Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апазыцыйныя кандыдаты могуць запісаць тэледэбаты сабе ў плюс



Някляеў ізноў паказаў, што ён "асаблівы". Вядоўцы БТ ня здолелі пасварыць кандыдатаў, якія вялі рэй падчас размовы. Вынікі дэбатаў аналізуе наш аглядальнік Віталь Цыганкоў.
















Бушлякоў:
Па-першае, што можна сказаць пра фармат дэбатаў. Ці можна сказаць, што гэта сапраўды была дыскусія кандыдатаў у прэзыдэнты?

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
Для пачатку дазволю сабе нагадаць, што апошні раз дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты былі ў 1994 годзе і было гэта паміж першым і другім турамі. Удзельнічалі Кебіч і Лукашэнка, вядоўцы і журналісты ў студыі задавалі ім шматлікія пытаньні, нават передавалі Кебічу нейкія дакумэнты пра карупцыю ў ягоным атачэньні.

Вядучыя суботняй перадачы Юры Пракопаў і Андрэй Крывашэеў – бадай, самыя адыёзныя фігуры сярод палітычных журналістаў на БТ. Праўда, забягаючы наперад, можна сказаць, што выглядалі яны блякла.

Спачатку кандыдатам далі паўтары хвіліны для ўступнага слова. Андрэй Саньнікаў адразу заявіў, што гэта не дэбаты, бо няма Лукашэнкі. На тое ж зьвярнуў увагу і Рыгор Кастусёў, які заявіў, што Лукашэнку, відаць, няма чаго сказаць кандыдатам і гледачам. На тое ж самае зьвярнуў увагу Мікола Статкевіч – дзе гэты чалавек, дзе Лукашэнка? У цэлым за ўступныя паўтары хвіліны кандыдаты коратка выкладалі свае праграмы.

Бушлякоў: У такім фармаце ці маглі быць сюрпрызы? Ці нехта з кандыдатаў зрабіў сюрпрыз?

Цыганкоў: Так, сюрпрыз быў. І яго зрабіў Уладзімер Някляеў. Ён таксама ўсьлед за Саньнікавым заявіў, што гэта не дэбаты. Паколькі тут павінен быць кандыдат ад улады. "А калі яго няма, я сыходжу адсюль". Такім чынам, Някляеў ізноў паказаў, што ён асаблівы кандыдат, ізноў вылучыў сябе сярод іншых. Цяжка сказаць, ці пойдзе гэта яму ў плюс ці ў мінус, але сваім крокам Някляеў вырашыў паказаць, што адзіны супернік, зь якім яму ёсьць пра што спрачацца – гэта Лукашэнка.

Бушлякоў: У выніку ўсёй гадзіны гэтай перадачы хто з кандыдатаў, на вашую думку, выглядаў лепш? Хто з кандыдатаў можа занесьці гэтыя дэбаты сябе ў актыў?

Цыганкоў: Скажу адразу, што кандыдаты вялі рэй, вядоўцам не ўдалося навязаць свайго сцэнару перадачы. Напрыклад, Рыгор Кастусёў не паддаўся на правакацыю вядоўцаў, якія хацелі пасварыць розных кандыдатаў, каб Кастусёў пачаў гаварыць аб прарасейскіх кандыдатах. Кастусёў сказаў, што ўсё ўжо абгаварыў індывідуальна, і перадача не пайшла па сцэнары сваркі кандыдатаў.

А Саньнікаў увогуле ў пэўны час ўзяў вядзеньне дыскусіі ў свае рукі, калі прапанаваў усім кандыдатам выказацца пра тое, ці ёсьць у народзе нейкая падтрымка Лукашэнкі. Калі вядучыя спыталі ў Саньнікава пра цэнзуру на сайце "Хартыя-97", ён проста праігнараваў гэтае пытаньне.

Бадай, найбольш раскавана трымаўся Рымашэўскі, ён добра жэстыкуляваў і выглядаў найбольш натуральна і нязмушана.

Статкевіч зноў зьвяртаўся "на ты" да адзінага гледача, да Лукашэнкі, праўда, зноў не называючы ягонага прозьвішча. Статкевіч выказаўся даволі мэтафарычна, што Лукашэнка – гэта чалавек, які ляжыць як камень на дарозе да нармальнага жыцьця.

Даволі часта выступаў Раманчук, які імкнуўся пацьвердзіць свой імідж найперш эканамічнага адмыслоўца, кандыдата, які хоча "захаваць старое і будаваць новае". Гаварыў, аднак, пераважна наконт эканомікі.

У заключным слове, калі кандыдатам давалася 30 сэкундаў, Саньнікаў Раманчук, Рымашэўскі і Статкевіч заклікалі прыйсьці на Плошчу.

У цэлым тыя асьцярогі, што гэтая перадача можа стаць правальнай для альтэрнатыўных кандыдатаў, не апраўдаліся. Мне здаецца, усе яны паказалі, што могуць годна выглядаць падчас тэледэбатаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG