Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусёў: Для мяне незалежнасьць Беларусі – найвялікшая каштоўнасьць


3 сьнежня кандыдат на прэзыдэнта ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў праводзіў перадвыбарчыя сустрэчы на Берасьцейшчыне. Ён адказаў на некаторыя пытаньні Радыё Свабода адносна сваёй перадвыбарчай кампаніі.

Каліноўскі: Спадар Рыгор, вы сёньня пайшлі ў народ, сустракаліся зь людзьмі ў пікетах і на сходзе. Ці ўдалося знайсьці агульную мову?

Кастусёў: З тымі людзьмі, што задумваюцца, што будзе далей ў Беларусі, я знайшоў агульную мову. Але з тымі, хто прыйшоў каб выканаць свой абавязак па заданьні райвыканкаму або іншых кіруючых органаў, вядома ж, я на змог зь імі знайсьці агульную мову.

Каліноўскі: Як рэагавалі людзі на назву партыі БНФ?

Кастусёў: Выдатна рэагавалі. Асабліва ў Белаазёрску казалі: "Дзе вы былі ўсе гэтыя 16 год?"

Каліноўскі: На сходзе ў Бярозе вы некалькі разоў зьвярталіся да працаўнікоў вэртыкалі, якія прысутнічалі і задавалі вам нязручныя пытаньні аб тым, каб яны не прымалі удзел у фальсыфікацыі выбараў. Вы думаеце, гэта неяк паўзьдзейнічае на іх?

Кастусёў: Ва ўсякі разе яны задумаюцца. І можа быць хтосьці зь іх ня будзе ўдзельнічаць у парушэньні заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Каліноўскі: Калі вы гаварылі са звычайнымі людзьмі, ці заўважылі вы пратэстны настрой, гатоўнасьць выйсьці на плошчу?

Кастусёў: Ёсьць такія настроі, і ў многіх людзей. Зразумела, што ня ўсе паедуць у Менск, але маладыя людзі многія казалі, што яны прыедуць у Менск на плошчу.

Каліноўскі: Улады выдзяляюць для апазыцыйных кандыдатаў вялікія залі, якія не запаўняюцца на дзясятую частку, на пятую частку. Чаму?

Кастусёў: Я думаю, што для вас гэта зразумела па паводзінах чыноўнікаў, якія прыйшлі спэцыяльна сюды, каб задаць няёмкія пытаньні. каб справакаваць канфлікт. Зразумела, што чыноўнікі прымаюць меры, каб напаўненьне залі не было на 100%. Яны ня робяць гэта зараз забаронамі, а трошкі хітрэй.

Каліноўскі: А чым адметная Берасьцейшчына, якую вы зараз наведвалі, чым яна адрозьніваецца ад вашай роднай Магілёўшчыны.

Кастусёў: Паводзіны людзей аднолькавыя. Ёсьць розьніца ў тым. што розныя ўнутраныя праблемы рэгіёну. Але галоўнае, што людзям робіцца жыць немагчыма. Іх заробкі вельмі нізкія. Гэта практычна аднолькава ва ўсіх рэгіёнах.

Каліноўскі: Практычна на кожнай сустрэчы вас пыталіся пра адзінства апазыцыйных кандыдатаў.

Кастусёў: Я шмат аддаў сілаў і намаганьняў для таго, каб мы выйшлі на адзінага кандыдата. Я шчыра займаўся гэтай працэдурай. Але некаторыя з кандыдатаў на першым жа этапе заявілі, што яны ня пойдуць на гэтую працэдуру і не пагодзяцца абіраць адзінага. Можа быць і добра, што не адбыліся выбары адзінага. Вы глядзіце, якія ў нас зараз ёсьць шанцы выступіць перад людзьмі. Я пабыўшы ў рэгіёнах, пабачыў, што людзі глядзяць тэлевізар. Людзі бягуць на выступы кандыдатаў як на шоў, я прыяжджаю, і мяне людзі пазнаюць.

Каліноўскі: Мікола Статкевіч ўчора выказаў незадавальненьне вашай крытыкай на адрас іншых апазыцыйных кандыдатаў.

Кастусёў: Для мяне і для партыі БНФ незалежнасьць нашай краіны – найвялікшая каштоўнасьць. Калі мы страцім незалежнасьць, то мы страцім і Беларусь. Таму для мяне найменшае заігрываньне ў пляне незалежнасьці, любыя заігрываньні з Масквой і найменшая рызыка страты незалежнасьці – найвялікшая пагроза. Таму я выказаў сваё незадавальненьне. Я не выказаў крытыку.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG