Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
3 сьнежня ў Нацыянальнай бібліятэцы была прадстаўленая кніга “Беларускае замежжа”. Гэта калектыўны зборнік, у якім тэксты больш дваццаці аўтараў пададзеныя паралельна па-беларуску і па-расейску.

Складальнік кнігі — куратар сфэры культуры ў апараце ўраду краіны кандыдат гістарычных навук Натальля Голубева. Аб’ёмны і багата аздоблены том выдала Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі.

Кніга падрыхтаваная пры падтрымцы шэрагу дзяржаўных устаноў і ведамстваў. Іхныя прадстаўнікі і былі галоўнымі выступоўцамі на імпрэзе.

Лілія Ананіч
Першая намесьніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч: “Гэтая кніга знойдзе сваё належнае месца ня толькі ў нацыянальным кнігавыданьні, але ў сусьветным кнігавыданьні. Яна будзе вельмі запатрабаваная на нашых шматлікіх міжнародных кніжных імпрэзах. Мы штогод удзельнічаем у такіх выставах, і нам не хапае менавіта кніг такога кшталту, каб праз кнігу паказваць багацьце нашай Беларусі, нашай роднай краіны”.

Прадстаўнік UNESСO ў Беларусі Ўладзімер Шчасны: “Такія кніжкі пазбаўляюць нас ад комплексу непаўнавартасьці, усё-ткі мы заўсёды былі ў сусьветным кантэксьце, эўрапейскім кантэксьце, і не заўсёды мы былі пад уплывам заходнеэўрапейскай альбо расейскай культуры. Вельмі часта нашы адносіны былі, як вуліца з двухбаковым рухам: мы далі выдатных дзеячаў кінэматографу ЗША, мастакоў Парыскай школы Францыі, кампазытараў Расеі і гэтак далей”.

Складальніца кнігі Натальля Голубева: “Мы зьвяртаемся да ўсіх, хто мае хоць якія дакумэнты, матэрыялы для таго, каб гэтая кніга стала асновай для таго, каб мы папоўнілі свае веды пра гісторыю беларускага замежжа”.

Між тым ад пачатку ў кнізе не плянаваліся артыкулы пра беларусаў нават тых краінаў, пра якія напісаныя незалежнымі гісторыкамі ўжо цэлыя кнігі. Навуковы рэцэнзэнт выданьня доктар Адам Мальдзіс:

Адам Мальдзіс
“Не было разьдзелаў, прысьвечаных Аўстраліі, Канадзе, Вялікабрытаніі. Я сказаў, што гэта будзе нелягічна, калі яны ня будуць прадстаўленыя. Вось што мне ўдалося адстаяць”.

Дарэчы, самога спадара Мальдзіса, як і многіх аўтараў, на прэзэнтацыі не было. У тым ліку не прысутнічаў і аўтар артыкулу пра беларусаў ЗША Алег Гардзіенка, які ад нас даведаўся, што зь пераліку беларускіх пісьменьнікаў ЗША ў ягоным тэксьце ў кнізе зьнікла імя славутай паэткі Натальлі Арсеньневай.

“Першай у мяне была Натальля Арсеньнева”.

Уважлівыя чытачы, відаць, знойдуць у выдадзеным томе і іншыя факты ўмяшаньня цэнзуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG