Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі кажуць: краіну пасьля выбараў чакае фінансавая катастрофа. Улады, наадварот, запэўніваюць: кошт беларускага рубля ня зьменіцца. І хто мае рацыю? Тыя, хто тэрмінова памянялі рублі на даляры і эўра? Альбо тыя, хто па-ранейшаму давяраюць Лукашэнку і Пракаповічу? Пра гэта наш аглядальнік Уладзімер Глод размаўляе з экс-старшынём праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Станіславам Багданкевічам.

Глод: Аляксандар Фядута, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, учора ў радыёдэбатах сказаў, што любы беларус, які хоць трохі разумее ў эканоміцы, цяпер робіць адно: пазбаўляецца ад рублёў і пераводзіць іх у валюту. Трывога, што беларуская фінансавая сыстэма ня вытрымае, гучала і ў Віктара Цярэшчанкі, і ў Рыгора Кастусёва, ды і ў іншых прэтэндэнтаў. І тут пачынаеш думаць, што гэта: перадвыбарная тактыка, каб забраць галасы ў кандыдата Лукашэнкі, ці сапраўды становішча такое цяжкое, што на пачатку 2011 году нас чакае паўтарэньне валютнага скачка ў першы дзень сёлетняга году? І тут, зразумела, хочацца ведаць ацэнку дасьведчанага фінансіста.

Багданкевіч: Канечне, грашовая сытуацыя надзвычай крытычная. Таму што сёлета мы ўжо маем дэфіцыт у 7 мільярдаў даляраў зьнешняга гандлю па таварах. Гэта ж на мільярд болей, чым летась. У 2009 годзе было 6 мільярдаў, у 2008 — 5 мільярдаў. Амаль на мільярд штогод дэфіцыт расьце і расьце. Мяне зьдзіўляе, што Пракаповіч у першай палове году 8 трыльёнаў безрэсурсных рублёў даў камэрцыйным банкам. Гэтыя трыльёны з паветра выдзеленыя. І яны пайшлі як рэсурс камэрцыйным банкам — найперш Белаграпрамбанку і Беларусбанку. І яны такім чынам часова стабілізавалі сваю сытуацыю.

І Нацбанк купіў паўтара трыльёна даўгавых расьпісак рай- і аблвыканкамаў. Такога раней не было наагул. Але ж гэта ўсё пустыя грошы. Таму інфляцыя павінна быць, дэвальвацыя павінна быць.

Глод: Пра крытычнасьць сытуацыі спэцыялісты кажуць ужо даўно. Але ўлады нейкім чынам штогод, за выключэньнем сёлетняй дэвальвацыі адразу на 20%, нейкім чынам выкручваліся. Як вам здаецца, магчымасьці падтрымліваць курс рубля яшчэ застаюцца, ці ад дэвальвацыі самым бліжэйшым часам нікуды ня дзецца?

Багданкевіч: Дэвальвацыя яшчэ рэгулюецца. Яна ў нас фіксаваная за кошт таго, што яшчэ ёсьць крэдыты і рэзэрвы. І ў пэрспэктыўным кароткатэрміновым пляне (а гэта, як мінімум, на паўгода) я ацэньваю яе як кіруемую. Ёсьць магчымасьць продажу ўласнасьці, напрыклад, прадпрыемстваў нафтахіміі, калійнага камбінату, некаторых банкаў. Існуюць магчымасьці атрыманьня новых крэдытаў. У Нацбанку ёсьць магчымасьць выпускаць безрэсурсныя папяровыя грошы.

І таму пакуль ёсьць магчымасьць адсунуць дэвальвацыю, зрабіць яе паўзучай, а ня разавай, абвальнай. Гэта пакуль улады могуць.
XS
SM
MD
LG