Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Як паведаміла амэрыканскае агенцтва Associated Press са спасылкай на крыніцу ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, Беларусь можа атрымаць ядзерны рэактар на нізкаўзбагачаным уране ўзамен за адмову ад запасаў высокаўзбагачанага ўрану, які можа выкарыстоўвацца для вырабу ядзернай зброі. Тым часам амэрыканскі штодзёньнік New York Times паведаміў, таксама са спасылкай на высокапастаўленага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту, што ў абмен на адмову ад высокаўзбагачанага ўрану Беларусь атрымае ня сам рэактар, а толькі дарадчую інфармацыю для яго пабудовы.

Пра тое, што Беларусь зьліквідуе небясьпечныя запасы, афіцыйны Менск абвясьціў на саміце АБСЭ ў Астане. Згодна з падпісанай дамовай, Беларусь перадасьць для ўтылізацыі 220 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану.

Сёлета Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ёсьць "сотні кіляграмаў" высокаўзбагачанага ўрану, які выкарыстоўваецца "выключна ў навуковых мэтах". Паводле амэрыканскага Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў, Беларусь мае 170 кіляграмаў высокаўзбагачанага ўрану ў Аб'яднаным інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў у Соснах пад Менскам. Паводле іншых крыніцаў, высокаўзбагачанага ўрану ў Беларусі нашмат менш — каля 40 кіляграмаў. Але нават такой колькасьці дастаткова, каб вырабляць ядзерныя бомбы. Такую магчымасьць пацьвярджае і прафэсар, актывіст руху "Навукоўцы за бязьядзерную Беларусь" Георгій Лепін:

"Калі вымярэньне на сотні кіляграмаў — гэта ўжо шмат. Таму што атамная зброя — калі гаворка пра ўзбагачаны ўран ці плютоній, то колькасьць вымяраецца некалькімі кіляграмамі. Гэта не азначае, што яны маглі стварыць
Амэрыканцы хочуць атрымаць гарантыю, што ўзбагачэньнем Беларусь займацца ня будзе.
вялікі набор бомбаў, але невялікі — так. Праўда, для гэтага патрабуецца ўзбагачэньне. Але я злавіў такі выраз: амэрыканцы хочуць атрымаць гарантыю, што ўзбагачэньнем Беларусь займацца ня будзе, ні паліва ня будзе выкарыстоўваць, ні ўзбагачаць. У свой час у нас распрацоўваўся перасоўны ваенны рэактар, і ўсё гэта паліва засталося. Спачатку было пакінутае для практычнай мэты. Пакуль паліва ёсьць. У Соснах, дзе яно захоўваецца, маецца рэжымнае прадпрыемства, якое працуе ў небясьпечных умовах. А гэта для супрацоўнікаў, для інстытуту, нібыта выгадна. І яны гэтае паліва не аддалі Расеі, хоць у прынцыпе павінны былі аддаць".

У супольнай заяве ЗША і Беларусі, прынятай па выніках сустрэчы Дзяржсакратара ЗША Гілары Клінтан і міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, гаворыцца, што Беларусь прыняла рашэньне аб ліквідацыі ўсіх сваіх запасаў высокаўзбагачанага ўрану і мае намер ажыцьцявіць гэта да наступнага саміту па ядзернай бясьпецы ў 2012 годзе. Прадстаўнік міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных кажа, што такое пагадненьне мае для Беларусі добрыя пэрспэктывы:

"Што тычыцца сумеснай заявы Рэспублікі Беларусь і Злучаных Штатаў Амэрыкі, то яна, безумоўна, адкрывае дадатковыя магчымасьці па ўзаемадзеяньні двух дзяржаваў, у тым ліку па мірным выкарыстаньні атаму. Які будзе фармат гэтага супрацоўніцтва, пакажа будучыня".

Але, як лічыць экспэрт у галіне атамнай энэргетыкі, кандыдат тэхнічных навук Юры Варонежцаў, амэрыканскі бок у акрэсьленай будучыні наўрад ці забясьпечыць Беларусь рэактарам. Перадусім, з палітычных прычынаў:

"Прадстаўленьне рэактара — рэч досыць сур'ёзная. Па-першае, гэта ж ня проста — наце вам рэактар, і ўсё. Гэта вельмі складаная, абстаўленая
Злучаныя Штаты ніколі Беларусі пры існуючым рэжыме ніякага рэактара не дадуць.
ўсялякімі фармальнасьцямі, цырымоніямі працэдура, узгадненьне якой цягнецца не адзін год. Па-другое, Злучаныя Штаты ніколі Беларусі пры існуючым рэжыме ніякага рэактара не дадуць. Уявіце, што будзе ў Кангрэсе — гэта ж проста скандал! Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра дасьледчы рэактар. Таму што той уран, які выкарыстоўваўся, і які Беларусь, так бы мовіць, "добраахвотна" здае, выкарыстоўваўся на дасьледчым рэактары ў Соснах".

Сёлета Беларусь разам з Іранам і Паўночнай Карэяй не запрасілі на саміт у пытаньнях ядзернай бясьпекі ў Вашынгтоне. Прычына ў адмове Менску супрацоўнічаць у пытаньні ўзбагачанага ўрану. Аднак пасьля падпісанай дамовы Беларусь выйшла з шэрагу ізгояў і атрымала запрашэньне на аналягічны саміт у Паўднёвай Карэі ў 2012 годзе. Але ці насамрэч у Беларусі высокаўзбагачанага ўрану столькі, што гэта трэба ўздымаць асобнай тэмай? Гаворыць Юры Варонежцаў:

"Мяркую, што тэма ўзьнятая досыць штучна, таму што яшчэ ў 1996 годзе тут выграблі ўсё. Хоць я не выключаю, што пэўная колькасьць была, і зь яе
Проста была добрая інфармацыйная нагода для тых жа Штатаў паказаць, што яны ідуць у фарватэры палітыкі Эўразьвязу ў сувязі з абвастрэньнем адносінаў з Расеяй.
нешта можна было зрабіць. Але, зноў жа, не ва ўмовах Беларусі, бо атамную бомбу ня зьляпаеш у Соснах ці дзесьці на заводзе "Гарызонт". Для гэтага патрэбная сур'ёзныя тэхналёгіі. Мяркую, што проста была добрая інфармацыйная нагода для тых жа Штатаў паказаць, што яны ідуць у фарватэры палітыкі Эўразьвязу ў сувязі з абвастрэньнем адносінаў з Расеяй. То бок, гэта ўсё штучна. Таму што ён ляжаў-ляжаў, нікому ня быў гэты ўран патрэбны, і тут раптам пра яго згадалі. І калі тое, што рэактара амэрыканскага мы не атрымаем, — гэта мая ўпэўненасьць, то наконт урану — меркаваньне".

Разам з тым, у Дзярждэпартамэнце ЗША пакуль ня могуць сказаць, якая частка ўрану, што захоўваецца ў Беларусі, прыдатная для вырабу ядзернай зброі. У Аб'яднаным інстытуце энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў у Соснах адмаўляюцца камэнтаваць падпісаныя беларуска-амэрыканскія дамоўленасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG