Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыбывае кардынал з Ватыкану Зянон Грахалеўскі


Сёньня з трохдзённым візытам у Беларусь прыбывае пасланьнік Папы рымскага кардынал Зянон Грахалеўскі. Ён наведае Горадню з нагоды 20-годзьдзя Вышэйшай духоўнай сэмінарыі. У беларускім касьцёле спадзяюцца, што візыт ватыканскага кардынала стане яшчэ адным крокам да прыезду ў Беларусь Бэнэдыкта XVI.

Зянон Грахалеўскі прыбывае на запрашэньне гарадзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча і сэмінарыйнай супольнасьці Горадні. Нагодай для гэтага сталіся дзьве падзеі, якія сьвяткуюцца гэтымі днямі: 20-годзьдзе духоўнай сэмінарыі і 305-годзьдзе кансэкрацыі гарадзенскай катэдры. Акрамя таго, Горадня – адзін з улюбёных гарадоў ватыканскага кардынала, паведаміў а. Павал Салабуда:

Такія візыты ў Беларусь апошнім часам сталіся вельмі частымі
"Ён вельмі любіць Горадню, бо сам паходжаньнем з Польшчы і тут, у Горадні, ён ужо трэці раз. Такія візыты ў Беларусь апошнім часам сталіся вельмі частымі. Быў кардынал Бэртонэ, іншыя вышэйшыя чыноўнікі Ватыкану прыязджаюць і цікавяцца сытуацыяй каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. У гэтым выпадку -- Зянона Грахалеўскі -- цікавіцца каталіцкай адукацыяй у Беларусі".

Зянон Грахалеўскі ў Ватыкане ўзначальвае ведамства, якое адказвае за ўсю каталіцкую адукацыю ў сьвеце. Таму перадусім ён выступіць зь лекцыяй перад беларускімі сэмінарыстамі, выкладчыкамі, рэктарамі Вышэйшых духоўных устаноў. Сустрэчаў падчас набажэнстваў з кардыналам чакаюць таксама і гарадзенскія вернікі. Адна зь іх Марыся Мацко кажа, што такія сустрэчы асабліва патрэбныя падчас важных падзей у жыцьці краіны:

Гэтая супольная малітва мае вельмі моцнае духоўнае значэньне ў сэнсе ўзрастаньня веры
"Гэтая супольная малітва мае вельмі моцнае духоўнае значэньне ў сэнсе ўзрастаньня веры. Калі будзе вера, то гэта дапаможа зьмяніць сытуацыю ў Беларусі да лепшага, каб нашая дзяржава сталася больш дэмакратычнай. Калі мы будзем аб'ядноўвацца вакол веры, тады людзі будуць абіраць першую асобу паводле ягонай веры".

Кардынал Зянон Грахалеўскі зьяўляецца адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў Папы рымскага Бэнэдыкта XVI. Таму нават выключна духоўны візыт папскага пасланьніка – важны знак для Беларусі, кажа а. Павал Салабуда:

"Мы вельмі рады, што ён прыязджае, бо прысутнасьць кардынала – гэта, нібыта, як і Папы рымскага, бо гэта адзін з найбліжэйшых яго супрацоўнікаў. І мы спадзяемся, што кожны такі візыт набліжае нас да таго, што Бэнэдыкт XVI таксама прыедзе ў Беларусь. І, канечне ж, у Горадню, бо гэта цэнтар хрысьціянства ў Беларусі".

У каталіцкім касьцёле таксама паведамляюць, што блізкая да завяршэньня праца над дакумэнтам аб супрацоўніцтве паміж Ватыканам і Беларусьсю.

Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі, якую прэзэнтуе кардынал Зянон Грахалеўскі -- гэта ватыканскае ведамства, якое клапоціцца амаль пра 1000 каталіцкіх унівэрсытэтаў, 150 тэалягічных факультэтаў, пра 3000 духоўных сэмінарый, тысячы каталіцкіх школ, у якіх навучаюцца каля 50 мільёнаў чалавек. Кангрэгацыю можна лічыць адным з найстарэйшых міністэрстваў у справах адукацыі ў сьвеце: ў 1588 г. папа Сыкст V заснаваў ведамства, якое апекавалася рымскімі ўнівэрсытэтамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG