Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень агітацыі на плошчы вальнадумства ў Магілёве


Матэрыялы ад Саньнікава разьбіралася мінакамі з ахвотай

Матэрыялы ад Саньнікава разьбіралася мінакамі з ахвотай

Актыўным пікетаваньнем правялі сёньняшні дзень магілёўскія паплечнікі кандыдатаў у прэзыдэнты. На пляцоўцы перад цэнтральным Домам быту агітавалі за Саньнікава, Някляева ды Лукашэнку. На пешаходнай вуліцы Ленінскай заклікалі галасаваць за Міхалевіча.

На пляцоўцы перад Домам быту, ці як яе называюць цяпер у Магілёве плошчай вальнадумства, мінакі з ахвотай бралі агітацыйныя матэрыялы кандыдатаў. Час ад часу ўспыхвалі спрэчкі. Адна зь першых адбылася ля пікету за Лукашэнку.

“Два тэрміны пабыў і хопіць, як у Штатах, у Нямеччыне. Трэба, каб мяняліся прэзыдэнты, як ува ўсім сьвеце. Нават Пуцін казаў: “Я ня хворы на ўладу”. Каб у нас мяняліся прэзыдэнты, тады б ніякіх праблемаў не было. Можа ён і добры чалавек, але трэба яго мяняць. Два тэрміны і ўсё. Ва Ўкраіне мяняюцца, у Польшчы мяняюцца. Гэта ж рэальна”, тлумачыць сваю пазыцыю адзін зь незадаволеных.

Пікет за Лукашэнку

Агітатар за Лукашэнку гэтак пракамэнтаваў выбух людзкога незадавальненьня:

“Ну я ня ведаю чаму так адбылося -- відаць колькі людзей, столькі й думак. Людзі ж думаюць як ім падабаецца. Гэта ж іх выбар, за якога кандыдата галасаваць”.

На лукашэнкаўскім пікеце каля дзясятка агітатараў. Пікет з БРСМаўскімі сьцягамі, мноствам лёзунгаў і дужа гучнымі расейскамоўнымі песьнямі беларускіх выканаўцаў.

За дваццаць мэтраў ад пікету за Лукашэнку два актывісты раздаюць мінакам улёткі ад Саньнікава. Да двух стэндаў з партрэтамі апазыцыйнага кандыдата, злучаных сінім сьцягам з надпісам “Беларусь” у атачэньні зорак Эўразьвязу, людзі падыходзяць сьвядома.

“Практычна кожны мінак бярэ ўлёткі. Толькі людзі сталага веку выказваюць часам незадавальненьне, але такіх няшмат. Бальшыня людзей цікавяцца. Ім не хапае інфармацыі, аб’ектыўнай інфармацыі. Такое я ўзгадваю было за Гарбачовым, калі ганяліся за часопісам “Аганёк”. Голад інфармацыйны адчуваецца, таму самі людзі ідуць і бяруць, кажа сябра штаба Саньнікава Віктор Болдзін.

Пікет Саньнікава. Віктар Болдзін

Пікет з намётам Някляева таксама не безь людзкой увагі. Мінакі тут атрымліваюць у пакунках агітацыйныя падарункі ад кандыдата. Агітатары не пасьпяваюць іх пакаваць.

“Людзі падыходзяць і дужа актыўна разьбіраюць. Пакункі правяраюць дужа дбайна, каб была і праграма кандыдата ды кантактныя нумары тэлефонаў, каб можна было патэлефанаваць. Людзям не стае інфармацыі. Многія прызнаюцца, што ня ведаюць пра ўсіх кандыдатаў. Бываюць, што ўступаюць у спрэчкі”, зазначаюць агітатаркі Някляева.

Агітуюць за Някляева

Што да спрэчкі, то яе доўга чакаць не давялося. Cпадар сталага веку пачаў даймаць жанчын заявамі ў марнасьці іх працы. Свае довады ён ўзмацняў нецэнзурнай лаянкай.

“Калі вы думаеце, што ўладу можа зьмяніць адзін чалавек, то вы памыляецеся. За чалавекам, які цяпер пры ўладзе, стаіць урад ды ёсьць войскі. Вы, што думаеце, што ён адзін. Я буду галасаваць, каб не было бандыцкага перадзелу як у дзевяностых гадах”.

Спрэчка скончылася гэтак жа нечакана як і пачалася. Спадар сплюнуў і сышоў, так і пераканаўшы ў слушнасьці сваіх довадаў.

Пікет Міхалевіча на Ленінскай

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG