Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Перад “усенародным сходам” мясцовыя ўлады праводзілі абавязковую палітінфармацыю з хвалюючай назвай, сэнс якой — “новы твар Беларусі ў новай пяцігодцы”. Заінтрыгавалі, словам. Але вельмі падобна, што гэта толькі жарт. А людзі ж пачалі спадзявацца…

Па два працоўныя месцы!

Адзін з каманды кандыдатаў на прэзыдэнцкіх выбарах наракаў у тэлевізары, што ўлады скралі ягоны моцны аргумэнт з праграмы, а менавіта заклік — “Мільён працоўных месцаў!” З аднаго боку, ідэі, як казаў адзін разумны чалавек, лунаюць у паветры. З другога, я б на месцы начальства ня стаў бы гэтак дробна гуляць. Хаця, ясна, лічба мільённая зусім не запатэнтавана і любы можа карыстацца.

Я б параіў начальству сьвежы крок — “Кожнаму беларусу — па два працоўныя месцы!” Хто ж адмовіцца ад дзьвюх тысяч даляраў? Бо на сходзе паабяцана сёньня тысяча. Паабяцана, хіба, жалезна, хаця я не ўслухоўваўся асабліва ў інтанацыю. “Па два” — гэта гучыць спакайней, крыху больш рэалістычна, хіба. Хоць бы з пункту гледжаньня абмежаванасьці тэрыторыі.

Патлумачу: на ня так даўняй усеагульнай сходцы прафсаюзнай аратар з трыбуны зноўку абвясьціў нашую любую Бацькаўшчыну “клачком зямлі”, сэнтымэнтальна дадаўшы, што гэны “клачок” нам нібыта дараваны самім Госпадам, ні многа ні мала. Сябры мае: уявіце мільён, прычым новых працоўных месцаў на “клачку зямлі”. Млосна робіцца, дальбог. Хіба што пабудаваць заводы-хмарачосы, ды яшчэ пад зямлёю з вытворчасьцю на некалькі паверхаў, як на камандным пункце.

Горадня — чэмпіён!


Перад “усенародным сходам” гарадзкое начальства рабіла справаздачу: усё ў нас цьвіце і пахне, сябры! Вушы насьцярожыла, аднак, лічба (яна надрукавана, дарэчы, у афіцыйнай прэсе). Удумайцеся: за “пяцігодку” ў горадзе створаныя, аказваецца, 36 500 новых працоўных месцаў! Дзелім: атрымліваецца па 7 300 месцаў — рэгулярна штогод! Вы што-небудзь разумееце? Самым вялікім у вобласьці прадпрыемствам зьяўляецца “Гродна Азот”, там прыблізна 7 000 чалавек працуюць. Выходзіць, што ў Горадні кожны божы год ствараюць яшчэ адзін такі “Азот”. Ну, ці ня райскі горад?

І гэта на трыста тысяч чалавек! Сярод якіх мноства пэнсіянэраў, дзяцей, школьнікаў, студэнтаў. Ды яшчэ мноства народу, які пазначае звыкла ў анкетах — “часова не работаючы”. Вы што-небудзь разумееце? Так, вядома, што за апошнія гады да гораду далучаны навакольныя вёскі, насельніцтва павялічылася. Ці не прыплюсавалі іхнія працоўныя месцы да “новых”? Затым: адкрылі на былым заводзе рынак, туды мусілі перабірацца з холаду і ветру прадпрымальнікі, усё ж пад дахам лепей. Вось вам новыя працоўныя месцы, хаця людзі тыя ж самыя, прычым са старым пасьведчаньнем прадпрымальніцкім. Ах, са старым? Давайце іх перарэгіструем, хай заплацяць у бюджэт яшчэ раз! Новае пасьведчаньне — новае працоўнае месца!

Няма межаў дасканаласьці, гэта таксама нехта разумны сказаў, а мы ўсе карыстаемся. Загадаць прадпрымальнікам браць на працу толькі родных, а несваякоў звольніць. Вось вам новыя працоўныя месцы! Далей: прадпрымальнікі, якія перабраліся раней на рынак пад дахам, абураны касьмічнай арэндай, яны вяртаюцца на свой былы рынак або “рассмоктваюцца” па іншых. Вось вам новыя працоўныя месцы! Не выключана, што сьпіртавозаў таксама ў “працоўныя” запісваюць. Або пераехаў мяжу на сваім аўтамабілі гарадзенец, каб прадаць у Польшчы паліва, зафіксавалі яго мытнікі, — новае працоўнае месца! Прыгнаў машыну з-за мяжы патрыманую — таксама. Беспрацоўных паслалі каменьне зьбіраць з палеткаў — калі ласка — чым яшчэ ня месцы?

Так што, спадары начальнікі, не замахвайцеся адразу на мільён, гучыць манілаўшчынай, а прыяжджайце-тка лепей да нас, у Горадню, ды павучыцеся мясцовай практыцы “малых справаў”, — як кожны год ствараць па “Азоце”.

Толькі ня трэба Польшчы!

Прынамсі адзін з удзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі выкрываў перад гарадзенцамі ўладу, якая знарок зацягвае ажыцьцяўленьне малога прыгранічнага руху паміж Беларусьсю і Польшчай ды Літвой з другога боку. Улада хоча, каб людзі сядзелі ў закрытай краіне, каб ня бачылі сьвету, таго нават, як жывуць іхнія суседзі!!! З гэтым не паспрачаесься, дальбог.

Днямі ў Горадні адзін зь дзеячаў “Палаты” сказаў гарадзенцам, што зь Літвой, магчыма, такую дамову, зацьвердзяць “да лета”. Хаця да лета яшчэ паўгода, а сама Літва даўно гатовая. Як вядома, пасьля Новага году беларусы ўступаюць у наступную фазу свайго “камунізму” ў асобна ўзятай за каршэнь краіне. Дык, ці ўбачаць жыхары “шчасьлівай” Гарадзеншчыны ў масавым парадку суседнія Польшчу і Літву? Пытаньне гучыць досыць падазрона, пагадзіцеся.

У апошнім нумары адной гарадзенскай газэты ўнутр схавана нібы падпольная ўлётка, сам не адразу знайшоў яе. У ёй рэклямуюцца кошты са зьніжкамі на прадукты ў польскім гіпэрмаркеце. Увага, беларусы! Пераводжу цэны ў беларускія рублі: рулет з грудзінкі — 10000 рублёў за кіляграм, мяса — сьвіная лапатка бяз косткі — 7500 руб за кілё, скумбрыя вэнджаная залацістая — 9000 руб за кг (у гарадзенскіх крамах каштуе 30000), апэльсіны (кг) — 1500 рублікаў…

Дык ці выпусьціць беларуская ўлада гарадзенцаў са сваіх райскіх абдымкаў у “капіталістычнае пекла”? Зразумела, што яна даўно падрыхтавалася таксама: за кавалак каўбасы замежнай вас так аштрафуюць, што не захочацца ніякіх зьніжак. Адразу залатой зробіцца польская каўбаска! Мяса таксама даўно абвешчана кантрабандным прадуктам. Рыбу хіба яшчэ толькі не забаранілі на мяжы. “Рыбку? Дык мы дэкрэцік хуценька!”
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG