Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вельмі хацелася б спадзявацца, што падчас маратону кандыдацкіх тэлевыступаў у краіне, не падлучанай да інтэрнэту, адбывалася хаця б нешта аддалена падобнае да таго, што адбывалася ў блогасфэры. (Зрэшты, калі верыць блогеру _extraneus_, наваполацкаму пралетару: «Сытуацыя там надзвычай моцна нагадвае настрой інтэрнэт-аўдыторыі, таму я б не адасабляў яе і "народ". Што тут, тое і там». Гэта ў сэнсе крытычнай настроенасьці да дзейнага палітычнага ладу.) Блогасфэра на вачах эвалюцыянавала: з апалітычнай друзлай масы - у сабраны і наэлектрызаваны пратэстны электарат, гатовы ісьці на плошчу. І гэта зусім не прадказальны вынік, яго магло і ня быць. Нягледзячы на ўстойлівую непрыязнасьць пераважнай часткі блогераў да існага рэжыму, напярэдадні кандыдацкага тэлемаратону зацікаўленаму ў пераменах назіральніку за блогасфэрай заставалася хіба выклікнуць у роспачы: «Шэф, усё прапала!». Бо рэй вялі насьмешнікі, якім за столькі гадоў усё ніяк не надакучыць кпіць з «лузэраў» у апазыцыі, і скептыкі. Ня тое што на плошчу - галасаваць, здаецца, мала хто зьбіраўся. За кардынальны пералом у настроях і заканчэньне зацяжнога пэрыяду разброду і хістаньняў падзякаваць, бадай што, трэба найперш Мікалаю Статкевічу, чый другі выступ па тэлебачаньні выклікаў фурор, але найбольш - каманднай гульні ўсіх кандыдатаў падчас «дэбатаў».

Іх агляд у жанры «вачыма футбольнага камэнтатара» зрабіў блогер longlivebelarus, канстатаваўшы: «Самы галоўны чыньнік пройгрышу каманды “БТ-Лукашэнка” аказаўся ў тым, што ўсе дзевяць кандыдатаў выйшлі адзінай камандай. Аўтагалоў у гульні не было. Не было нават выпадковых удараў па сваіх варотах. Забыўшыся пра розьніцу ў майстэрстве і зарплаце, легіянэры з розных клюбаў выйшлі адзінай зборнай і згулялі даволі нядрэнна, улічваючы ўсе фактары гульні на чужым полі».

Так трымаць, спадарове альтэрнатыўныя кандыдаты! Улічваючы тое, што выбараў у краіне насамрэч няма, аб чым вы самі неаднойчы казалі, а ёсьць барацьба з узурпацыяй улады, ня той выпадак, калі можна прабівацца паасобку ды яшчэ і рабіць падножкі адзін аднаму.

У суботу ў эфіры БТ здарылася без перабольшваньня неверагоднае: прадстаўнікі ці ня самай раздробненай у сьвеце апазыцыі, чыім улюбёным заняткам дасюль, за адсутнасьцю іншага, было перацягваньне на сябе куртатай і дзіравай шкуры незабітага мядзьведзя, зьнянацку выступілі адной харугвай. «Дэбаты» глядзеліся як выступ калектыўнага адзінага кандыдата ад апазыцыі. У сілу толькі сваёй калектыўнасьці значна больш прадстаўнічага і яркага, чым папярэднія індывідуальныя «адзіныя», шматаблічнага: ад глянцава-пазытыўнага Віталя Рымашэўскага да суворага і жорсткага Міколы Статкевіча, ад сучаснага і «легкакрылага» Яраслава Раманчука да самавітага, нібы ўрослага каранямі ў зямлю Рыгора Кастусёва. Гэта, бадай, самы галоўны вынік «дэбатаў»: той, каму вочы канчаткова не зацягнула бяльмом ідэалягічна-выверанай тэлепрапаганды, павінен быў убачыць, што ў апазыцыі знаходзяцца самыя розныя людзі. З розных сацыяльных групаў, з рознымі абліччамі і думкамі рознымі. А значыць, альтэрнатыва ўсё ж існуе і складаецца яна ня зь нейкіх там сабакагаловых пачвараў іншаземнага паходжаньня. Глядзі-тка, во гэты, ну акурат мой сусед (кум, сват, брат)!

Дарэчы, спадар Кастусёў дадаў у агульную кандыдацкую палітру адценьне, якога заўсёды вельмі бракавала: «я мужык-беларус». Ці, як па-блогерску сфармуляваў гэта revanshist: «у вясковага дзядзькі праклюнулася такая "олдскульная" (ад анг. old school - "старая школа" - заўв. Будзімір) спакойная харызма». На мой погляд, тое ўдала спрацавала на карысьць агульнай справе. Можна залічыць яму ў актыў і нечаканы адлуп вядучым, якія разьлічвалі раскруціць яго на сварку з «прарасейскімі кандыдатамі».

Яшчэ адзін трапны стрэл зрабіў Віталь Рымашэўскі, калі сказаў, што Лукашэнка, мабыць, схаваўся, за пустуючай трыбунай Някляева. Ягоныя словы натхнілі блогера zhelezko на стварэньне маленькага шэдэўра ў фармаце gif-анімацыі:



Дзякуючы ў тым ліку і гэтаму нязмушанаму жарту Рымашэўскага адсутнасьць дзейснага прэзыдэнта, якая мелася падкрэсьліць ягоную зорную недасягальнасьць, успрынялася як праява баязьлівасьці. Некаторыя блогеры, чыё ўяўленьне пра дыскусійныя здольнасьці адсутнага кандыдата засноўваецца на мітах дзяржпрапаганды або на ўспамінах пра тэледэбаты 1994 году, выказваліся ў тым духу, быццам Лукашэнка «усіх парваў бы». Але іншыя, хто меней схільны да індактрынацыі, казалі пра тое, што Лукашэнка папросту няздольны дэбатаваць. Прыкладам, блогерка zaklin11: «АРЛ ужо забыўся, што такое крытыка, таму ня вытрымаў бы бяз звычкі размовы на роўных. Вось і паказаў бы свае вантробы выбаршчыкам :)... Ох, Статкевіч! Калі б і ня быў бы ён случчаком, усё роўна, пайшла б за ім. Ой, мужык! Ах, даваў! Тры разы паднімалася з канапы і хадзіла па пакою. Мікола, я ваша навекі! :)))».

Нібыта «мадэратары» нібыта «дэбатаў», супрацоўнікі галоўнага органу агітацыі і прапаганды, насамрэч прадстаўлялі ў студыі інтарэсы баязьлівага кандыдата. І справіліся з гэтым надзвычай кепска. Вось як камэнтавалі іхную працу ў эфіры блогеры-журналісты:

«Маральная дэградацыя вядзе і да прафэсійнай бездані. Усе гэтыя зімоўскія, пракопавы, крывашэевы, якіх прычасалі, прыпудрылі, смачна падкармілі, у сутычцы меркаваньняў, характараў - поўная нікчэмнасьць». (mikalaj_achyzha)

«Ужо першага кантакту з рэальным жыцьцём хапіла, каб мэга-зоркі БТ і правераныя палітбайцы Юры Пракопаў і Андрэй Крывашэеў ператварыліся ў мокрых курыцаў. Куды толькі падзелася вядомая гледачам палітычных блокбастэраў БТ харызма, упэўненасьць і красамоўства згаданых таварышаў. Усё гэта аказалася такой самай хлусьнёй як і іх журналісцкая творчасьць... Яны былі ня ў стане запанаваць над дэбатамі. І нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо каб панаваць, трэба карыстацца павагай суразмоўцаў. Павагі да БТ-шнікаў няма. І яны пра гэта ведаюць. І ад гэтага Пракопаў і Крывашэеў рабіліся яшчэ больш слабымі і нямоглымі. Напампаваныя “зоркі” аказаліся абсалютна непадрыхтаванымі каб працаваць з непрыхільным суразмоўцам, каб размаўляць на роўных з палітычным апанэнтам і не зрывацца на шчанячы віск, кшталту распавяданьня анэкдота пра паручніка Ржэўскага... Пасьля гэтых тэледэбатаў стала зразумела, чаму Пракопаў, Крывашэеў і ўся іхная АНТ-шна-БТ-шная тусоўка так радзеюць за Аляксандра Рыгоравіча. Без дыктатуры, яны ніхто і нішто». (poczobut)

Не абышлося, між іншым, без хлусьні. Хаця што гэта я - хлусьня і БТ ужо даўно сталіся амаль сынонімамі. Вядучыя схлусілі, сказаўшы, быццам кандыдаты падчас перадачы 55 разоў згадалі прозьвішча «Лукашэнка» (маўляў, замест таго, каб прадстаўляць свае праграмы, зацыкліліся на крытыцы). Магчыма, наіўны глядач гэта праглынуў, не разжоўваючы, але ўважлівых блогераў на мякіне не ашукаеш. Яны перагледзелі запіс і зрабілі падлік. Самы поўны быў зроблены блогеркай burbalka: з вуснаў кандыдатаў прозьвішча пакуль што дзейнага прэзыдэнта прагучала ўсяго 8 разоў, разам з рэфэрэнцыямі да яго (кшталту «сёньняшняя ўлада», «той чалавек», «гэты чалавек», «адзін чалавек», «дзейны кіраўнік дзяржавы», «прэзыдэнт», «кандыдат у прэзыдэнты», «чалавек, які збаяўся сюды прыйсьці», «ён» і «ты») назьбіралася 25-30 згадак.

Скажаце, дробязь? Мажліва. «Але асадачак застаўся». Апроч гэтага, супраць кандыдатаў быў скарыстаны ўвесь даступны дзяржаўным агітатарам і прапагандыстам арсэнал тэхнічных сродкаў. Перадачы папярэднічаў сюжэт пра посьпехі і дасягненьні Беларусі пад мудрым кіраўніцтвам самага баязьлівага кандыдата, адразу ж пасьля яе распачаўся нейкі крымінальны сюжэт, пазьней - сюжэт пра тое, як Аляксандр Рыгоравіч дбае пра спрашчэньне візавага рэжыму для беларусаў у Астане (візам у Эўразьвяз адводзілася даволі шмат увагі падчас «дэбатаў»). Непасрэдна падчас праграмы апэратар імкнуўся падлавіць у кадры найбольш невыгодны выраз твару розных кандыдатаў. Карацей, традыцыйныя дробныя пакасьці. Аднак гэтым разам яны не дапамаглі.

Ну што, «забаўляльная» частка выбарчага маратону скончылася. Наперадзе ў кандыдатаў апошнія дзянькі (спадзяемся) ліхаманкавай агітацыі наўпрост, без пасярэдніцтва дзяржаўных СМІ, а ў пратэстнага электарату - на роздум аб тым, ісьці ці не на плошчу. Менавіта гэтае пытаньне стаіць цяпер на парадку дня і горача абмяркоўваецца.

Пра што чытайце ў наступным матэрыяле.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG