Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Дзевяць кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі сёньня ў размове са «Свабодай» пацьвердзілі свой намер удзельнічаць у дэбатах, якія павінны адбыцца 4 сьнежня на беларускім тэлебачаньні. Уладзімер Някляеў доўга вагаўся, ці ісьці на тэлебачаньне. Аляксандар Лукашэнка ўдзельнічаць у дэбатах не плянуе, паведаміў кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі.

Кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў кажа, што абавязкова пойдзе на дэбаты. Яго нават не засмучае верагодная адсутнасьць у студыі кандыдата Лукашэнкі:

«Я ведаю, што Лукашэнкі ня будзе. Гэта для ўсіх зразумела. Але мы ня будзем там паміж сабой грызьціся, цягнуць адзін аднаго за чубы, хапаць за грудкі. Мы проста выкажам сваю пазыцыю. Там таго часу будзе па 5 хвілін на чалавека. Але скарыстацца тэлебачаньнем, я лічу, неабходна».

Ігар Драко, кіраўнік выбарчага штабу Алеся Міхалевіча, гаворыць, што заяўка на ўдзел у дэбатах прэтэндэнта своечасова перададзеная ў Нацыянальную тэлерадыёкампанію. Спадар Драко лічыць: у дэбатах трэба ўдзельнічаць:
Паколькі даюць мала часу для выступаў, яшчэ раз паказацца на экране будзе някепска.


«Ёсьць такі сэнс з чыста прагматычнага пункту гледжаньня. Паколькі даюць мала часу для выступаў, яшчэ раз паказацца на экране будзе някепска. Але абавязкова трэба вытрымаць пазыцыю, якой трымаліся да апошняга часу — ня лаяцца адзін на аднаго. На жаль, Кастусёў напрыканцы тут не стрымаўся».

Ўладзімер Някляеў цьвердзіць, што пасьля працяглых роздумаў ён вырашыў ісьці на тэлебачаньне:

«Калі казаць пра агульны палітычны сэнс, то на такіх умовах удзельнічаць у дэбатах бяз толку. Бо дэбаты ва ўсім сьвеце абсалютна вядомы фармат — той, хто ва ўладзе, дэбатуе з тым, хто на ягонае месца хоча прыйсьці. Інакш гэтыя дэбаты ніякіх адносінаў да сапраўдных дэбатаў ня маюць. І мне з Саньнікавым высьвятляць нашы пазыцыі, якія супадаюць па ўсіх асноўных пытаньнях, няма ніякай патрэбы. І мы ня будзем бегчы, як тыя коні на гіпадроме кожны па сваёй дарожцы, пахваляючыся ў каго рысь альбо галоп лепш глядзіцца».

Кандыдат у прэзыдэнты Яраслаў Раманчук вырашыў не перадаваць сваё права на тэледэбаты даверанай асобе, кажа кіраўнік яго выбарчага штабу Леў Марголін:

«Ён сам зьбіраецца там быць. І гэта дакладная інфармацыя».

Віталь Рымашэўскі сёньня вярнуўся ў Беларусь з Брусэлю. І ён будзе асабіста ўдзельнічаць як у тэле-, так і ў радыёдэбатах, адзначае кіраўнік ягонага выбарчага штабу Павал Севярынец:

«Можна выкарыстаць гэты эфір, каб яшчэ раз выказаць свае меркаваньні. І зрабіць гэта дружна ўсім кандыдатам. Мы пастараемся ўзгадніць, што казаць, з тымі кандыдатамі, якія пойдуць насустрач. Каб не крытыкаваць адзін аднаго, а крытыкаваць дзейны рэжым. І заклікаць людзей на плошчу».
Мы пастараемся ўзгадніць, што казаць, з тымі кандыдатамі, якія пойдуць насустрач.


Андрэй Саньнікаў абмяжуецца ўдзелам у дэбатах толькі на тэлебачаньні, паведамляе кіраўнік ягонага выбарчага штабу Ўладзімер Кобец:

«На тэлебачаньні будзе ўдзельнічаць. А ў нядзелю ў радыёдэбатах ня ўдзельнічаем. У нас у нядзелю — паездкі па рэгіёнах».

Мікола Статкевіч на тэледэбаты пойдзе, а на радыё накіруе кагосьці з давераных асобаў:

«Безумоўна, гэта псэўдадэбаты, а ня тэледэбаты. Аднак калі нават там будзе некалькі хвілінаў жывога эфіру, то я пайду на іх і буду ўдзельнічаць».

Падобныя пляны і яшчэ ў аднаго кандыдата, Дзьмітрыя Вуса:

«Я хацеў на радыё накіраваць давераную асобу. Але мне адмовілі. Кажуць, што ёсьць пастанова ЦВК, паводле якой павінны быць толькі сам кандыдат».

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік на просьбу «Свабоды» ўдакладняе сытуацыю:

«Пастанова Цэнтральнай камісіі дазваляе ўдзельнічаць у дэбатах і давераным асобам кандыдатаў у прэзыдэнты. А ў наўпроставым эфіры з праграмай павінны выступаць самі кандыдаты».

А вось Віктар Цярэшчанка асабіста стане ўдзельнікам двух эфіраў:

«І там, і там буду абавязкова ўдзельнічаць. Асабіста, ніякіх давераных асобаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG