Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 лістападу кандыдаты ў прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка і Яраслаў Раманчук другім разам выступілі па беларускім тэлебачаньні. Чым былі цікавыя гэтыя выступы, чаго кандыдаты не сказалі з таго, што ад іх чакалася і ці ўдалося ім данесьці свае думкі да выбарцаў? Выступы Віктара Цярэшчанкі і Яраслава Раманчука аналізуюць палітоляг Аляксандр Класкоўскі і журналіст "Радыё Свабода" Алег Грузьдзіловіч.

Аляксандр Класкоўскі
: "Спадар Цярэшчанка зноў асядлаў свайго ўлюбёнага канька, ён казаў, што зробіць моцным рубель, са сваім партрэтам, як ён падкрэсьліў і гэты рубель будзе прыраўнаваны да даляра. Але ён зноў гэта рабіў з графікамі, якія было дрэнна бачна, і ў мяне такое ўражаньне, што масавы глядач ня мог з большага зразумець, у чым тут, як кажа моладзь, фішка палягае".

Алег Грузьдзіловіч
: "Але адзначу, што ён казаў гэта з разьлікам на пэўную аўдыторыю, найперш на пэнсіянэраў, у каго раней былі назапашаныя нейкія грошы. І нездарма ў канцы кандыдат даў ім абяцаньне вярнуць уклады. Мне падалося, што пэнсіянэрам выступ Цярэшчанкі спадабаўся, хаця яны і мала што ў ім зразумелі".

Аляксандр Класкоўскі: "Дарэчы, што тычыцца некаторых палітычных момантаў у канцы выступу, яны прагучалі даволі востра. Магчыма, такім чынам ён адкідаў некаторыя падазрэньні, што зьяўляецца такім спарынг-партнэрам афіцыйнага кіраўніка".

Алег Грузьдзіловіч: "А што ён не сказаў? Вось я згадваю дзяржаўныя праграмы, якія ён паказваў, маўляў, у іх распрацоўцы ён браў удзел, але я гэтак і не атрымаў адказу на пытаньне, чаму гэтыя праграмы не былі рэалізаваныя? Ці іх увогуле не зьбіраліся рэалізоўваць? Альбо спадар Цярэшчанка сам гэтага ня ведае, альбо не захацеў тут крытыкаваць улады. У выніку склалася ўражаньне, што перад намі быў навуковец, які можа нешта добрае падказаць, але не чалавек, які можа прымаць палітычныя рашэньне і дамагацца іх выкананьня".

Аляксандр Класкоўскі: "Фактычна мы ўжо пачалі абмяркоўваць форму падачы выбарчых тэзаў і тут калі казаць коратка, Цярэшчанка выглядае зашпіленым на ўсе гузікі. У сухой астачы застаецца ўражаньне: ну, яшчэ адна лекцыя".

Алег Грузьдзіловіч: "А я бачу перад сабой героя рэклямаў 90-ых гадоў Лёню Галубкова, які на тле графікаў пра тое, калі ягоная жонка будзе набываць новыя боты, агітуе людзей укладаць грошы ў піраміды Маўродзі. Яшчэ зазначу, што ён не сказаў важную рэч пра датэрміновае галасаваньне і не заклікаў людзей на плошчу пасьля выбараў. Але, безумоўна, гэта ягонае права і пазыцыя.

Дзякуй, Аляксандр. Зараз такі ж аналіз выступу Яраслава Раманчука. Што сказаў, чаго не сказаў і як данёс сваю праграму выбарцам?

Аляксандр Класкоўскі: "Яраслаў Раманчук зноў піярыў сваю праграму "Мільён новых працоўных месцаў", аднак адразу падкрэсьлю, што казаў пра гэта новымі словамі, не дубляваў ранейшыя выступы, як некаторыя кандыдаты. Фактычна ён прапагандаваў эканамічныя рэформы, але ведаеце, разам з тым ён надта ж стараўся супакоіць, закалыхаць абываталя. І магчыма нават перагнуў кій у тым сэнсе, што пачаў ужо казаць нейкімі лукашэнкаўскімі тэзамі. Мне, прыкладам, запомнілася: галоўнае для Беларусі гэта парадак, стабільнасьць і законнасьць. Як кажуць, знайдзіце 10 адрозьненьняў. Тут страчваецца момант пазыцыянаваньня, бо тады кандыдат не ўспрымаецца менавіта як альтэрнатыва Лукашэнку".

Алег Грузьдзіловіч: "Аднак у ягоную абарону адзначу, што некаторыя тэзы з праграмы выгадна былі пададзеныя і запомніліся. Прыкладам, "замест вэртыкалі гарызанталь", "адкрытая краіна", "інтэрнат для маладзёнаў за 30 даляраў " – што мне запомнілася. А ў той момант, калі ён загаварыў пра дапамогу жанчынам, ён пэўна стварыў вобраз сына, які клапоціцца пра маці, і гэты вобраз перамог уяўленьне пра яго выключна як пра эканаміста. Вельмі пранізьлівы быў момант. Праўда, праз некалькі хвілін Раманчук вярнуўся да эканомікі, загаварыў у звыклай манэры, якая не заўсёды для яго лепшая. Чаго не сказаў Яраслаў Раманчук? "

Аляксандр Класкоўскі: "Ён невыразна сказаў пра неабходнасьць мяняць палітычную сыстэму. Магчыма, каб не палохаць публіку. Але, у іншым выпадку, ягоныя добрыя пажаданьні і пляны павісаюць у паветры. Бо мала напісаць добрыя законы, мала скараціць чыноўнікаў. Сказаўшы "а" трэба казаць і "б"."

Алег Грузьдзіловіч: "А я вось не пачуў, дзе браць грошы на тыя рэформы, якія Яраслаў Раманчук прапануе? І з тымі ж цяперашнімі чыноўнікамі што рабіць, якіх і зашмат і якія сьвядома падтрымліваюць цяперашні рэжым. Прыкладам, ці патрэбны закон аб люстрацыях? Згодны, што палітычная частка выступу Яраслава Раманчук па выразнасьці і зразумеласьці значна саступае эканамічнай, хаця зазначу, што ён папярэдзіў людзей пра фальшаваньні падчас папярэдняга галасаваньня і сьмела заклікаў на плошчу 19 сьнежня.

Ці здолеў Раманчук пераканаць сваіх выбарцаў?"

Аляксандр Класкоўскі: "Калі параўноўваць ягоны выступ з выступам Віктара Цярэшчанкі, а гэта сышліся фактычна два эканамісты, дык Раманчук у такім завочным спаборніцтве перагуляў Цярэшчанку, як кажуць, чыста. Таксама Раманчук тлумачыў нейкія рэчы эканамічныя, але ён тлумачыў гэта на пальцах, так бы мовіць. Ён паказаў два айфоны, сапраўдны і падробны, і правёў цікавую паралель, ён паказаў замежны інсулін, сапраўдны і эфэктыўны, і айчынны, які кепска дапамагае, але яго навязваюць, бо, маўляў, трэба праводзіць палітыку імпартазамяшчэньня. І вось гэтыя складаныя рэчы ўсё патлумачылі людзям".

Алег Грузьдзіловіч: "З большага з гэтым згодны, адзіная заўвага. Быў памылкова абраны вялікі плян для здымкаў і губляліся жэсты Яраслава Раманчука, вельмі выразныя, якімі ён удала дапаўняе свае словы. А менавіта праз жэсты, а не толькі словы, людзі ацэньваюць тое, ці варта давяраць чалавеку. І яшчэ: у выступе Раманчука не хапала ўсьмешак. Другую частку выступу ён правеў вельмі жорстка. Тэмп быў добры, але трэба было часьцей усьміхацца".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG