Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першыя пікеты ў Горадні пад песьні на словы Някляева


Раздаюць улёткі за апазыцыйных кандыдатаў

Раздаюць улёткі за апазыцыйных кандыдатаў

Перад уваходам на рынак “Цэнтральны”, што на вуліцы Паліграфістаў у Горадні, 4 сьнежня зьявіліся першыя агітацыйныя пікеты за Андрэя Саньнікава, Уладзімера Някляева і Рыгора Кастусёва. Актывісты раздаюць улёткі з праграмамі кандыдатаў, гучыць музыка, людзі часам спрачаюцца.

На вуліцы Паліграфістаў даволі люднае месца, гараджане сьпяшаюцца на рынак, іх падбадзёрвае музыка, а актывісты даюць улёткі за сваіх кандыдатаў. Як агітуецца?

Спадар
: “Зімна, але хто цікавіцца той бярэ ўлёткі, а каму не цікава – ідзе далей па сваіх справах”.

Карэспандэнт
: “А музыка дапамагае агітаваць?”.

Спадар:
“Музыка дапамагае, весялей працаваць”.

Дзьве спадарыні ўважліва ўчытваюцца ў праграму Андрэя Саньнікава. Ці падабаецца ім кандыдат?

Спадарыня:
“Гэта ўсё дарма, бо ўсёроўна Лукашэнка пераможа”.

Карэспандэнт:
“А чаму вы так лічыце?”

Спадарыня:
“А што пасьля галасаваньня там нехта можа пракантраляваць, як яны нашыя галасы разьбіраюць? Там усё падробяць, каб Лукашэнка перамог. Я ня веру ў гэтыя выбары”.

Іншая спадарыня: “А я ніводнаму ня веру”.

Карэспандэнт:
“А Аляксандру Лукашэнку верыце?”

Спадарыня: “Ой, не, упасі Божа. Лукашэнка страціў розум. Ён толькі за крэсла трымаецца, ён за народ не змагаецца, ён толькі за сябе змагаецца. Мне страшна жыць”.

Далучаецца спадар, які прадае цёплыя сьцелькі.

Спадар:
“Для мяне яны ніхто не патрэбны, ніхто зь іх мне ў жыцьці нічога ня даў. Ні Кебіч, ні да Кебіча, ні Лукашэнка. Як я атрымліваў мінімальную пэнсію, так і атрымліваю. Як быў жабраком, так і застаюся”.

Іншы спадар: “Можна я скажу?”.

Карэспандэнт:
“Калі ласка…”.

Спадар
: “Выступленьні кандыдатаў былі вельмі добрыя і праграмы – добрыя, але самае галоўнае зараз для Беларусі – 19 сьнежня вывесьці людзей на вуліцу. Калі людзі выйдуць, ён пабачыць рэальны расклад: хто за каго”.

Карэспандэнт: “А вы лічыце, што інакш не зьмяніць уладу?”.

Спадар: “Не, гэта немагчыма”.

Пытаюся яшчэ ў адной спадарыні, што чытае ўлётку:

Карэспандэнт: “А як вы лічыце – трэба мяняць уладу ці не?”

Спадарыня: “Я думаю ня проста трэба, а трэба тэрмінова. Таму што ў нас ужо створана паразітычнае грамадзтва”.

Адзін сталы спадар прыслухоўваецца да размовы і таксама просіць выказацца наконт кандыдатаў.

Спадар: “Яны вельмі слабыя людзі, у іх няма канкрэтнай праграмы. Я вось паглядзеў іх выступы дык там: прыватызуем, прадамо, Захад нам дапаможа, пойдзем у Эўропу… Але кім у Эўропу пойдзем? Грузчыкамі, дворнікамі?...”.

А побач спадарыня прапаноўвае ўсім нам гарачыя піражкі і дадае:

Спадарыня: “А я прагаласую толькі за таго кандыдата, які паабяцае карміць сталых людзей задарма тры разы на дзень…”.



Раздаюць улёткі за Уладзімера Някляева

Выбарцы цікавяцца праграмай Саньнікава

Раздаюць улёткі за Андрэя Саньнікава

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG