Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У рэгіёнах расьце попыт на агітацыйныя матэрыялы


У рэгіянальных штабах кандыдатаў на прэзыдэнта ад апазыцыі фіксуюць падвышаную цікавасьць выбарцаў да агітацыйных матэрыялаў. Паспрыялі гэтаму тэле- і радыёдэбаты. Людзі імкнуцца больш ведаць пра альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў ды пра іх выбарчыя праграмы.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

"Катастрафічна не хапае ўлётак і праграм кандыдатаў"

У штабах апазыцыйных кандыдатаў сьцьвярджаюць, што пасьля выступаў іхніх кандыдатаў у СМІ актыўнасьць выбарцаў значна павялічылася. Але паўстала іншая праблема — нястача агітацыйнай прадукцыі.

Асабліва актыўна агітацыя ў рэгіёнах пайшла пасьля таго, як завезьлі ўлёткі і праграмы кандыдатаў. Адзін з актывістаў са Слоніма, дзе адны і тыя ж людзі вядуць агітацыю адразу за трох кандыдатаў, кажа, што пасьля выступу кандыдатаў у СМІ выбарцы яўна зьмяніліся.

Спадар: "У людзей заўважна падняўся настрой. Нешта зьмяняецца, людзі абмяркоўваюць адзін з адным кандыдатаў. Відаць, як яны павесялелі, бо ўсім ужо надакучыла глядзець адно і тое на БТ".

У Горадні выходнымі ўсе актывісты штабоў ладзілі пікеты і раздавалі праграмы сваіх кандыдатаў на гарадзенскім рынку. Нягледзячы на мароз, настрой у людзей прыўзьняты. Кажа актывіст штабу Рыгора Кастусёва Максім Губарэвіч:

Губарэвіч: "Ды вельмі добра агітуецца. Людзі нармальна рэагуюць, падыходзяць, просяць улёткі. Некаторыя могуць прайсьці, потым зноў вяртаюцца, бяруць. Праўда, ёсьць і такія, што праходзяць з выглядам, быццам нават не заўважаюць нас…"

Кіраўнік штабу кандыдата Андрэя Саньнікава Ўладзімер Чырвоненка кажа, што даволі часта гарадзенцы падбадзёрваюць іх, кажуць, што на нашым баку, і толькі зрэдку чуеш — маўляў, дарэмна вы гэтым займаецеся.

Уладзімер Чырвоненка, кажучы пра праблемы, зьвяртае ўвагу на тое, што за выходныя разышліся амаль усе ўлёткі з праграмамі. Іх катастрафічна не хапае ва ўсіх штабах.

Чырвоненка: "На вялікі жаль, агітацыйнай літаратуры мала, і мы ледзь-ледзь знаходзім яе толькі для большых гарадоў. А ў малыя населеныя пункты яна практычна не даходзіць — не хапае…"

Актывісты штабу Ўладзімера Някляева раздаюць агітацыйную літаратуру

Актывісты штабоў А.Саньнікава, Я.Раманчука, У.Някляева, А.Міхалевіча, Р.Кастусёва раздаюць агітацыйныя матэрыялы гарадзенцам

Кіраўнік штабу Яраслава Раманчука ў Гарадзенскай вобласьці Юры Істомін зьвяртае ўвагу на тое, што друкарні значна павялічылі цэны: зараз надрукаваць адну ўлётку каштуе паўтара даляра.

Істомін:
"Гэта паўнавартасная ўлётка фарматам А3 з укладкай. А цяпер палічыце: калі на ўсю Беларусь зрабіць 1 мільён, то колькі гэта абыдзецца для кандыдата…"

Пытаюся ў выбарца, які бярэ ўлёткі ўсіх кандыдатаў — што ён пра іх думае?

Спадар: "Дзякуй Богу, што ў палітыку і наша грамадзкае жыцьцё ідуць людзі, якія ўсьведамляюць адказнасьць за лёс краіны і якія падрыхтаваныя дзеля таго, каб будаваць нашу краіну".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

Праграму кандыдата рэцэнзуе газэта "Заря"

На Берасьцейшчыне інфармацыйныя ўлёткі кандыдатаў на прэзыдэнта распаўсюджваюцца на пікетах, іх раскідаюць па паштовых скрынях. Моцнае ўражаньне на берасьцейцаў зрабілі выступы кандыдатаў на радыё і тэлебачаньні.

Цэнтральны рынак у Берасьці, дзе звычайна шматлюдна, — асноўнае месца пікетаў ініцыятыўных групаў апазыцыйных кандыдатаў. Давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага па Берасьці Зьміцер Шурхай паведамляе:

"Інфармацыйныя матэрыялы раскідаем па скрынях. Час ад часу выстаўляем і пікеты, вядзем раздачу інфармацыі мінакам. А цяпер працуем над арганізацыяй візыту кандыдата ў Берасьце. Мяркуецца, што сустрэча з выбарцамі пройдзе ў наступны аўторак а 18 гадзіне ў Доме культуры прафсаюзаў".

Вырашаецца і пытаньне з публікацыяй перадвыбарнай праграмы Віталя Рымашэўскага ў абласной газэце "Заря". На мінулым тыдні галоўны рэдактар адмовіўся публікаваць у газэце праграму, кажа Зьміцер Шурхай:

"Пакуль у дзяржаўнай газэце праграма не надрукавана. Але ўжо павінен быць адказ на мой зварот з абласной выбарчай камісіі. У праграме мы зьнялі ўсе спрэчныя пункты, акрамя заклікаў прыйсьці на плошчу".

На інфармацыйных тумбах штораз больш улётак кандыдатаў

Улётак даволі шмат на агароджах у цэнтры гораду

У Баранавічах агітацыйная кампанія таксама набірае абароты. Выступы кандыдатаў у радыё- і тэлеэфіры павялічылі зацікаўленасьць у людзей, кажа старшыня баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Віктар Сырыца:

"Цяпер агітацыйныя матэрыялы зьявіліся на інфармацыйных тумбах. Тут можна пабачыць улёткі за Ўладзімера Някляева, за Андрэя Саньнікава. У бібліятэцы можна пабачыць інфармацыю пра Алеся Міхалевіча. Кампанія ажывае".


ВІЦЕБШЧЫНА

"Будзем ісьці да свабоднага жыцьця і да вольнай краіны!"

Пікеты ў падтрымку Ўладзімера Някляева зь мінулых выходных стала дзейнічаюць у Воршы, Полацку і Наваполацку. У Віцебску пікетоўцы-агітатары працуюць ужо другі тыдзень, але толькі з гэтага панядзелка ў іх зьявіліся агітацыйныя матэрыялы. Цяпер ёсьць што раздаваць мінакам, кажа ўдзельнік пікету Пётар Іваноў:

"Зь цікаўнасьцю глядзяць! Слова "дэмакратычны кандыдат" іх больш не палохае. Раней, мусіць, баяліся — слова "дэмакратычны" было нібыта лаянкай. А цяпер на слова "дэмакратычны" зьвяртаюць увагу і сябе ў прыхільнікі залічваюць".

Тым ня менш улёткі бяруць ня ўсе — некаторыя абмінаюць пікет ці адводзяць вочы. Спадар Іваноў тлумачыць:

"Гэта страх мінулых дзесяцігодзьдзяў яшчэ сядзіць у сьпінным мозгу. Гэта дзесяцігодзьдзямі і выкараняць трэба. Але нічога! Памалу ўсё ж будзем ісьці да свабоднага жыцьця і да вольнай краіны!"

Побач з агітацыйным пікетам за Някляева на плошчы Леніна ў Віцебску зьявіўся і пікет за Яраслава Раманчука. І сам кандыдат прыехаў у Віцебск на сустрэчы з выбарцамі. Першая зь іх адбылася тут жа, каля пікета.

Яраслаў Раманчук з выбарцамі

Ну вуліцы было дужа золка, таму ад пачатку да канца сустрэчы вытрымалі нямногія, але каля сотні жыхароў абласнога цэнтру наведалі пікет і задалі пытаньні кандыдату. Выбарцы пыталіся пра эканамічныя пэрспэктывы Беларусі, скардзіліся на нізкія заробкі — насуперак абяцаньням падняць іх да 500 даляраў, а таксама спрачаліся пра магчымасьць другога туру на прэзыдэнцкіх выбарах.

На думку Яраслава Раманчука, другі тур пры такой колькасьці кандыдатаў непазьбежны. Але адна зь ягоных прыхільніц выказала пэсымістычнае меркаваньне — пра фальсыфікацыі яшчэ падчас першага туру:

"50% галасоў у Лукашэнкі адымуць. Першыя іх забяруць Саньнікаў, Някляеў, Раманчук. Але што мяне хвалюе — каб выбары прайшлі чэсна. Каб не было фальсыфікацый. Я па начох ня сплю і толькі думаю: "Толькі б фальсыфікацый не было!"

"Байкот — выбарам дыктатуры"

Каля дома № 28 па вуліцы Леніна, насуперак усім агітацыйным сустрэчам, працягвае агітаваць за байкот выбараў апазыцыянэр Барыс Хамайда. Ён выйшаў з новым плякатам "Байкот — выбарам дыктатуры". Плякат вялікі, больш як два мэтры ў даўжыню, і яго добра відаць нават з супрацьлеглага боку дарогі.

Барыс Хамайда з чарговым плякатам

У Барыса Хамайды таксама ёсьць аднадумцы — пераважна сярод тых, хто ня верыць у сумленнасьць падлікаў, якія праводзяцца выбарчымі камісіямі, і хто ўжо атрымаў загад у абавязковым парадку прагаласаваць датэрмінова.


ГОМЕЛЬШЧЫНА

Актывісты арганізавалі аўтапрабег на сход у Менск

У апошнія дні ў Гомелі значна ўзрасла цікавасьць выбарцаў да апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта. Гараджане ня толькі бяруць агітацыйныя матэрыялы на пікетах, але й пытаюцца, калі й дзе будуць іхнія сустрэчы з выбарцамі.


Апавядае гомельскі агітатар за Віталя Рымашэўскага спадар Уладзімер:

"Пасьля выступу на тэледэбатах цікавасьць да Рымашэўскага ўзрасла разоў у пяць. Рымашэўскі людзьмі ўспрымаецца як чалавек з будучыні, як новы чалавек. Менавіта новы чалавек, які стаіць на хрысьціянскіх каштоўнасьцях".

Другая гараджанка з задавальненьнем бярэ агітацыйныя ўлёткі і Рымашэўскага, і Статкевіча:

"Ну вось прапанавалі — пагляджу, пачытаю. Рымашэўскі — сымпатычны на выгляд. Статкевіча я ведаю. Я ўжо вызначылася з кандыдатам. Але паслухаю й іншых, пагляджу".

Тым часам агітатары за Ўладзімера Някляева скардзяцца на недахоп агітацыйных матэрыялаў. У пікетах яны ня могуць задаволіць попыт выбарцаў.

Агітатарка Натальля Самсонава

Агітатарка Натальля Самсонава: "Тысяча ўлётак на тры дні — гэта вельмі мала. У нас на дадзены момант няма праграмы па пунктах. Някляеў хоча зрабіць: першае — тое й тое, другое — гэта й гэта. Людзі падыходзяць, людзі пытаюцца, людзям цікава, а мы нічога ня можам даць. Я кожны дзень па 3—4 разы тэлефаную ў штаб: дзе ўлёткі? Адказваюць: "Тэлефануем у Менск — улётак няма. Улёткі будуць заўтра". І кожны дзень — заўтра, заўтра, заўтра. Мы хочам, каб "заўтра" наступіла сёньня".

Пра недахоп агітацыйных матэрыялаў распавядае й Кастусь Жукоўскі, які сёньня з аўтапрабегам выправіўся ў Менск на сход Някляева, што ладзіцца ў сталіцы на Прывакзальнай плошчы:

"Сёньня ўжо шостага. Сямнаццаць дзён прайшло, а ў Гомелі амаль адсутнічаюць агітацыйныя матэрыялы. На 500-тысячны Гомель прыйшло два разы прыкладна па 10 тысяч улётак. Кампанія, можна сказаць, пачала правальвацца з-за адсутнасьці матэрыялаў. Асноўны накірунак у ёй — дайсьці да кожнага. А з чым ісьці да кожнага? Людзі цікавяцца, людзі просяць, патрабуюць: матэрыял, праграму".

Пікет за Аляксандра Лукашэнка

Заўважнымі ў горадзе ў апошнія дні сталі й пікеты за Аляксандра Лукашэнку. Аднак ніякіх агітацыйных улётак выбарцам пікетоўцы за Лукашэнку не даюць. У іх толькі пляншэт з партрэтам і біяграфіяй дзейнага кіраўніка дзяржавы пад афіцыйным сьцягам ды ў цэляфанавых файліках — перадвыбарчая праграма, надрукаваная на ксэраксе без выходных зьвестак.


МАГІЛЁЎШЧЫНА

Пікетаў людзі не мінаюць

На Магілёўшчыне сёньня агітавалі за Саньнікава, Някляева ды Кастусёва. Пікеты ў іх падтрымку праводзіліся ў Магілёве, Бабруйску, Бялынічах, Быхаве, Слаўгарадзе.

Па адным пікеце ў падтрымку Някляева й Саньнікава выставілі іх паплечнікі ў Магілёве на пляцоўцы перад цэнтральным домам быту. Мінакі атрымлівалі тут ад агітатараў друкаваныя матэрыялы пра кандыдатаў. Адмаўляўся мала хто. Пікеты людзьмі ўспрымаюцца ў цэлым пазытыўна, для некаторых мінакоў іх нават замала:

Спадарыня: "Гэта незвычайныя такія паводзіны. Раней гэта было ўдалечыні ад нас. Цяпер жа гэта прыцягвае увагу грамадзкасьці. Народ павінен ведаць пра нашых кандыдатаў".

Юнак:
"Лепей, калі кандыдат выступае па тэлебачаньні. Калі іх туды па некалькі запрашаюць. Усе задаюць адзін аднаму пытаньні. А так тут можна што хочаш напісаць".

Спадар сталага веку: "Хацелася б, каб гэта было масіравана. Узялі аўтобус з рэпрадуктарам, праехалі па горадзе. Расказалі пра аднаго й другога. І хацелася б, каб было болей выступаў і па тэлебачаньні, і па радыё".

Прыежджыя з аддаленых ад Магілёва райцэнтраў з прыкрасьцю прызнаюць, што яны абдзеленыя ўвагай і агітатараў, і саміх кандыдатаў.

"Пікетаў ніякіх не было й няма. Адзінае, што паставілі тры стэнды. Там зьяўляюцца іншым разам плякаты з заклікам на выбары. А так ніякай агітацыі кандыдатаў там і не зьяўлялася. Адзіная крыніца інфармацыі — гэта выступленьні кандыдатаў па тэлебачаньні", — наракае жыхар Глуску Ігар.

Агітуюць за Саньнікава

Пікет за Някляева


Зрэшты, у тых райцэнтрах, куды кандыдаты заяжджаюць, каб сустрэцца з выбарцамі, ня надта проста паведаміць пра такі візыт. У Краснапольлі, напрыклад, усе абвесткі пра сёньняшнюю сустрэчу Кастусёва пазрывалі, паведаміў жыхар райцэнтру Аляксандар Дзем’янкоў.

"Учора ўсё Краснапольле абклеілі. Сёньня праехаў ранкам — нічога няма. За ноч усё пазрывалі. Людзі расказалі, што міліцэйскі варанок пад’ехаў і ўсё пазрываў. Кажуць: вы паехалі, а празь пятнаццаць хвілінаў прыехаў міліцэйскі "ўазік" і ў цывільным міліцыянт вылез, пазрываў усё і паехаў".

Акрамя Краснапольля, Рыгор Кастусёў агітаваў сёньня за сябе на пікетах у Быхаве й Слаўгарадзе.
XS
SM
MD
LG