Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіянальныя актывісты патрабуюць ад кандыдатаў адзінства



На кожнай сустрэчы апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта з выбарцамі ў рэгіёнах гучаць пытаньні аб адзінстве апазыцыйных сіл на прэзыдэнцкіх выбарах. Гэтага ж патрабуюць і мясцовыя актывісты выбарчых штабоў розных кандыдатаў на Берасьцейшчыне.





Баранавіцкі апазыцыянэр Яраслаў Грышчэня зьяўляецца даверанай асобай адразу трох апазыцыйных кандыдатаў, ён зьбіраў подпісы за Яраслава Раманчука, Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса. Вус і Статкевіч увогуле маюць у Баранавічах адну каманду – 60 чалавек, кажа Яраслаў:

Вадзім Бегеня і Яраслаў Грышчэня ў Баранавічах агітуюць за Статкевіча
"Людзі ў нас цікавяцца ўлёткамі, праграмамі. Але ўсе дакладна разумеюць, што сыходзячы са скандалаў наверсе, у прынцыпе няма сэнсу працаваць наогул, бо кожны апазыцыйны кандыдат атрымае свае 5 працэнтаў, і будзе элегантная перамога Лукашэнкі…

І калі народ і хоча нешта зьмяніць, то зыходзячы з таго, што верх не дамовіўся, – нічога не атрымаецца".





На месцах асаблівых супярэчнасьцяў паміж апазыцыянэрамі няма.
Давераная асоба Ўладзімера Някляева Вячаслаў Болбат кажа, што ў Баранавічах каманды ўсіх кандыдатаў супрацоўнічаюць, узгадняюць свае дзеяньні.

Вячаслаў Болбат з Баранавічаў
Актывіст каманды Статкевіча Аляксандар Татаранка з Баранавіч

Сябра ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча падпалкоўнік запасу Аляксандар Татаранка падзел апазыцыі на гэтых выбарах называе бядой:

"Я думаю, што кандыдаты думаючыя людзі, розуму хопіць прыйсьці да аднаго, і калі за час, які застаўся, адбудзецца аб'яднаньне на нейкіх пазыцыях, выйдзе нехта, хай нават двое, але павядзе гэтая двойка, а на пэўным этапе хтосьці будзе адзіным кандыдатам, то я спадзяюся, што нешта адбудзецца. Калі не – хунта будзе ў нас працягвацца".

Зьміцер Трацьцяк зь Белаазёрску, намесьнік старшыні Берасьцейскай абласной рады Партыі БНФ, кажа, што на месцах усе дэмакраты згуртаваныя, справа за Менскам:

Зьміцер Трацьцяк з Белаазёрску
"Нам тут дзяліць няма чаго, мы заўсёды тут дамовімся. Мы заўсёды тут дамовімся аб супольнай працы".

Сам спадар Трацьцяк працуе ў камандзе кандыдата Рыгора Кастусёва, але дапамагае яшчэ і Аляксею Міхалевічу.

"Кампанія такая цікавая, разнастайная, ёсьць кандыдаты на любы густ. А зь іншага боку няма такога кулака, які б ўдарыў бы па сучаснай нашай уладзе. Я староньнік таго, каб нашыя кандыдаты аб'ядналіся, і быў адзіны кандыдат, які б супрацьстаяў цяперашняму кіраўніцтву краіны".

Спадар Трацьцяк быў сярод мітынгоўцаў на Кастрычніцкай плошчы 2006 году, але ён пакуль не ўпэўнены, ці паедзе 19 сьнежня ў Менск на Плошчу-2010, усё залежыць ад таго, як прадоўжыцца кампанія, кажа ён.

Зьміцер Верабей зь Івацэвічаў зьяўляецца сябрам Манархічнай лігі Вялікага княства Літоўскага, цяпер ён працуе ў камандзе кандыдата ад БНФ Рыгора Кастусёва. Зьміцер бачыць пазытыў і нэгатыў у тым, што ў цяперашняй кампаніі шмат апазыцыйных кандыдатаў:

"Чаму добра? Таму што розныя меркаваньні, плюралізм думак, гэта пазытыўна. Але ў нашых рэальных умовах, калі нам трэба было б аб'яднацца, можа, гэта і не вельмі добра. Ну пабачым, яшчэ можа хто і здымецца".

Зьміцер Верабей мяркуе, што сёлета масавыя пратэсты ў Менску адбудуцца, але ён баіцца гэтай Плошчы:

"Таму што нашая ўлада ня пойдзе на тое, каб гэта была аксамітная рэвалюцыя, гэта будзе крывавая... Трэба ісьці як ахвяра – вось такое ў мяне меркаваньне,-- але ніяк не прымаць удзел у нейкіх беспарадках, паказаць, што ёсьць людзі, якія супраць розных падтасовак, паказаць, што выбіралі іншага".


Агітацыйны пікет за Някляева ў Баранавічах
Агітацыйны пікет за Кастусёва ў Белаазёрску
XS
SM
MD
LG