Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кастусёў і Саньнікаў паўтарыліся. Першы – па-беларуску, другі – па-расейску


Сёньня ў эфіры беларускага радыё прагучалі другія выступы кандыдатаў у прэзыдэнты Рыгора Кастусёва і Андрэя Саньнікава. Абодва паўтарылі свае тэлевыступы ад 1 сьнежня.




Я якраз камэнтаваў гэтых кандыдатаў, калі яны ў сераду вечарам выступалі па тэлебачаньні, таму адразу скажу, што і Рыгор Кастусёў, і Андрэй Саньнікаў паўтарылі свае тэлевізійныя выступы. Кастусёў зноў сказаў, што Беларусь павінна быць уладкавана па іншаму, і што толькі Беларускі Народны Фронт ведае, як выйсьці з заняпаду. А галоўным абяцаньнем Саньнікава было тое, што Беларусь праз 5-7 гадоў увойдзе ў Эўразьвяз, таму Саньнікаў у прамове і адстойваў эўрапейскі вэктар разьвіцьця. Абодва кандыдаты заклікалі выбарцаў разам адсьвяткаваць перамогу 19 сьнежня на плошчы.

Што да першых уражаньняў ад усіх чатырох выступаў кандыдатаў, дык можна сказаць наступнае. Было зразумела. што кожны з дзевяці кандыдатаў будзе крытыкаваць дзейную ўладу, інакш навошта ўдзельнічаць у выбарах. Але кожны з прэтэндэнтаў на самым старце кампаніі павінен быў вызначыць стратэгію сваіх выступаў. У кожнага кандыдата была вялікая спакуса. З аднаго боку, хацелася прыцягнуць да сябе як мага болей выбарцаў. У гэтым выпадку лічыцца, што палітык не павінен паказваць перад выбарцамі сваю радыкальнасьць. Паліттэхнолягі кажуць, што занадта рэзкія выступы могуць адштурхнуць галасы ад тых, хто мае шанец перамагчы. Таму ў прэтэндэнтаў павінна была быць пэўная асьцярога. А зь іншага боку, паліттэхнолягі кажуць, што спадабацца ўсім немагчыма. І тады на першы плян ў тэле- і радыёвыступах выходзіць прынцыповая пазыцыя кандыдата. Асабліва, калі ён прадстаўляе нейкую партыю, рух ці грамадзкую ініцыятыву. І вось усе чатыры выступы Кастусёва і Саньнікава якраз і рэпрэзэнтавалі тыя арганізацыі – Беларускі Народны Фронт і Эўрапейскую кааліцыю, – якія маюць і сваю праграму, і свой статут.

Мне здаецца, што Рыгор Кастусёў і Андрэй Саньнікаў, а таксама Віталь Рымашэўскі і Мікола Статкевіч паказалі сябе найбольш радыкальнымі з усіх кандыдатаў, якія выступалі. У іх ёсьць свой электарат, і яны паказалі гэтым людзям, што застаюцца на сваіх ранейшых пазыцыях. За чатыры выступы Рыгора Кастусёва мы пабачылі, што для яго самае галоўнае – гэта сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі. Што галоўнае для Андрэя Саньнікава? Чатыры выступы, і чатыры разы падкрэсьленасьць на эўрапейскую скіраванасьць Беларусі. Што галоўнае для Віталя Рымашэўскага? Хрысьціянскія каштоўнасьці. Для Міколы Статкевіча – сацыял-дэмакратычныя. Гэта было выразна акрэсьлена, людзі паказалі сваю прыналежнасьць да пэўнай партыі або руху і тое, што яны будуць ісьці гэтым кірункам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG