Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Штэфан Мюлер, доўгатэрміновы назіральнік на прэзыдэнцкіх выбарах у Рэспубліцы Беларусь, працягвае зьдзіўляцца. Новыя старонкі зь дзёньніка. Напісана ў Горадні, без пазначэньня датаў.


Замест выбараў мёд і сумёты


У горадзе мядовы кірмаш, пра выбары людзі чулі, але яны праводзяцца нейк па-партызанску: нідзе нічога не відно, толькі раптам на тумбах прыляпілі фатаграфіі некаторых кандыдатаў. Нас тут, доўгатэрміновых, колькі чалавек, будуць яшчэ некалькі дзесяткаў назіральнікаў ад АБСЭ, але гэта на ўсю губэрню (так , здаецца, яе называюць паміж сабой чыноўнікі, бо галоўны ў іх — “губэрнатар”, як любіць з асалодаю паўтараць мясцовая прэса) — ад ракі Мэмэль да месца, дзе яны хочуць паставіць ядзерны рэактар.

Газэта гораду Гартэн б’е ў літаўры, нам суюць ва ўсіх кабінэтах пад нос нумар, у якім гарадзкі начальнік раптам вырашыў “дэмакратызаваць” выбарчы працэс. Чытаю, бо гэта на расейскай мове, якой валодаю, што выбарчыя абвесткі зараз можна будзе прыклейваць ля дзьвярэй іхніх інтэрнатаў, жылкантораў, сталовак. Не магу ўцяміць — прычым тут дэмакратызацыя і чаму раней гэтага рабіць нельга было? Няўжо тут гэтак саромеюцца заўжды сваіх выбараў, што імкнуцца, каб яны праходзілі незаўважна?

Чыноўнікі з ратамі да вушэй ад задавальненьня таксама паўсюль прапануюць іншы нумар, учытваюся. Літоўскі дэпутат, які наведаў горад, аказваецца, пахваліў выбарчы працэс, падкрэсьліў, што “кандыдатам у прэзыдэнты дазволены выступы на тэлебачаньні”!!! Дык ім аказваецца, звыш дазволілі такую ласку! Гэта нагадала мне іхні савецкі анэкдот пра псыхаў, для якіх зрабілі басэйн з трамплінам і паабяцалі: калі яны будуць добра паводзіцца, то, магчыма, і вады наліюць…

Рэвалюцыя ў тэлевізары


Раней я пісаў, што беларусы адхіснуліся ад тэлевізара, які стаў паказваць замест аднаго твару цэлых дзесяць. Падобна, што першы спалох прайшоў, і беларусам нават стала цікава, яны прызнаюцца, што адчулі кулінарныя жадункі. Раней давалі звыклы “абед-комплекс”, аднолькавы кожны дзень, цяпер, часова, узьнікла сякая-такая разнастайнасьць, жартуюць нявесела яны.

Цікавы момант: нехта апавядаў, сам ня бачыў, што ў краме, дзе прадаюцца тэлевізары, зьбіраўся натоўп паслухаць “праўду-матку”, калі выступалі апанэнты рэжыму. Другое: слухачам-гледачам было ніякавата, што іх могуць у гэты час “зафатаграфаваць”. Але цікаўнасьць перамагала іхні страх.

Так, страх. Чаму? Адзін мясцовы начальнік “хвастаў” з экрану кандыдатаў на прэзыдэнта, запісваю на слых: “Ані трэбавалі прамова эфіра… ані думалі, выйдуць вялікія аратары на экран, два словы скажуць, і народ пабяжыць за іх аддаваць галасы…” Атрымліваецца, у гэтай краіне тэлебачаньне прыватызаванае, належыць аднаму начальніку. Каб яно было сапраўды дзяржаўным, яно павінна было б паказваць пастаянна ўсіх палітыкаў, а не аднаго-адзінага, каб потым не папікаць, што астатнія з тэлеэфірам як тыя “малпы з акулярамі” — ня ведаюць як іх і куды прыладзіць.

Не сакрэт: любы начальнік, упершыню трапіўшы ў тэлевізар, будзе пачувацца ня лепш за ўсіх астатніх. Яму будзе таксама цесна ў рамках экрану, мулка, потна, асабліва калі адчуе непрыхільнасьць, зь якой паказвалі кандыдатаў — чужакоў на тэлебачаньні, што наважыліся кінуць выклік рэжыму, які — адразу й не зразумець — забранзавеў ці закарэў, ці ўсё разам.


Жупел


Адзін з кандыдатаў супрацьпаставіў сябе ўсім астатнім, абвінаваціўшы, што ім сьніцца беларусізацыя! Я ледзь не заперхаўся, якраз піў піва перад тэлевізарам (дарэчы, ніштаватае, навучыліся беларусы, калі іхнія бровары нашы кампаніі купілі). Каб гэта было сказана пра жаданьне германізацыі, я б яшчэ мог зразумець, усё ж гэта ня нашая слаўнай Германія. Але гэты чалавек абвінавачвае іншых у тым, што яны бачаць і ўсьведамляюць патрэбу беларусізацыі не ў Грэнляндыі ці на Сахаліне, а ў Рэспубліцы Беларусь! Адным словам, гэтых людзей могуць арыштаваць пасьля выбараў па абвінавачаньні ў тым, што лічаць беларусізацыю станоўчай патрэбай, а не шпіёнскім замахам на сувэрэнітэт дзяржавы!!!

Мне гаварылі, што горад гэты ледзь ня самы беларускі ў Беларусі, але я расчараваны: калі гэта нават праўда, то праўда падпольная, я не знайшоў тут ніводнай шыльды на беларускай мове, уражаньне такое, што прыехаў кудысьці ў Сызрань ці на той жа Сахалін. Адчуваецца, што ўлада прыклала вельмі шмат намаганьняў, каб нічога беларускага тут звонку не заўважалася. Мне гаварылі, што мэтай было далучыць краіну да ўсходняй суседкі ў выглядзе тэрыторыі, дзе ніякай беларускай крамолы не засталося нават рэштак, усё дбайна зьнішчана як самае шкоднае пустазельле.

Спадзяюся усё-ткі, што людзі не пацерпяць за абвінавачаньне ў думках пра беларусізацыю. Мне тлумачылі, што беларусізацыя будзе азначаць адкрыцьцё беларускіх школ. Хіба можна за гэта кідаць за краты? У нас, калі рускія акупацыйныя войскі пакінулі тэрыторыю, што была ГДР, іхнія школы закрылі і замест іх зрабілі нямецкія, але хіба гэта зьяўляецца злачынствам? Дальбог, штосьці ў гэтай Рэспубліцы перакулена з ног на галаву, выбары таксама пра гэта сьведчаць. Прадчуваю, якім цыркам на дроце закончыцца галасаваньне...
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG