Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыйныя кандыдаты адказваюць Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка ў сваім больш чым трохгадзінным выступе на IV Усебеларускім народным сходзе раздаў шмат новых абяцаньняў, актыўна крытыкаваў сваіх апанэнтаў на прэзыдэнцкіх выбарах. Апазыцыйныя кандыдаты аспрэчваюць тэзісы Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на Ўсебеларускім сходзе, раскрытыкаваў абяцаньні дэмакратычных кандыдатаў, да прыкладу — істотна павялічыць памер дапамогі на дзяцей і выплочваць мацярынскі капітал: «Глядзіце, каб у вас не адабралі апошняе. Гэта хлусьня», сказаў ён.

Кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў, які абяцае і мацярынскі капітал, і павышэньне дапамогі на дзяцей, у выпадку сваёй перамогі такім чынам пракамэнтаваў пасаж Лукашэнкі:

«Вось хто можа адабраць апошняе — дык гэта Лукашэнка. Таму што ў ягонай казьне сапраўды няма грошай. І ўсе ягоныя сутаргавыя рухі да дэмакратыі і абяцанкі — каб знайсьці гэтыя грошы. Са студзеня няма чым заплаціць зарплату. Вось у каго насамрэч няма грошай. А чаму няма грошай — таму што ён, захоўваючы ўсімі сіламі гэтыя гады ўлады, ніяк не даваў правесьці палітычныя рэформы, якія б дазволілі разьняволіць эканоміку і запрацаваць ёй на поўную магутнасьць. Трэба ўключаць мэханізмы, якія працуюць ва ўсім сьвеце. А Лукашэнка гэтага ніколі ня зробіць. А гэта значыць, што ён ніколі ня знойдзе грошы ні на мацярынскі капітал, ні на дапамогі дзецям, ні на ільготы. А калі прыйдзе да ўлады Някляеў ці іншы дэмакратычны кандыдат, то ўсё гэта будзе. І не за кошт пазыкаў, якія невядома хто будзе аддаваць. А гэтыя грошы заробяцца тут, у свабоднай краіне свабоднымі людзьмі».

Віталь Рымашэўскі
Кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі выказаўся наконт абяцанак Лукашэнкі вярнуць ільготы на праезд толькі дзецям:

«Беларуская ўлада — банкрут. Лукашэнка нават ня здолее выканаць гэтае абяцаньне і вярнуць ільготы на праезд. І ўсё, што ён заяўляе, пры ягонай мадэлі эканомікі неабгрунтавана. А ільготы трэба вярнуць, таму што ўлада абакрала беларускіх людзей».

Яраслаў Раманчук
Наконт абяцаньняў Лукашэнкі давесьці сярэдні заробак у краіне да канца году да 500 даляраў, а праз 5 гадоў — 1000 даляраў, разважае Яраслаў Раманчук:

«Лукашэнка нагадвае барона Мюнхгаўзэна. Ён абяцае ўсім усё, толькі б яго зноў абралі. 500 даляраў будуць забясьпечаны толькі за кошт таго, што будуць павышаны заробкі для начальства, якое будзе сачыць за выбарамі. Ну, а астатнія… Я больш за 20 гарадоў аб’ехаў, сустракаючыся з выбарцамі, і пытаесься ў залі, хто зарабляе 500 даляраў — толькі адзінкі ўздымаюць рукі. Безумоўна, наконт сярэдняй зарплаты пры канцы году ў 500 даляраў — гэта падман.

А што тычыцца 1000 даляраў праз 5 гадоў — такіх тэмпаў росту заробкаў не было ў ніводнай з краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Таму для гэтага патрэбныя радыкальныя рынкавыя рэформы, якіх, згодна зь ягонай праграмай і дакумэнтамі, я ня бачыў. Так што выключна гэта „піяр“ чалавека, які, акрамя хлусьні, нічога ня можа прадставіць людзям».

Віктар Цярэшчанка
Лукашэнка ў сваім выступе раскрытыкаваў існуючую падатковую сыстэму і паабяцаў яе кардынальна спрасьціць. Віктар Цярэшчанка камэнтуе гэтую заяву:

«Гэтыя размовы Лукашэнкі пра навядзеньне парадку ў падатковай сыстэме ідуць ужо цягам 16 гадоў. Увесь сьвет плаціць падаткі з прыбытку (акрамя экалягічнага падатку, падатку на зямлю). Ня 7 падаткаў, як ён зараз кажа, а адзін павінен быць. Але для таго каб яго разьлічыць, павінны быць ня толькі сучасныя ЭВМ альбо бухгальтар зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі — над гэтым усім заўсёды стаіць фіскальны мэтад падатковай інспэкцыі, якая заўсёды знойдзе памылку. Таму што гэта ўзгадняецца ня толькі законам, а яшчэ дзясяткам інструкцый, якія часьцяком падвойнага разуменьня. Трэба зрабіць так, як ва ўсім сьвеце — падатак з прыбытку.

Якія спрашчэньні ён ні абяцаў бы, сюды сур’ёзны інвэстар ня прыйдзе, пакуль ня будзе Закону. Не дэкрэтаў ленінскіх, а Закону, які б рэглямэнтаваў падаткаабкладаньне. А пакуль гэта толькі дэклярацыя».

Рыгор Кастусёў
Лукашэнка выказаў жаль, што расейскі прэзыдэнт апошнім часам наагул нават ня ўзгадвае пра саюзную дзяржаву, СНД, быццам бы іх наагул няма. Кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў разважае пра Саюзную дзяржаву:

«Саюзная дзяржава — гэта, мякка кажучы, эканамічна стратнае ўтварэньне для нашай краіны, для Беларусі. Проста тыя грошы, якія выдаткоўваюцца Беларусьсю ў бюджэт саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, — раскрадаюцца. Гэта, зноў жа, яшчэ мякка сказана. За іх будуюцца шыкоўныя катэджы чыноўнікаў гэтай саюзнай дзяржавы на Рублёўцы. Такіх фактаў шмат. На праграмы Саюзнай дзяржавы выдаткоўваюцца шалёныя грошы. Але ніхто ня чуў пра выкананьне гэтых праграм. Ніхто ня чуў пра справаздачы па гэтых праграмах. Ну і плюс — утрыманьне чыноўнікаў саюзнай дзяржавы на чале з Барадзіным, офісаў, шыкоўных службовых машын. Навошта нам гэта ўсё? Мядзьведзеў гэта разумее і таму наагул не надае гэтай саюзнай дзяржаве ўвагі. Нават рэвізійная інспэкцыя — Падліковая палата Расейскай Фэдэрацыі была шакаваная, калі праверыла выкарыстаньне сродкаў. За 10 гадоў існаваньня Саюзнай дзяржавы да гэтай пары не падпісаныя дакумэнты па кантролі выдаткоўваньня фінансавых сродкаў. Нават расейскія чыноўнікі Міністэрства фінансаў ужо за галаву бяруцца».

Наконт прыярытэтаў у зьнешняй палітыцы Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Мы не ідзем ні на Захад, ні на Ўсход. У нас сваё месца ў Эўропе… Патрэбна палітычная дывэрсыфікацыя».

Алесь Міхалевіч
Кандыдат у прэзыдэнты Аляксей Міхалевіч такім чынам камэнтуе гэтыя заявы:

«У зьнешняй палітыцы вельмі важна дакладна расставіць прыярытэты. А тое, што сёньня казаў дзейны кіраўнік дзяржавы, — у гэтым ніякіх прыярытэтаў няма. Гэта — спроба супрацоўніцтва з усімі, якая пры гэтым вельмі часта ўзаемна выключае іншае супрацоўніцтва. Як, напрыклад, вайсковае супрацоўніцтва з Кітаем выключае вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй на глыбокім узроўні. Таксама як стасункі з Эўрапейскім Зьвязам адназначна патрабуюць спыненьня праекту саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі».


выступ аляксандра лукашэнкі. тэзы. гук. камэнтары.

XS
SM
MD
LG