Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаш ці ня хочаш — дзяржаўную газэту выпісвай


Пачалася падпісная кампанія. Зноў ідэалягічныя аддзелы райвыканкамаў рассылаюць «Пляны арганізацыйных мерапрыемстваў правядзеньня падпіскі на друкаваныя СМІ», даводзяць лічбы да прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў.

Настаўніца адной са школ Барысаўскага раёну распавяла «Свабодзе»:

«Як толькі пачынаецца падпісная кампанія, гэта звычайна ў сьнежні, нам на школу з аддзелу адукацыі прыходзіць разнарадка ведамаснай і індывідуальнай падпіскі. Там прапісана, якую колькасьць і якія выданьні выпісвае аддзел. Аддзел звычайна за кошт дзяржавы выпісвае па мінімуме, умоўна кажучы, адну „Советскую Белоруссию“, адну „Народную асьвету“, а ўсё астатняе — індывідуальная падпіска».

І па ведамаснай, па індывідуальнай падпісцы даводзяцца канкрэтныя лічбы, колькі экзэмпляраў дзяржаўных выданьняў павінен выпісаць канкрэтны калектыў:

«Аддзел адукацыі таксама ж не са столі бярэ. Калі Таіса Іванаўна Данілевіч кажа, што норма — дзесяць,
Наша нежаданьне нікога не цікавіць.
10 чалавек павінны выпісаць часопіс «Адукацыя Міншчыны», каб яго падтрымаць. Яшчэ ёсьць мясцовая газэта, заснавальнік якой выканкам. Гэта «Адзінства». Наша нежаданьне нікога не цікавіць, нам кажуць: «Вось у вас у сэктары працуе чатыры чалавекі, з вас — чатыры падпіскі на «Адзінства». І мы ідзем падпісвацца.

Вось так і падтрымліваюць дзяржаўную прэсу, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс. Таіса Данілевіч — начальнік Упраўленьня адукацыі Менскага аблвыканкаму, і, натуральна, настаўнікі, чыноўнікі ад адукацыі вымушаны падпарадкоўвацца.

Падчас падпісной кампаніі рэдакцыі дзяржаўных выданьняў таксама падключаюцца да агітацыі, разьяжджаюцца па краіне з падарункамі. Распавядае былая супрацоўніца адной зь дзяржаўных газэт:

«Стварылі новыя службы, якія называюцца аддзеламі разьвіцьця ў „Советской Белоруссии“, у „Народнай газеце“, у „Рэспубліцы“. І гэтыя аддзелы рэгулярна камандзіруюць сваіх супрацоўнікаў, журналістаў, намесьнікаў рэдактара, і яны, узяўшы чайнікі, самавары, іншыя прызы, едуць па раёнах, паштальёнах, прадпрыемствах — угаворваць начальства, што трэба падпісвацца».

Даводзяць норму да паштальёнаў — падпісаць мінімум па 10-15 чалавек на «Советскую Белоруссию», «Звязду», «Беларускую ніву». Заахвочваюць супрацоўнікаў пошты — таксама ўзнагароджваюць прызамі тых, хто больш падпіша. Але нават кіраўніцтву ўжо надакучыла гэта прымусовая падпіска, кажа была супрацоўніца дзяржаўнага выданьня:

«Я сама з гэтым сутыкалася. Калі прыяжджаеш угаворваць раённае начальства, людзі кажуць: «Наагул вашу газэту мне выпісваць надакучыла, таму што і жонку на працы прымушаюць, і мне трэба выпісаць, лічбы давялі. А пасьля вас прыедзе „Рэспубліка“, потым „Звязда“, „Беларуская ніва“, і ўсе душаць. А яшчэ раёнку трэба выпісаць».
Выпішуць на адзін месяц, а крыжыкі на квітку паставяць на тры.


Вось і даводзіцца людзям ісьці на ўсялякія хітрыкі, бо прымусовая падпіска выліваецца ў даволі кругленькую суму. Распавядае настаўніца, якую прымушаюць выпісваць і спэцыялізаваныя «Настаўніцкую газету» і «Адукацыю Міншчыны», і «Советскую Белоруссию», і мясцовую раёнку:

«Голь жа на выдумку хітрая. Выпішуць на адзін месяц, а крыжыкі на квітку паставяць на тры. Альбо дамаўляюцца на пошце (асабліва ў каго там кум, брат, сват), што выпісваюць на месяц, а суму на пошце ставяць за тры месяцы, ведаючы, што прэтэнзіяў ня будзе ні ў каго. Альбо крыжыкі ставяць за тры месяцы».

Як кажуць, «багаты дзівіцца, чым бедны жывіцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG