Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка зноў абяцаў свой партрэт на грошы, а Раманчук засьцерагаў ад вайны з Крамлём


2 сьнежня у эфіры Беларускага тэлебачаньня выступалі кандыдаты ў прэзыдэнты Віктар Цярэшчанка і Яраслаў Раманчук. Цярэшчанка зноў паабяцаў, што адзін даляр будзе каштаваць адзін рубель. Раманчук заклікаў выбарцаў прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу 19 сьнежня.

Падчас свайго выступу эканаміст Віктар Цярэшчанка вырашыў адказаць на пытаньні, якія паступілі да яго ад грамадзянаў. Большую частку ён прысьвяціў эканоміцы. Кандыдат распавёў, як ён зробіць стабільным і канвэртаваным беларускі рубель, адказваючы тым самым і кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Спадар Цярэшчанка заявіў, што гэта зрабіць рэальна і зноў дэманстраваў графікі.

"За 16 гадоў беларускі рубель абясцэніўся да даляра ў 4 тысячы разоў. Таму ў краіне людзі, банкі, прадпрыемствы купляюць і назапашваюць даляры і эўра. А ў гэты час гэтыя грошы таксама абясцэньваюцца. Купляючы даляры мы працуем не на сябе, а на сусьветных банкіраў".

Паводле Цярэшчанкі, імкліва расьце зьнешні доўг, які дасягнуў паловы гадавога валавога прадукту. На кожнага жыхара Беларусі гэта складае каля 2600 даляраў. Ён адзначыў, што цэны трымаюцца за кошт нізкіх заробкаў рабочых. А ўрад ажыцьцяўляе стратэгію адсталых краінаў, якія прыцягваюць замежны фінансавы капітал. Цярэшчанка прапануе забясьпечыць незалежнасьць ад замежнай валюты праз акцыі прадпрыемстваў. Ён абяцае пачатковы курс – тры рублі за адзін даляр і надзейную стабілізацыю рубля.

"За 5-7 гадоў, а то і раней, выйдзем да даляра адзін да аднаго. А заробкі, пэнсіі, стыпэндыі, выплаты будуць расьці ў нашай дзяржаўнай валюце і дасягнуць эўрапейскага ўзроўню".

У якасьці прэзыдэнта спадар Цярэшчанка паабяцаў разьмясьціць свой партрэт на купюры ў адзін рубель. Адносна канстытуцыйнай рэформы ён сказаў, што гэтае пытаньне патрабуе шырокага абмеркаваньня і рэфэрэндумаў. Аднак з-за падмены народаўладзьдзя адзінаўладзьдзем адной асобы дапушчаны сур'ёзныя пралікі, якія вядуць да эканамічнага каляпсу. Таксама ён закрануў дачыненьні з Расеяй.

"Будаваць саюзную дзяржаву Беларусі і Расеі без удзелу грамадзянаў дамовамі прэзыдэнтаў, урадаў і нават канстытуцыйным актам саюзнай дзяржавы юрыдычна неправамоцна".

Цярэшчанка таксама паабяцаў кожнаму з кандыдатаў уключна з Лукашэнкам адказныя пасады ў краіне.

Яраслаў Раманчук распавёў пра асноўныя накірункі сваёй праграмы "Мільён працоўных месцаў". Маўляў, у адрозьненьне ад лідэраў аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, прыхільнікі пераменаў у Беларусі ведаюць што рабіць далей. Раманчук абяцае парадак, стабільнасьць і законнасьць.

"Нашы ўлады па сутнасьці як двоечнікі ўзялі і перапісалі нашу праграму і спрабуюць выдаць яе за сваю. Рэалізаваць яны яе ня могуць, бо ў іх няма перакананьня, што гэта праграма патрэбная для будучай Беларусі. Што да нашых міністраў, то яны сьпісалі словы, але як часта бывае ў двоечнікаў, яны не разумеюць іх сэнс".

Паводле Рамчанука, тэзіс "мільён працоўных месцаў" зьявіўся таксама ў праграме расейскага прэзыдэнта Мядзьведзева. Гаворачы пра дачыненьні з Расеяй і Эўразьвязам Раманчук адзначыў, што сяброўства з ЭЗ не адмаўляе сяброўства і партнэрства з Расеяй.

"Таму дрэнна, калі мы пачынаем ваяваць з Крамлём, з "Газпромам", нафтавымі кампаніямі, і гэта ператвараецца ў варожасьць ледзьве не народаў. Гэта вельмі дрэнная тэндэнцыя, я супраць таго, каб з некім сварыцца, тым больш з такой вялікай краінай як Расея. І вось у балянсе мы і атрымаем рэалізацыю тэзы адкрытая краіна".

Мой сябар, якога ў 2004 годзе дэпартавалі зь Беларусі неяк пажартаваў, для тых людзей, якія любяць самаізаляцыю, цураюцца сваіх суседзяў, сваіх блізкіх, прыдумалі новы знак Задыякам – лох. Дык нам ня трэба быць у гэтым знаку Задыяка. Нам трэба, каб наша краіна была паўнавартаснай краінай эўрапейскай супольнасьці".

Свой выступ Раманчук завяршыў заклікам ня браць удзел у датэрміновым галасаваньні, бо гэтыя галасы могуць украсьці. Таксама ён заклікаў прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Менску 19 сьнежня
а 20 гадзіне, каб патрабаваць справядлівасьці і чэсных выбараў. Таксама ён мяркуе, што павінен адбыцца другі тур.
XS
SM
MD
LG