Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлевыступы: “Душа радуецца, што ў нас ёсьць такія людзі”


“Закончыліся тэлевізійныя выступы кандыдатаў. Хто Вам найбольш запомніўся і чаму?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадарыня: “Вельмі запомніўся выступ Някляева. Гэта было так эмацыйна, так прыгожа! І ён на самай справе сказаў праўду: куды ні глянь – усю новы лядовы палац. Мы не глядзім далей. Мы ня бачым, што пэнсіянэры сядзець па пяць гадзінаў у чарзе ў паліклініцы. Студэнты па чатыры гадзіны сядзяць, каб узяць тую няшчасную даведку, што яны хварэюць. Сядзяць хворыя, з тэмпэратурай. Нам не патрэбны новыя лядовыя палацы, нам патрэбны новыя паліклінікі. Нам патрэбна мадэрнізацыя заводаў, нам патрэбна, каб наша прадукцыя выходзіла на сусьветны ўзровень”.

Спадар: “Запомніліся тым, што ўсе сказалі, што ў нас пазыка 25 мільярдаў – вось што мяне цікавіць. І дзе мы столькі набралі? І хто іх аддаваць будзе? Вось што мяне цікавіць”.

Спадарыня: “Мне запомніліся выступленьнямі Статкевіч і Някляеў. Яны – яркія, харызматычныя палітыкі. Статкевіч наагул адкрыта сказаў, што ў нас укралі выбары. І каб улада вярнула іх, трэба дзеля гэтага выйсьці на плошчу. Яшчэ запомніўся Кастусёў, але ў нэгатыўным пляне. Ён частку дэмакратычных кандыдатаў назваў прарасейскімі”.

Спадар: “Някляеў вельмі цудоўна выступаў – эмацыйна, прыгожа. Скончыў цудоўным вершам. Выступаў Статкевіч. Малайчына! Душа радуецца, што ў нас ёсьць такія людзі”.

Спадарыня: “Шчыра кажу – нікога ня бачыла. Позна з працы прыходзіла”.

Спадар: “Яраслаў Раманчук запомніўся, а таксама Віталь Рымашэўскі. Іхнія праграмы, на мой погляд, маюць пэрспэктывы”.

Спадарыня: “Мне Саньнікаў даспадобы. Вельмі інтэлігентны чалавек, дыпляматам быў. Праграма ягоная падабаецца – абяцае, што наша Беларусь у Эўразьвяз уступіць. І з Расеяй стасункі наладзім”.

Спадар: “Мы таксама на Саньнікаве спыніліся. Добрая праграма ўваходу ў Эўрапейскі Зьвяз”.

Спадар: “Вельмі запомніўся Яраслаў Раманчук. Надзвычай пісьменная гутарка. Ніякіх лішніх абяцаньняў. Эканамічная праграма – мільён працоўных месцаў. Усё, як падаецца, у парадку. Сам належыць да партыі, у якой таксама пісьменныя людзі. Добрая каманда, як мне падаецца, у яго”.

Спадар: “Запомніліся Саньнікаў, Някляеў і Статкевіч. Статкевіч і Някляеў – яркія лідэры, якія цяпер патрэбны краіне. А Саньнікаў – так, ён казаў разумныя, правільныя рэчы, але неяк санліва. Спаць хочацца пад такі выступ”.
XS
SM
MD
LG