Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальшыня кандыдатаў замест радыёдэбатаў абрала сустрэчы з выбарцамі


Пікет Някляева ля Камароўскага рынку. Някляеў дэманструе графікі росту цэнаў за апошнія гады.

Пікет Някляева ля Камароўскага рынку. Някляеў дэманструе графікі росту цэнаў за апошнія гады.

5 сьнежня кандыдаты ў прэзыдэнты праводзілі сустрэчы з выбарцамі, некаторыя рыхтаваліся да ўдзелу ў радыёдэбатах.

Уладзімер Някляеў узяў сёньня ўдзел у сустрэчы з выбарцамі на пікеце каля Камароўскага рынку ў Менску. Як толькі спадар Някляеў пачаў прамаўляць побач пачаўся канцэрт, дзе агітавалі за дзейнага кіраўніка краіны.

"Вось пайшло-паехала. І самае цікавае, што там будуць сьпявацца песьні на вершы Ўладзімера Някляева. У іх і песень нават сваіх няма. Няма нічога свайго, няма нацыянальнай ідэі, таго, што б яны маглі сказаць беларусам ад душы, ад сэрца. Адна прапаганда, адны пустыя, фальшывыя словы".

Адзін з удзельнікаў сустрэчы пацікавіўся, чаму Някляеў пакінуў тэледэбаты?

"Падчас прэзыдэнцкіх выбараў той чалавек, які пры ўладзе, павінен дэбатаваць з тымі людзьмі, з тым чалавекам, які хоча на ягонае месца прыйсьці. І адказваць на пытаньні: дзе грошы, чаму мы ўсе жывём бедна, чаму прадпрымальнікам перадушваюць горла і гэтак далей. А ён павінен пытацца, што я зраблю, каб было інакш. Вось што такое палітычныя дэбаты. А нас паставілі пад нумарамі, нібыта мы на іпадроме нейкія коні. Вось кожнаму нумар і мы павінны былі па гэтых дзевяці дарожках пабегчы, выхваляючыся, у каго з нас рысь лепшая ці што? Таму ня маючы магчымасьці дэбатаваць з тым чалавекам, які пры ўладзе, я палічыў, што браць удзел у гэтых дэбатах ня мае ніякага толку".

У камандзе Някляева паведамілі, што ў сёньняшніх радыёдэбатах замест кандыдата возьме ўдзел яго давераная асоба. А сам Някляеў правядзе яшчэ адну сустрэчу з выбарцамі ў Менску.

Пікет Някляева ля Камароўскага рынку

Пікет Някляева ля Камароўскага рынку

Пікет Някляева ля Камароўскага рынку. Някляеў дэманструе графікі росту цэнаў за апошнія гады.

Пікет Някляева ля Камароўскага рынку

Таксама замест радыёдэбатаў Андрэй Саньнікаў абраў паездку па рэгіёнах, ён праводзіць сустрэчы з выбарцамі ў Гомелі і Жлобіне.

На пікеце за А.Саньнікава ля Камароўскага рынку раздавалі ўлёткі

Ня возьме ўдзелу ў радыёдэбатах і кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч. Замест яго прыйдзе кіраўнік выбарчага штабу Сяргей Марцылеў. А Статкевіч пачынае візыт у Бэрлін, дзе возьме ўдзел у канфэрэнцыі на запрашэньне нямецкіх сацыял-дэмакратаў.

"Мне і маім паплечнікам па партыі не зусім зразумелая палітыка шэрагу эўрапейскіх дзяржаў адносна Беларусі. Калі мы не разумеем і асуджаем дзеяньні дэмакратычнай Эўропы, то гэта б'е па нашых ідэалах. А мы ж трымаемся дзякуючы гэтым ідэалам, веры ў іх. Мы хацелі б атрымаць тлумачэньні гэтай "рэал-палітык". Я хачу паслухаць тлумачэньне такой палітыкі і выказаць сваю пазыцыю".

Кандыдат Віталь Рымашэўскі таксама ня возьме ўдзелу ў радыёдэбатах. Ён вырашыў не ахвяраваць заплянаванымі раней сустрэчамі з выбарцамі ў Горадні. Удзень ён выступіў у гарадзенскай філярмоніі, а ў 17 гадзін сустрэнецца з саюзам палякаў па адрасе вуліца Будзёнага, 48а.

"Я абраў застацца тут. Я лічу, што важней сустракацца з выбарцамі, бо па радыё было ўжо некалькі выступаў, ды і там прыйдуць дэмакратычныя кандыдаты і скажуць, што думаюць пра існую ўладу. У пунктах крытыкі ўлады мы ўсе больш-менш згодныя. А распавесьці пра сваю праграму ў гэтым фармаце наўрад ці будзе магчыма. Зноў будуць такія ж самыя вядоўцы, якія будуць спрабаваць зьдзекавацца і выстаўляць ня ў выгадным сьвятле кандыдатаў".

Кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук сёньня праводзіць сустрэчы ў Слуцку і Салігорску. А 17-й гадзіне ў яго заплянаваны выступ у салігорскім доме культуры. Замест Раманчука ў радыёдэбатах возьме ўдзел сябра яго штабу, старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Спадар Раманчук сказаў:

"Радыё – гэта іншы фармат. Калі можна, каб замест мяне нехта яшчэ быў з маёй пазыцыяй, гэта значна лепш. Тым больш, што радыё мала хто слухае. Лепш сустрэцца з тысячай выбарцаў у рэгіёне, чым быць у такім эфіры. Тым больш, што можна рабіць і тое, і другое з дапамогай каманды".

Кандыдаты ў прэзыдэнты Рыгор Кастусёў, Алесь Міхалевіч і Віктар Цярэшчанка паведамілі, што зьбіраюцца браць удзел у радыёдэбатах.

Спадар Кастусёў так патлумачыў сваё рашэньне;

"Я выкарыстоўваю любы момант, любую нагоду, каб зьвярнуцца да выбарцаў. Гэта няхай хвіліна, дзьве, пяць, але я яе буду выкарыстоўваць".

Пасьля радыёдэбатаў Алесь Міхалевіч, як сябар клюбу ўладальнікаў катоў, у менскім палацы моладзі возьме ўдзел у цырымоніі ўзнагароджваньня пераможцаў выставы на лепшую котку Беларусі.

Ля Камароўскага рынку "Белая Русь" ладзіла канцэрт у падтрымку Лукашэнкі

Ля Камароўскага рынку "Белая Русь" ладзіла канцэрт у падтрымку Лукашэнкі

Ля Камароўскага рынку "Белая Русь" ладзіла канцэрт у падтрымку Лукашэнкі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG