Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіла любога палітыка ня толькі ў арганізатарскіх здольнасьцях ды аратарскім майстэрстве, але і ў тылах, якія дазваляюць сканцэнтравацца на грамадзкіх ці дзяржаўных справах. Мы пачынаем сэрыю гутарак з жонкамі кандыдатаў у прэзыдэнты, якія напярэдадні выбараў добраахвотна ці вымушана дзеляць са сваімі мужчынамі ўсе цяжкасьці выбарчых баталіяў. Наколькі важная жаночая падтрымка для беларускіх кандыдатаў?

Першая нашая суразмоўніца — Наста Рымашэўская, жонка кандыдата ў прэзыдэнты, сустаршыні стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Віталя Рымашэўскага.



Галоўныя жанчыны ў жыцьці Віталя Рымашэўскага — несумненна, ягоная маці, якая жыве ў Бабруйску, а таксама жонка Наста і маленькая дачка Ева. Сям'я Рымашэўскіх жыве ў спальным раёне Менску, у аднапакаёвай кватэры. Абмежаваная жылплошча прымушае яе разьмяркоўваць ашчадна: на 16 квадратных мэтрах памясьціліся і калыска аднагадовай Евы, і працоўны куток кандыдата ў прэзыдэнты. Але па прыгажуні-гаспадыні адчуваецца: галоўнае — не мэтраж нерухомасьці, а блізкасьць у сям'і. І адчуваньня цеплыні тут сапраўды хапае.

— Наста, як нарадзілася сям'я Рымашэўскіх? Як пазнаёміліся, пры якіх абставінах? І чым Вас захапіў Віталь?

— У гэтым траўні будзе 10 гадоў, як мы ажаніліся. Пазнаёміліся ў брацтве моладзевым пры адным з праваслаўных храмаў. Віталь проста патэлефанаваў і запытаў, ці я моладзевая нацыяналістка, ці хачу я хадзіць на моладзевыя сустрэчы пры праваслаўным храме? Спачатку адзін да аднаго мы нават не прыглядаліся, а пасьля, з часам, заўважылі і пачалі сустракацца.

Мне заўсёды падабаліся людзі, якія чым-небудзь захапляюцца. І ён
Мне заўсёды падабаліся людзі, якія чым-небудзь захапляюцца.
захапляўся. Напрыклад, займаўся рэабілітацыяй Ларысы Геніюш, Караткевіча ў праваслаўнай царкве. Ён умеў людзей захапіць і ў гэтую працу ўключыць. Вось нейкія рысы ў ім спадабаліся: рашучасьць і проста цікавасьць да людзей. Мне здаецца, што нашая сям'я год ад году толькі мацнее. І гэта нягледзячы на тое, што мы радзей сталі бачыцца, чым раней. Але неяк узаемаразуменьне зьяўляецца.

— А што Вы, Наста, рабілі гэтыя 10 гадоў? Як увогуле разьвівалася Ваша кар'ера?

— Мы, па-першае, завочна разам вучыліся ў багаслоўскім інстытуце ў Маскве, разам езьдзілі на сэсіі. Таксама я вучылася ў магістратуры ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, а пасьля працавала ў архіве літаратуры і мастацтва. Магістарскую працу ў ЭГУ я абараняла па законе аб рэлігіі. Дарэчы, зараз крыху сытуацыя зьмянілася ў тым сэнсе, што я, напрыклад, казала пра ўцісканьне іншых канфэсіяў — пратэстантаў, каталікоў. Зараз каталікі таксама актыўна займаюцца супрацай з уладай. І праваслаўныя, да прыкладу, не на першым месцы ў гэтай супрацы. Таму мая праца зараз ужо і ня вельмі актуальная, нягледзячы на тое, што прайшло толькі 6 гадоў.

— У таго, хто асабіста ня ведае Віталя Рымашэўскага, складаецца ўражаньне, што гэта чалавек досыць мяккі, якога можна схіліць да кампрамісу. Адчуваньне праўдзівае ці падманлівае?

— Ён адначасова і мяккі, але пры гэтым можа быць вельмі рашучы і імпульсіўны, у залежнасьці ад абставінаў. Але я б сказала, што гэта чалавек досыць гарманічны. Па-першае, ён перакананы, што яго пакліканьне — займацца палітыкай. А гэта вельмі важна, таму што ў яго ёсьць
Ён бясстрашны, ён упэўнены і ўмее прабачаць людзям.
упэўненасьць. Калі чалавек вагаецца, ён будзе менш рашучы, будзе чагосьці баяцца. А ён бясстрашны, ён упэўнены і ўмее прабачаць людзям.

Напрыклад, па сустрэчах заўважна. Калі ён рабіў сустрэчы з выбаршчыкамі, то людзі ж рознае кажуць, яны могуць пакрыўдзіць. Вось, напрыклад, я б крыўдзілася. А Віталь здольны зразумець гэтага чалавека і прабачаць. Бо ён ня жорсткі, у яго ёсьць любоў да людзей, якія маюць супрацьлеглую думку.


СЯМЕЙНАЯ НАРАДА


— А як прымалася рашэньне вылучацца ў прэзыдэнты? Ці была нейкая сямейная рада?

— Так, мы гэта абмяркоўвалі. Ня тое, што Віталь паставіў мяне перад фактам, ён сам пэўны час вагаўся. Але калі ён прыняў канкрэтна гэтае рашэньне, то я пагадзілася. Я давяраю ягоным рашэньням, бо пакуль што не было такога, што калі Віталь у чымсьці ўпэўнены, гэта ўрэшце не атрымлівалася.

— Ужо на цяперашнім этапе некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты заяўляюць, што нават абвешчаныя "лібэральнымі" выбары — насамрэч спэктакль. Вы верыце ў шчырасьць уладаў?

— Гэтай уладзе верыць нельга. І, безумоўна, гэта своеасаблівая клаўнада. Калі, прыкладам, ёсьць камэдыя, то гэта трагікамэдыя ў вельмі яскравым выяўленьні. Месца, дзе шмат людзей у нешта гуляюць. Шкада і іхняга часу,
Трэба ўдзельнічаць, перадусім каб людзі бачылі іншы шлях.
бо жыцьцё проста праходзіць, людзі "горшацца", і ў выніку людзей падманваюць такім вось спэктаклем. Але ж гэта жыцьцё, не тэатар. Што да таго, удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у гэтых выбарах? Трэба ўдзельнічаць, перадусім каб людзі бачылі іншы шлях. Бо нельга ўвогуле ўжо скласьці рукі. Як мая мама (пісьменьніца Галіна Каржанеўская — РС) кажа пра жабку, якая масла зьбівала, дык вось варта гэтай жабкай скакаць, каб нешта зьбіць...

— Вы ўсьведамляеце, што ў беларускіх умовах спроба супрацьстаяць уладзе — рашэньне ня з простых і можа мець непрагназаваныя наступствы?

— Мы ўсё дапускаем, але ўслых не абгаворваем. Навошта наперад нешта казаць? Мы ж ня ведаем насамрэч, што нас чакае. Каб мы ведалі, як Ларыса Геніюш казала, што будзе з намі наперадзе, то ніхто б ня выжыў. Таму жывем як жывем, і робім, што можам, у сёньняшніх варунках. Дарэчы, калі Віталь рыхтаваўся да выступу на тэлевізіі, Ева рэагавала, рэфлексавала. Была капрызная, бо, напэўна, штосьці перадаецца ад бацькоў. Прынамсі, ад маці, бо я, канечне, турбавалася.

— А як ставіцца ўся вялікая сям'я да гэтага рашэньня, бацькі Віталя і Вашыя?

— Бацькі Віталя (яны жывуць у Бабруйску) вельмі перажываюць: "навошта яму гэта патрэбна?". Проста яны ведаюць, чаго можна чакаць ад удзелу ў выбарах. Але яны яго падтрымліваюць. Чым больш кампанія набірае ход, тым больш яны становяцца актыўныя і больш упэўненыя ў Віталі.

ПРА ПАДАТКОВУЮ, ЯРМОШЫНУ І ТЭЛЕБАЧАНЬНЕ


— Яшчэ да акцыі 24 лістапада Віталя Рымашэўскага папярэдзілі пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, потым былі прапагандысцкія выпады, што, маўляў, мала задэкляраваў прыбыткаў. Пачалі "рыць яму" пад кандыдата?

— Яе пачалі даўно рыць, калі пасыпаліся ўсе гэтыя лісты, якія нас рэгулярна зь Евай будзяць — гэта паштальёнка прыносіць лісты з падатковай. Ужо пачала Ярмошына розныя выказваньні рабіць. Мне здаецца, што яны моцна раззлаваліся і ўжо сябе нават ня стрымліваюць.

— Вы згадалі Лідзію Ярмошыну… Павал Севярынец, які атрымліваў пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты замест Віталя Рымашэўскага, адмовіўся паціснуць руку Ярмошынай, дэманстратыўна паставіў перад сабой бел-чырвона-белы сьцяжок. Якое Ваша стаўленьне?


— Кожны чалавек, канечне, варты павагі. Але некаторыя ўчынкі і словы таго ня вартыя. Я памятаю, напрыклад, выпадак з гісторыі, калі жонка Янкі
Кожны чалавек, канечне, варты павагі. Але некаторыя ўчынкі і словы таго ня вартыя.
Купалы сустрэлася з Бэндэ. Яна з кімсьці ішла, зь нейкай жанчынай, і паціснула Бэндэ, кату, руку. І тая жанчына, паэтка, запыталася: "Як так? Ваш муж цярпеў ад гэтага чалавека, а вы яму паціснулі руку". Яна адказала, што паціснула руку, каб яго вершы далей выдаваліся. І я, памятаю, гэты ўчынак асудзіла. Унутрана мне падалося, што гэта было ня варта таго. Але гэта быў яе ўчынак. Я ня ведаю, як бы я паступіла на месцы Севярынца ці Віталя, але мне здаецца, што Павал зрабіў правільна.

— Не сумняваемся, што Вы глядзелі выступ мужа па тэлебачаньні. Як ацэньваеце прамову, ці ёсьць крытычныя заўвагі?

— Агулам мне спадабаўся выступ, але, канечне, хібы былі. Я сказала пра гэта Віталю, але ён і сам пра гэта ведае. Прыкладам, мне здаецца, што ягоны выступ па тэлевізіі на мясцовых саветах быў лепшы. Магчыма, з-за таго, што зараз быў просты эфір, альбо ён адчуваў большую адказнасьць, бо ўсё ж прэзыдэнцкія выбары. Зьмест — вельмі добры, мне спадабаліся тэмы, якія ён закрануў. Пры гэтым я ведаю, што ён добры выступоўца, але гэты выступ не на вышыні — ён можа лепей. Безумоўна, пятнаццацігадовага досьведу красамоўства ў яго няма, як ёсьць у пэўнай асобы.

— Вы нейкім чынам прыклалі руку да падрыхтоўкі тэксту?

— Частку тэксту ён мне начытваў, я набірала, але другую частку нам Ева папросту перашкаджала гэта рабіць. Таму другую частку ён сам набіраў, і я яе ня чула. Толькі калі ён начытваў тэкст, тады я некалькі заўваг зрабіла.



— Скажыце, Ева — "татава дачка"? У тым сэнсе, што Віталь яе песьціць ці, можа, наадварот, намагаецца трымаць у дысцыпліне?

— Віталь увогуле дзяцей любіць — і чужых і Еву. Мне здаецца нават, што калі б я яго ў чымсьці ня стрымлівала, то ён занадта б яе песьціў. Але пры гэтым ён можа сказаць строга, калі яна пачынае непатрэбшчыну рабіць. Канечне, калі тата прыходзіць, і яна чуе, што дзьверы замкнуліся — то толькі тата, яна пра ўсё на сьвеце забываецца. Дарэчы, пакуль што мы нават на чаргу ў садок ня сталі, бо ў Віталя няма ніяк часу заехаць і стаць на гэтую
Чым больш я займаюся зь Евай, тым больш я бачу недахопаў у дашкольных адукацыі і выхаваньні.
чаргу. Але, канечне, мы будзем шукаць групу беларускамоўную. Калі такой ня будзе, то будзем ствараць. Канечне, добра было б, калі б у нас былі садкі хатняга кшталту, там дзе па некалькі дзетак. Мы, напрыклад, хацелі б хадзіць на нейкія заняткі ў клюб дзіцячы. Ёсьць выдатныя клюбы, але там ізноў усе заняткі на рускай мове. Дзеткі там скачуць, там казкі — для дзетак добра разьвівацца. Але шкада, што няма альтэрнатывы. Чым больш я займаюся зь Евай, тым больш я бачу недахопаў у дашкольных адукацыі і выхаваньні. Зрэшты, і мэдычных таксама. З кніжкамі ў нас таксама праблема — у беларускамоўных кніжках мала ілюстрацый, і яны непрыгожыя.

— Вы згадвалі, што працавалі ў архіве літаратуры і мастацтва. Цяпер Вы даглядаеце Еву, але потым плянуеце туды вярнуцца?

— Ня ведаю, ці пляную туды вяртацца, хаця мне праца падабалася. Мне падабаліся тыя фонды, зь якімі я працавала. Шмат на каго інакш паглядзела, іншымі вачыма. Я апрацоўвала архіў Ермаловіча. Важна было паглядзець, якую працу правёў чалавек. Яго цяпер абвінавачваюць у непрафэсійным падыходзе, але ўвесь гэты почырк паказвае, як чалавек захоплены быў, расчытваў усе гэтыя летапісы і кнігі з благім зрокам. Гэта, канечне, варта пашаны.


ПРА РОЛЮ ПЕРШАЙ ЛЭДЗІ


— Наста, а ці ёсьць нейкі вобраз жонкі кіраўніка дзяржавы, які Вам падабаецца?

— Адразу скажу, што не падабаецца. Мне не падабаецца роля жонкі Сарказі, таму што, як мне здаецца, трошкі прыніжальна мець жонку за ляльку. У гэтым сэнсе, можа, мне чымсьці імпануе цяперашняя роля Гілары Клінтан. Але да гэтага таксама трэба дарасьці, прынамсі, буду спрабаваць. У нас, ведаеце, мне здаецца, гістарычна няма падобнага досьведу ў краіне. Магчыма, быў ня вельмі ўдалы яшчэ за савецкім часам досьвед з Раісай Гарбачовай, калі яна ў чымсьці падаўляла мужа…

— Што, па-вашаму, жонка можа дадаць да вобразу кандыдата ў прэзыдэнты? Вось, на прыкладзе Вашай сям'і?

— Ведаеце, калі жонка побач, увогуле два чалавекі побач, то яны
Калі два чалавекі побач, то яны "ўзаемапрасякальныя".
"ўзаемапрасякальныя": муж набіраецца таго, што ёсьць у жонкі, а жонка — таго, што ёсьць у мужа. Мне здаецца, што вось нашае сумеснае жыцьцё — дзесяць гадоў, мы адзін у аднаго нахапаліся добрых і благіх рэчаў. Вось, напрыклад, тая залішняя мяккасьць мая ўраўнаважваецца Віталёвай цьвёрдасьцю. І наадварот, Віталёва цьвёрдасьць — маёй мяккасьцю.

— Ці прымяралі ўжо на сябе ролю першай лэдзі? Чым рэальна маглі б займацца на гэтай сапраўды дзяржаўнай пасадзе?


— Мне б, канечне, хацелася зьвярнуць увагу на беларускую мову і культуру,
Мне б, канечне, хацелася зьвярнуць увагу на беларускую мову і культуру, на культуру ўвогуле.
на культуру ўвогуле. Таму працы будзе процьма. Я б хацела гэтым заняцца. Таму што, напрыклад, раней гэтае жыцьцё кіпела. Памятаю пачатак дзевяностых, калі была процьма праглядаў кіно, нейкія новыя пастаноўкі спэктакляў, нейкія выставы — выстава Гойі. Зараз жа ў гэтым нейкае балота.

— Якія чаканьні Вы асабіста зьвязваеце з будучымі выбарамі?

— Я бачу Віталя рана ці позна прэзыдэнтам. Таму што ў яго ўсе рысы характару, у яго пакліканьне — усё ёсьць. Я бачу сябе больш актыўнай у дапамозе яму і маім удзеле ў палітычным жыцьці. Я бачу сябе больш упэўненай зь Евай у пясочніцы — там, дзе не захлынаюць нас такія рускія "пацешкі". А там, дзе мы можам упэўнена таксама сьпяваць свае песьні на беларускай мове, нас разумеюць, на нас ня так зьвяртаюць увагу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG