Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады Кіева ліквідавалі намётавы лягер на Майдане


Улады Кіева тлумачаць, што былі вымушаныя пайсьці на “знос” намётавага лягеру прадпрымальнікаў на Майдане, каб пасьпець падрыхтавацца да навагодніх сьвятаў. Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч назваў дэмантаж лягеру законным, а апазыцыйная лідарка Юлія Цімашэнка акрэсьліла гэта як “глумленьне над дэмакратыяй”.

Сёньня а 5-й гадзіне раніцы быў дэмантаваны намётавы лягер на кіеўскім Майдане. Ад 22 лістапада ўкраінскія прадпрымальнікі праводзілі тут бестэрміновую акцыю пратэсту, патрабуючы ад прэзыдэнта накласьці вета на падатковы кодэкс і накіраваць у адстаўку яго аўтараў. Яшчэ 1 сьнежня на Майдане, нягледзячы на 13 градусаў марозу, стаяла дзевяць намётаў.

Як заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі Віктар Януковіч, мястэчка было ліквідаванае згодна з пастановай суду, а навагоднюю ялінку тут усталёўваюць адпаведна рашэньню Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі. Ён дадаў, што дыялёг з удзельнікамі акцыі пратэсту ў чацьвер быў завершаны ўхваленьнем адпаведнага рашэньня. Учора парлямэнт Украіны прыняў падатковы кодэкс з унесенымі прапановамі прэзыдэнта.

Прыняцьцю кодэкса папярэднічала яго бурлівае публічнае абмеркаваньне і масавыя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. На іх думку, новы закон значна павысіць падатковае адміністраваньне і падатковы цяжар. Некаторыя пункты кодэксу прадпрымальнікі назвалі антыканстытуцыйнымі – напрыклад, дазвол падаткавікам праводзіць праверкі без папярэджаньня і ўваходзіць з гэтай мэтай у жыльлё.

Дарэчы, Януковіч яшчэ ў пік пратэстаў знайшоў час, каб зайсьці да пратэстоўцаў , выслухаць іх і нават, як перадаюць, папіць зь імі чаю. У канцы лістапада ён, як і хацелі прадпрымальнікі, наклаў на кодэкс вета, якое, аднак, трывала нядоўга. Украінскія прадпрымальнікі кажуць, што змаганьне за справядлівыя ўмовы бізнэсу, тым ня менш, працягнецца. У выніку пратэсту на Майдане яны заснавалі ўсеўкраінскі прафсаюз працаўнікоў рынкаў, гандлю і прадпрымальнікаў.
XS
SM
MD
LG