Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 сьнежня быў апошні дзень выступаў кандыдатаў у прэзыдэнты ў эфіры Першага тэлеканалу. Першым а 19-й гадзіне павінен быў выступаць кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка, але ён зноў ня выкарыстаў свой эфірны час. Паўгадзіны ў прайм-тайм тэлегледачы вымушаныя былі глядзець дакумэнтальны фільм "Зямля беларуская. Вытокі". А 19.30 па беларускім тэлебачаньні выступіў Уладзімер Някляеў.

Уладзімер Някляеў зноў прамаўляў, стоячы на тле свайго плякату "За Някляева!" Спачатку распавёў пра свае ўражаньні ад вандровак па краіне — у Полацку і Бабруйску гатэлі прыватызавалі дачка мэра і кум аднаго з сыноў прэзыдэнта...







Заўважыў, што гэта апошні выступ дэмакратычных кандыдатаў, а ад заўтра будзе сольны канцэрт толькі аднаго з кандыдатаў. Таму Някляеў разам з Саньнікавым ды іншымі дэмакратычнымі кандыдатамі патрабаваў роўных умоваў: аднолькавага часу ў тэле- і радыёэфіры, такой жа плошчы ў газэтах, як для дзейнага кіраўніка дзяржавы.

"Я патрабую роўных умоваў яшчэ па той прычыне, што я маю шанцы стаць прэзыдэнтам нароўні з Лукашэнкам. У яго недзе крыху больш за 30%, у мяне 20% . Але перамога ў 10 – 15% не дае яму магчымасьці перамагчы ў першым туры. І будзе другі тур. І ў другім туры – зусім магчыма, што пераможа Ўладзімер Някляеў".

Далей Уладзімер Някляеў прааналізаваў праграму Лукашэнкі, нават пахваліў яе. Але, на погляд спадара Някляева, Лукашэнка і ягоная праграма — несумяшчальныя:

"Для усіх эканамічных пераўтварэньняў, закладзеных ў гэтай праграме, неабходныя, як першая аснова, рэформы палітычныя. Прычым, такія, якія адмяняюць дыктатуру, а значыць, пазбаўляюць Лукашэнку ўлады. А цяпер скажыце: ці здольны ён дзеля эканамічных пераўтварэньняў аддаць уладу, хаця б яе частку? Не!"

Далей кандыдат на прэзыдэнта прайшоўся па асобных пунктах праграмы — там няма слова "аддаць даўгі", там ёсьць толькі "актывізаваць", "узмацніць"...

"Самы ўстойлівы міт — гэта Лукашэнка моцны, добры гаспадар. Калі добры гаспадар, чаму ж ён у даўгах, як у шаўках? 25 мільярдаў даляраў вінна Беларусь зараз ва ўсе бакі".

Пры добрасуседзкіх адносінах можна было б папрасіць суседзяў з даўгамі пачакаць, але цяперашні прэзыдэнт палаяўся з усімі, кажа кандыдат Уладзімер Някляеў:

"Прычым так, што калі раптам загарыцца наша беларуская хата, дык і дапамагаць нам тушыць пажар наўрад ці кінуцца. Скажуць: "А, гарыце вы там разам з вашым гаспадаром..." Я хачу, каб вы зразумелі: для таго, каб не згарэла наша беларуская хата, трэба памяняць гаспадара. Надта ж ён печ зварак распаліў, нават комін чырвоны".

Падлічыў Някляеў і тое, у якую капейчыну дзяржаве, народу, абыходзіцца ўтрыманьне прэзыдэнта: у 400 мільёнаў даляраў у год. За гэтыя грошы можна пабудаваць 181 дзіцячы садак, для 208 тысяч пэнсіянэраў — гэта гадавая пэнсія, гэта 3 гадавыя бюджэты такога раёну, як Ашмянскі.

Някляеў заўважыў, што з краінамі Эўразьвязу ў Беларусі няма ніводнай сур'ёзнай дамовы, нават дагавору пра партнэрства і супрацоўніцтва. Кандыдат распавёў, што ён сустракаўся са многімі эўрапейскімі і ўсясьветнымі лідэрамі, згадаўшы Ежы Бузэка, Гілары Клінтан.

"Усе яны выказвалі гатоўнасьць з намі супрацоўнічаць, нам дапамагаць. Але не дыктатуры, не Лукашэнку, а Някляеву, ці Саньнікаву, ці іншаму дэмакратычнаму кандыдату. І Лукашэнка гэта разумее".

Паўтарыў спадар Някляеў і свае асноўныя прынцыпы: прыстойнасьць, здаровы сэнс і павага да людзей. Выклаў некаторыя пункты сваёй праграмы: мацярынскі капітал, вяртаньне ільготаў, пэнсіі ў 75% ад заробку, таннае жытло. Але для гэтага трэба ўзяць уладу. Выбары — гэта барацьба, перакананы Някляеў. І ён ускладае вялікую надзею на экзыт-полы, дзякуючы якім будуць вядомыя праўдзівыя вынікі выбараў. Ён зноў запрасіў людзей на плошчу. Прычым, даў гарантыі:

"Я перакананы, што Беларусь як увайшла ў дыктатуру праз выбары, яна павінна праз іх і выйсьці... Я на плошчу прыйду з жонкай і дачкой. Плошча будзе мірная, але вельмі складаная. На ёй будуць людзі, і зьявяцца сілы з вельмі рознымі інтарэсамі. Праз гэта верагодны і правакацыі. Таму я прапаную праваахоўным органам, менскай міліцыі: давайце разам абаронім плошчу ад брутальнасьці, ад правакацыяў. Створаныя намі дружыны гатовыя супрацоўнічаць з міліцыяй. Ня слухайце выпадковых людзей. Слухайце толькі тых, хто вас на плошчу паклікаў. Слухайце Ўладзімера Някляева. І, дарэчы, галасуйце за яго!"

Распавёў пра Чэхію, дзе 20 гадоў таму таксама было складана, згадаў Вацлава Гаўла:

Вацлаў Гавэл глядзіць ў вакно, а на плошчы паліцыя, армія, ён кажа: "Божа мой, як жа мы адолеем усю гэтую сілу?" І адолелі! Спачатку выйшла 100 чалавек, а пасьля ўся Чэхія. І зьмяла яна ўсю паліцэйскую і вайсковую сілу. Вацлаў Гавэл сказаў тады геніяльную фразу: "Ніколі ня ведаеш, дзе і калі ўпадзе сьняжынка, якая выкліча лавіну". Дык вось я думаю, што ў нас у Беларусі гэтая сьняжынка ўпадзе 19 сьнежня на плошчы ў Менску".

І завяршыў Някляеў традыцыйна сваім вершам "Я прыйшоў, каб вы перамаглі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG