Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня сайт WikiLeaks зьявіўся ў Інтэрнэце з новым, швайцарскім дамэнным адрасам: www.wikileaks.ch.

Учора сайт WikiLeaks перастаў працаваць на сваім амэрыканскім дамэне Wikileaks.org, прадстаўленым амэрыканскай кампаніяй EveryDNS.net.

EveryDNS.net разьмясьціў на сваім сайце паведамленьне, што дамэн Wikileaks.org зачынены з-за масавых DDOS-нападаў – накіраваных на сайт запытаў з вялікай колькасьці кампутараў, у выніку чаго доступ да тысячаў іншых інтэрнэт-старонак кампаніі мог бы апынуцца пад пагрозай.

"Нехта, праўдападобна прадстаўнік дзяржавы, узяў пад свой кантроль літаральна сотні тысячаў неабароненых кампутэраў па ўсім сьвеце і прымусіў іх адначасова паслаць запыт на сайт WikiLeaks" – сказаў журналістам юрыст Марк Стывэнс, які прадстаўляе інтарэсы заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа.

Днём раней, пад ціскам амэрыканскага Кангрэсу, сайт WikiLeaks быў прыбраны з сэрвэраў Amazon.com.

WikiLeaks, які раней апублікаваў паўмільёна канфідэнцыйных амэрыканскіх дакумэнтаў пра вайну ў Аўганістане і Іраку, на гэтым тыдні пачаў публікацыю канфідэнцыйнай перапіскі паміж дыпляматычнымі місіямі ЗША і Дэпартамэнтам ЗША. Аўтэнтычнасьці гэтых дакумэнтаў ніхто не пацьвердзіў.

Гэтым разам, у адрозьненьне ад папярэдніх публікацый, раскрыцьцё канфідэнцыйных дакумэнтаў сайтам WikiLeaks адбываецца пасьля кансультацый з рэдакцыямі пяці сусьветна вядомых і шанаваных выданьняў: Le Monde (Францыя), El Pais (Гішпанія), The Guardian (Вялікабрытанія), Der Spiegel (Нямеччына), The New York Times (ЗША).

"Яны публікуюць дакумэнты, якія выбралі мы" – сказала агенцтву AP Сыльві Каўфман, рэдактарка Le Monde. Спачатку тэксты дакумэнтаў друкуюцца ў названых газэтах, а пасьля гэтага WikiLeaks выстаўляе іх на свой сайт.

Некаторыя экспэрты ў галіне СМІ зьвяртаюць увагу, што ўпершыню ў мэдыйнай практыцы сусьветна паважаныя выданьні адкрыта супрацоўнічаюць з групай, супраць якой у ЗША пачалося крымінальнае расьсьледаваньне.
XS
SM
MD
LG