Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў сабе сход


Кастрычніцкая плошча закрыта для мінакоў
Кастрычніцкая плошча закрыта для мінакоў
Сёньня ў Палацы рэспублікі ў Менску адкрыецца чацьвёрты Ўсебеларускі народны сход, на які ўлады зьбіраюць дзьве з паловай тысячы чалавек. Альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты на яго не запрасілі. Уладзімер Някляеў заклікаў прыйсьці на дэмакратычны сход, які пройдзе на Прывакзальнай плошчы ў Менску ў 18 гадзінаў.

На так званым Ўсебеларускім народным сходзе, які праходзіць амаль за два тыдні да выбараў, будзе разгледжана праграма сацыяльна –эканамічнага разьвіцьця Беларусі на новую пяцігодку. Такія сходы праводзяцца ўладамі напярэдадні важных палітычных кампаній. Папярэдні таксама прайшоў перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Ён запомніўся жорсткім зьбіцьцём кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна, які спрабаваў на яго прайсьці, і таксама заявай Лукашэнкі аб тым, што нібыта першадрукар Францыск Скарына жыў у Піцеры:

"Чаго мы саромеемся? Ну жылі мы ў той дзяржаве. І Скарына быў ня толькі беларус, ён жыў і ў Піцеры. І тварыў там. Гэта наш Скарына. Расейцы з гордасьцю пра яго гавораць".

Лукашэнка адзіны зь дзесяці кандыдатаў зможа выступіць на сходзе. Астатніх кандыдатаў улады не запрасілі. Хаця за тое, каб Уладзімер Някляеў на яго патрапіў, было сабрана 27 тысяч подпісаў грамадзянаў.

У 18 гадзін на плошчы, дзе стаіць мой кругласуткавы пікет, я буду прамаўляць тое, што мне не далі прамовіць на гэтым Усебеларускім народным сходзе
Някляеў:
"Нягледзячы на тое, што гэты сход нелегітымны, ні ў якіх законах ці дэкрэтах не пазначаны, я зрабіў спробы, каб на яго патрапіць і давесьці сваю праграму нароўні зь іншым кандыдатам Лукашэнкам, які будзе на гэтым сходзе баляваць. Але мае высілкі вынікаў не далі, на гэты сход мяне не пусьцілі. Таму я вырашыў правесьці альтэрнатыўны сход, сапраўды народны, на вакзале, дзе і ёсьць народ. Сёньня, калі будзе праходзіць гэты сход, у 18 гадзін на плошчы, дзе стаіць мой кругласуткавы пікет, я буду прамаўляць тое, што мне не далі прамовіць на гэтым Усебеларускім народным сходзе".

Спадар Някляеў сказаў, што запрашае ўсіх альтэрнатыўных кандыдатаў прыйсьці на Прывакзальную плошчу. Як ставяцца іншыя кандыдаты да Ўсебеларускага народнага сходу? Рыгор Кастусёў адзначыў:

"Гэты сход не прапісаны ні ў канстытуцыі, у іншых заканадаўчых актах. Проста зьбяруцца прыхільнікі Лукашэнкі, паразмаўляюць, прымуць нейкія рашэньні, але яны ўсе будуць незаконнымі. Гэта проста злачынная трата бюджэтных грошай, гэта падарункі, пражываньне для ўдзельнікаў сходу, абеды. Гэта мільёны даляраў. За кошт падаткаплатнікаў".

Яраслаў Раманчук сказаў, што сёньня будзе сустракацца з выбарцамі ў Полацку і Наваполацку. Усебеларускі народны сход ён назваў часткай перадвыбарчай кампаніі Лукашэнкі, якую ён праводзіць за кошт бюджэту.

"Гэта, па сутнасьці, справа для Цэнтрвыбаркаму, каб разабрацца чаму ён праходзіць і чаму няма такой магчымасьці ў іншых кандыдатаў".

У канстытуцыі няма такога сходу. Гэта так рабіў Сталін і Гітлер.
Кандыдат у прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка таксама не атрымаў запрашэньня на Ўсебеларускі народны сход.

"У канстытуцыі няма такога сходу. Гэта так рабіў Сталін і Гітлер. То бок людзі, якія былі калісьці. Усё гэта так, паказуха".

Мікола Статкевіч заявіў. што гэта перадвыбарчая акцыя аднаго з кандыдатаў, якая чамусьці праводзіцца за грошы выбарцаў.

"Мільёны даляраў на рэклямную акцыю аднаго кандыдата. Я думаю. за гэта трэба адназначна здымаць. Але ж хто будзе здымаць? Ягоныя швейкі, якіх ён прызначыў?"

Я не разумею працэдуры вылучэньня людзей на гэты сход. Гэта людзі дэ-факта прызначаныя
Алесь Міхалевіч
ставіцца да Ўсебеларускага народнага сходу, як вялікай сустрэчы прыхільнікаў дзейнага прэзыдэнта.

"Лічу, што кожны чалавек мае права сабраць сваіх прыхільнікаў. Але ніводзін кандыдат ня мае права зьбіраць сваіх прыхільнікаў за дзяржаўныя грошы. Я не разумею працэдуры вылучэньня людзей на гэты сход. Гэта людзі дэ-факта прызначаныя".

Расходуюцца народныя беларускія грошы на вось такую паказуху, на піяр
Віталь Рымашэўскі называе Ўсебеларускі народны сход "паказухай і нацыянальным ганьбішчам".

"Расходуюцца народныя беларускія грошы на вось такую паказуху, на піяр, абсалютна незаконны, аднаго з кандыдатаў".

Дэлегатаў на Ўсебеларускі народны сход будуць дастаўляць аўтобусамі з розных рэгіёнаў, таму супрацоўнікі міліцыі папярэджваюць пра заторы на некаторых вуліцах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG