы год. Але расейскі бок "пакуль заяўляе цьвёрдую прыхільнасьць да кантракту".

"У нафтавай сфэры ў нас дзейнічае пратакол. Абодва бакі пацьвердзілі жаданьне не выходзіць зь яго, і ён пакуль дзейнічае на 2011 год", — нагадаў дыплямат.

Ён адзначыў, што "ідзе падпісаньне і магчымая ратыфікацыя дакумэнтаў па адзінай эканамічнай прасторы, якая можа дэмантаваць нафтавае мыта, зьняць яго з усяго аб'ёму нафты".

"Гэта значыць, магчымая зьмена ў лепшы бок. Зь якога пэрыяду 2011 году — я не бяруся пакуль ацэньваць. Як хутка гэтыя дакумэнты будуць прынятыя, падпісаныя і ратыфікаваныя — залежыць ад беларускага боку. Тых дзеяньняў, пра якія ўчора казаў у сваім дакладзе Аляксандар Лукашэнка, — што пад Новы год усялякія "замарочкі", — у гэтым годзе не спатрэбіцца", — дадаў А. Сурыкаў.

Таксама Сурыкаў адзначыў, што "Газпром" пабойваецца ўціску сваіх інтарэсаў у "Белтрансгазе" і стварыў "дачку", каб забясьпечыць транзыт праз Беларусь.

"Газпром" стварыў "дачку", якая пакуль сьпіць, але магчыма яе пераўтварэньне ў дзейную "дачку", калі яго пачнуць прыціскаць у сумесным прадпрыемстве зь "Белтрансгазам". А пакуль яна сьпіць і ні на што не ўплывае", — заявіў Сурыкаў.

"Газпром" у лістападзе заснаваў кампанію-дачку для выкананьня функцый апэратара беларускага ўчастку газаправоду Ямал-Эўропа — "Газпром трансгаз Захад".

Цяпер гэтыя функцыі выконвае "Белтрансгаз", у якім "Газпрому" належыць 50%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG