Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
У Горадні пачынаецца засяленьне першага жылога гмаху на новай вуліцы, для якой гарадзкая тапанімічная камісія прапанавала імя народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава. Улады не зацьвердзілі прапанову. Вуліца, якая рэальна зьяўляецца бульварам з двухпалосным рухам транспарту, атрымала назву «завулак Паповіча».

Што думаюць гарадзенцы, якіх я сустрэў на гэтай вуліцы, наконт таго, што яна не атрымала імя Васіля Быкава?

Спадар: «Блытаніна тут атрымліваецца з вуліцай Паповіча і з завулкам. Гэта ж выдатны пісьменьнік, якія фільмы пастаўлены паводле твораў яго, клясыка. Сапраўды, Быкаў — вялікі пісьменьнік, зямляк. Напэўна, нейкія непаразуменьні з нашым „першым чалавекам“, таму ўсё ідзе ад гэтага. А народ толькі за Васіля Быкава».

Спадарыня: «Навошта і вуліца, і завулак Паповіча? Мала ў нас вуліц пісьменьнікаў, так што хай бы зрабілі. Было б добра, гэта ж нашыя карані беларускія, трэба ведаць. Гэта ж нядорага было б, пакуль ніхто амаль не жыве тут. Чым ён дрэнны? Пры чым тут — любіць ці не? Усе пісьменьнікі і паэты — на пэўны густ, іх ня могуць усе любіць».

Спадарыня: «На Вішняўцы трэба назваць вялікую вуліцу, а што тут вуліца — пяць дамоў будзе?!»

Спадар: «Ня ведаю, нармальная назва — Быкава, я ня супраць».

Завулак Паповіча, а ня вуліца Быкава.

Старшыня тапанімічнай камісіі, намесьніца старшыні гарвыканкаму Ірына Сенчанкава так патлумачыла тое, што ўлады не зацьвердзілі вуліцу Васіля Быкава:

«Тапанімічная камісія толькі дае рэкамэндацыі, а прымае рашэньне гарвыканкам, зацьвярджае сэсія гарсавету. Але калі мы прапанавалі гарвыканкаму назваць так вуліцу, то высьветлілася, што там ужо зарэгістраваныя па завулку Паповіча пабудовы. Атрымлівалася, што мы павінны былі ўсё перакройваць, перарабляць. Ну, і таму пакінулі завулак Паповіча».

Трэба ўдакладніць: калі ўдзельнікі тапанімічнай камісіі прапанавалі зрабіць новую вуліцу вуліцай Васіля Быкава, там яшчэ не было гатовых дамоў. Першы здалі толькі цяпер, астатнія яшчэ будуюцца. Спадарыня Сенчанкава тлумачыць: абы-якую вуліцу імем Быкава не назавеш…

Сенчанкава: «Трэба будзе харошую магістраль, вялікую прыгожую вуліцу. Будзем падбіраць. Мы толькі адклалі, мы ня выкрасьлілі, адклалі да лепшых, так сказаць… калі вуліца такая будзе альбо праспэкт, больш саліднае».
XS
SM
MD
LG