Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДІПЧ АБСЭ: у выбарчым заканадаўстве Беларусі «шэраг сур’ёзных праблемаў»


Місія доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ ўзначальвае Герт Арэнс.

Місія доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ ўзначальвае Герт Арэнс.

Нягледзячы на папраўкі, прынятыя ў Выбарчы кодэкс Беларусі, у заканадаўстве захоўваецца «шэраг сур’ёзных праблемаў», гаворыцца ў першай прамежкавай справаздачы доўгатэрміновай місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ.

Праблемы, паводле Бюро дэмакратычных працэдур і правоў чалавека АБСЭ: (сьпісам)

«Празьмерная роля прэзыдэнта пры назначэньні сябраў ЦВК;

• недастатковая празрыстасьць працэдуры вылучэньня і прызначэньня сябраў тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій;

• адсутнасьць дэталізаванай працэдуры падліку бюлетэняў;

• недахоп выразнага апісаньня правоў назіральнікаў;

• адсутнасьць патрабаваньня апэратыўнай публікацыі папярэдніх і канчатковых вынікаў падліку галасоў.

«Кандыдаты адзначаюць, што ў параўнаньні з папярэднімі кампанія рэгістрацыя праходзіла ў лепшых умовах. Працэдура збору подпісаў таксама праходзіла без асаблівых праблемаў, хоць працэдура іх праверкі не была да канца празрыстай», — сказана ў справаздачы.

Назіральнікі падкрэсьліваюць, што дзяржаўныя тэле- і радыёканалы «не праявілі цікавасьці да кампаніяў кандыдатаў у прэзыдэнты, сфакусаваўшыся ў асноўным на дзейнасьці ЦВК і дзейнага прэзыдэнта».

У справаздачы адзначана, што не былі паказаныя выступы кандыдатаў падчас іх рэгістрацыі ў Цэнтравыбаркаме.

Місія доўгатэрміновых назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ пад кіраўніцтвам Герта Арэнса пачала сваю працу 15 лістапада.

У Беларусі працуюць 54 доўгатэрміновыя назіральнікі БДІПЧ.

Акрамя таго, у дзень выбараў будзе працаваць місія кароткатэрміновых назіральнікаў з 400 чалавек пад кіраўніцтвам сябра брытанскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Тоні Лойда, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG