Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 сьнежня на першым канале Беларускага тэлебачаньня заплянаваныя дэбаты паміж кандыдатамі на прэзыдэнта, ад удзелу ў якіх адмовіўся А.Лукашэнка. Ці выклікала цікавасьць у жыхароў Горадні гэтая падзея, ці захацелі яны ўключыць тэлевізар, каб убачыць выбарчыя дэбаты?


Пэнсіянэрка:
“Паслухаем — што цікавага будуць гаварыць. Выступаў добры кандыдат адзін, Яраслаў Раманчук хіба. Ён гаварыў някепска, добра гаварыў”.

Спадарыня: “Мая будучыня мяне цікавіць, але глядзець я на гэта не хачу”.

Спадарыня:
“Канечне, я ўсё гляджу, але тут нічога ўжо не памяняеш…”

Пэнсіянэрка:
“Як час дазволіць. Мяне цікавіць, напрыклад, Рымашэўскі, мне падабаецца Саньнікаў, нядрэнныя праграмы ў іх, паслухала б — што яны там гавораць”.

Спадар: “Пагляджу, я ўсе выступы гляджу. Цяпер усе добра гавораць, што хочуць, тое выказваюць”.

Спадарыня: “Канечне, хачу паглядзець, хачу паслухаць іх усіх разам”.

Пэнсіянэр: “Паслухаю, што яны будуць гаварыць — што яны зробяць, калі прыйдуць?”

Спадар: “Я ўжо здагадваюся, што гэта ня мае сэнсу: хто быў, той і застанецца. Гэта пэсымізм, правільна, таму што тут усё вырашана. Глядзіш: кандыдаты там у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, але ж ён сказаў аднойчы, я ў газэце чытаў гэта: я быў, ёсьць і буду прэзыдэнтам. Усё! Вось ягоныя словы. Дальбог! Я маці сваёй паклянуся нават”.

Спадарыня: “Мяне цікавіць інтэлект кожнага зь іх, але я буду яшчэ выбіраць, я ня ведаю”.

Маладзён: “Калі атрымаецца, пагляджу, не атрымаецца, ня буду глядзець”.

Малады спадар: “Асобныя выступы кандыдатаў я не гляджу, яны мне ня вельмі цікавыя. Дэбаты я пагляджу з задавальненьнем. Калі чалавек размаўляе зь іншым, ён паказвае — наколькі жыва можа арыентавацца ў сытуацыі. Дэбаты адбываюцца больш экспромтам, мы зможам скласьці лепшае меркаваньне пра кандыдата, калі ён будзе жыўцом размаўляць зь іншымі кандыдатамі на прэзыдэнта”.

Спадар: “Чаму, калі ёсьць час, можна паглядзець. Але я думаю, што ўсё роўна будзе Лукашэнка, ён і так усе канвэнцыі парушыў: па канстытуцыі ён павінен быць два тэрміны, як у Расеі, дапусьцім, а ён ужо будзе які? Чацьверты тэрмін. Я думаю, што ён сам сябе абярэ і ўсё. І будзе правіць (сьмяецца)”.
XS
SM
MD
LG