Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зорка фільму «Тытанік» стане акторкай «Свабоднага тэатру»


Кейт Уінслет

Кейт Уінслет

5 сьнежня беларускі «Свабодны тэатар» пакажа ў Лёндане спэктаклі «Спасьцігаючы каханьне» і «Лічбы» ў пастаноўках Мікалая Халезіна і Ўладзімера Шчэрбаня адпаведна. Плянуецца, што імпрэзу ня толькі наведаюць, але і возьмуць удзел у пастаноўках тэатру галівудзкія зоркі: выканаўца адной з галоўных роляў у фільме «Тытанік» Кейт Уінслет (Kate Winslet), а таксама Джуд Лоў (Jude Law), Ян Макелен (Ian McKellen), Сэмюэль Уэст (Samuel West) ды іншыя.

Пра падрабязнасьці маючай адбыцца імпрэзы па тэлефоне зь Лёндану расказаў адзін з заснавальнікаў і мастацкі кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін:

«5 сьнежня ў Лёнданскім тэатры Young Vic, адным з найбуйнейшых тэатраў Вялікай Брытаніі, адбудзецца гала-івэнт беларускага „Свабоднага тэатру“, у якім возьмуць удзел выбітнейшыя кінаакторы і тэатральныя акторы Брытаніі і ЗША. Будуць паказаныя два спэктаклі: адзін у пастаноўцы Ўладзімера Шчэрбаня „Лічбы“, другім будзе паказаны спэктакль „Спасьцігаючы каханьне“ ў маёй пастаноўцы. У ім возьмуць удзел брытанскія акторы Джуд Лоў і Сэм Уэст, можа быць, Кейт Уінслет, калі пасьпее прыляцець, і, магчыма, Іэн Білер, калі таксама прыляціць. Калі не — то гэта будуць іншыя актрысы. Весьці мерапрыемства будзе сэр Ян Макелен, гранд брытанскай сцэны. Ну і, натуральна, будуць прысутнічаць вядомыя драматургі, вядомыя акторы, вядомыя грамадзкія дзеячы. Гэты вялікі івэнт зараз анансуецца ўсімі брытанскімі СМІ».

Карэспандэнт: «Ці можна казаць, што ў гісторыі беларускага тэатру такога прарыву яшчэ не было?»

«У гісторыі беларускага тэатру такога сапраўды яшчэ не было. У гісторыі беларускага «Свабоднага тэатру» было, калі разам бралі ўдзел Кім Катрэл, Алан Рыкмэн. То бок, гэта ўжо наступны праект, над якім разам з намі працуюць тэатар Young Vic, лёнданскі тэатар Almeida і таксама вядомая брытанская праваабарончая арганізацыя «Index on Censorship».

У аснову сюжэту спэктаклю «Спасьцігаючы каханьне» пакладзеная рэальная гісторыя ўзаемаадносінаў Ірыны і Анатоля Красоўскіх. Бізнэсовец і грамадзкі дзеяч Анатоль Красоўскі зьнік пры загадкавых абставінах у верасьні 1999 году разам з палітыкам Віктарам Ганчаром. Спэктакаль-ілюстрацыя «Лічбы» ўваходзіць у трылёгію «Зона маўчаньня» разам з працамі «Легенды дзяцінства» ды «Іншыя» і сцэнічным спосабам дэманструе, як ва ўмовах існуючага рэжыму адбываецца «маніпуляваньне лічбамі» ў Беларусі.

Дарэчы, на спэцыялізаваным інтэрнэт-рэсурсе theatermania.com наўпрост указваецца, што лёнданская тэатральная акцыя мусіць прадэманстраваць салідарнасьць брытанскай артыстычнай супольнасьці як са «Свабодным тэатрам», так і з народам Беларусі.

Натальля Каляда, Мікалай Халезін і Ўладзімер Шчэрбань
«Свабодны тэатар» — андэграўндны тэатральны праект, створаны ў Менску ў 2005 годзе зь ініцыятывы Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды. Трупа ня мае ані ўласнай сцэны, ані фінансаваньня, ані памяшканьня для рэпэтыцый, таму ў Беларусі спэктаклі праходзяць пераважна на прыватных кватэрах. Гледачоў на паказы запрашаюць пэрсанальна, асабліва не афішуючы «яўкі» — некалькі гадоў таму міліцыя затрымала падчас спэктаклю некалькі дзясяткаў артыстаў і гледачоў, сярод якіх было нямала замежнікаў.

Між тым, усё гэта не перашкаджае аднадумцам мець міжнароднае прызнаньне: у красавіку 2008 году ў грэцкіх Салоніках «Свабодны тэатар» атрымаў прэстыжную тэатральную прэмію «Эўропа — тэатру». Гастролі тэатру з посьпехам праходзілі па эўрапейскіх дзяржавах, у ЗША, Аўстраліі, Японіі, а таксама па шэрагу праблемных рэгіёнаў Цэнтральнай Афрыкі, у прыватнасьці, у Руандзе і Ўгандзе.

Ідэі «Свабоднага тэатру» падтрымлівалі і падтрымліваюць выбітныя творцы сучаснасьці: Том Стопард, Вацлаў Гавал, Гаральд Пінтэр ды іншыя. «Свабодны тэатар» уваходзіць у Эўрапейскую тэатральную канвэнцыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG