Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія нэўрафізіёлягі: стан зрэнак выбарцаў можа сказаць болей, чым апытаньне


З гледзішча сучаснай нэўрафізіялёгіі (навукі, якая вывучае функцыі нэрвовай сыстэмы і яе структурных адзінак — нэўронаў) палітычныя погляды, перакананьні і адпаведныя паводзіны чалавека, у тым ліку падчас выбараў, закладзеныя глыбока ў падсьвядомасьці. Такія высновы атрымалі пацьверджаньне дзякуючы апошнім дасягненьням у галіне сканаваньня галаўнога мозгу. З дапамогай найноўшых прыладаў можна адсочваць шмат якія дэталі ягонай працы, у прыватнасьці — рэакцыю на розныя паведамленьні або вобразы.

Як вынікае, выбар большай часткі электарату найчасьцей залежыць не ад праграмы кандыдата, а ад таго, якія пытаньні той акцэнтуе падчас выступаў і сустрэчаў з выбарцамі, якія словы і зь якой інтанацыяй ужывае ў агітацыйных прамовах, нарэшце — які ў яго выраз твару.

Публікацыі на гэтую тэму зьмешчаныя ў спэцыялізаваным амэрыканскім часопісе Nаturе Nеurosciеncе і ў міжнародным Nаturе, якія выдаецца ў Лёндане.

Паводле псыхоляга-дасьледчыка, прафэсара Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту Дэвіда Амодыё, назіраньні за станам зрэнак чалавека падчас выбарчай кампаніі,
Прэзыдэнцкія кампаніі эксплюатуюць эмоцыі выбарцаў.
а таксама за тэмпэратурай яго скуры, частатой і мігценьнем пульсу кажуць пра настрой электарату нашмат дакладней, чым традыцыйныя мэтодыкі апытаньняў выбарцаў. "На фокус-групе", сьцьвярджае дасьледчык, "чалавек можа сказаць адно, а на выбарчым участку зрабіць іншае. Большая частка электарату прымае сваё канчатковае рашэньне эмацыйна, спантанна, а ня ў выніку ланцужка лягічных разважаньняў".

Навукоўцы робяць нашыя галовы ўсё больш і больш празрыстымі


У досьледах прафэсара Амодыё, якія былі праведзены падчас апошняй выбарчай кампаніі ў ЗША два гады таму, удзельнічалі 43 валянтэры. Адны зь іх лічылі сябе лібэраламі, іншыя — кансэрватарамі.

На галовы добраахвотнікаў былі надзетыя шлемы з элястычнай гумы, усеяныя зь сярэдзіны меднымі электродамі.
На фокус-групе чалавек можа сказаць адно, а на выбарчым участку зрабіць іншае.
Пакуль добраахвотнікі сачылі за дэбатамі на панарамным тэлеэкране, прылады фіксавалі дадзеныя пра дзейнасьць іх мозгу, а навукоўцы адсочвалі электрычныя ваганьні мозгу, калі валянтэры выконвалі простыя заданьні на кагнітыўныя функцыі сьвядомасьці.

Сярод найцікавейшых высноваў — наступныя:

1) Прэзыдэнцкія кампаніі эксплюатуюць эмоцыі выбарцаў. Галоўнае ў прамовах кандыдатаў — не плятформа, а адшліфаваныя публічныя выступы, правільна падабраныя словы і тон.

2) Тэма аховы здароўя выклікае ў выбарцаў, як паказала дасьледаваньне, надзвычай яркі малюнак мазгавой дзейнасьці. Пры гэтым для кандыдата важна гаварыць ня столькі пра свае пляны наконт разьвіцьця гэтай галіны, а пра ахову здароўя з маральнага гледзішча.

3) Тэма тэрарызму і ворагаў спараджае ў выбарцаў найвышэйшы ўзровень адрэналіну.

4) Выбарцы-лібэралы лепш за выбарцаў-кансэрватараў адаптуюць свае паводзіны да новых умоваў.

Прынстанскія псыхолягі: кандыдата можна навязаць публіцы гэтаксама, як тавар

У сваю чаргу, калегі прафэсара Дэвіда Амодыё з Прынстанскага ўнівэрсытэту правялі дасьледаваньне на тэму "Зьнешні вобраз кандыдата і яго ўзьдзеяньне на выбарцаў".

Высновы прынстанскіх навукоўцаў: кандыдата можна навязаць публіцы амаль гэтаксама, як тавар.

Экспэрымэнт палягаў у тым, што добраахвотнікам паказвалі фота кандыдатаў у губэрнатары, якія ўдзельнічалі ў выбарах з 1996 па 2006 гады,
Тэма аховы здароўя выклікае ў выбарцаў надзвычай яркую карціну мазгавой дзейнасьці.
а таксама кандыдатаў, якія балятаваліся ў сэнат на выбарах у 2006 годзе. Напярэдадні дасьледчыкі ўпэўніліся, што валянтэры ня ведаюць гэтых палітыкаў у твар. Добраахвотнікам прапаноўвалі выбраць з двух дакладна невядомых ім кандыдатаў таго, хто вонкава падасца ім найбольш кампэтэнтным. Цікава, што адказы на 70% адпавядалі рэальным вынікам колішніх выбараў.

Як лічаць прынстанскія псыхолягі, выбар большай часткі электарату найчасьцей залежыць не ад праграмы кандыдата, ад таго, які ў яго выраз твару, якія словы і зь якой інтанацыяй ужываюцца ў яго агітацыйных прамовах, якія пытаньні ён акцэнтуе падчас выступаў і сустрэчаў з выбарцамі.

Як пішуць заходнія навуковыя аглядальнікі, невыпадкова нэўрамаркетынг становіцца ўсё больш модным ня толькі ў бізнэсе, але і ў палітыцы.

На падставе дадзеных нэўрафізіёлягаў каманды кандыдатаў могуць карэктаваць характар кампаніі. Іншая рэч, што ўжо пасьля выбараў кандыдат-пераможца мусіць несьці перад выбарцамі поўную адказнасьць за свае абяцаньні.
XS
SM
MD
LG