Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэсаветызацыя Горадні?


Уладзімер Мацкевіч у часе прэзентацыі
Уладзімер Мацкевіч у часе прэзентацыі
Філёзаф Уладзімір Мацкевіч лічыць Горадню сваім родным горадам, прызнаўся ён на сустрэчы з гарадзенцамі, да якіх прывёз сваю новую кнігу.

Яна называецца "Пераацэнка каштоўнасьцяў у культуры і гісторыі Беларусі", зроблена ў выглядзе пытаньняў і адказаў. Аўтар выступаў па-беларуску, але кніга зроблена на расейскай мове, бо ён мяркуе, што беларускамоўных ня трэба пераконваць. Пераконваць у чым? У прыватнасьці, у патрэбе дэсаветызацыі, беларусізацыі і эўрапеізацыі ў рамках культурнай палітыкі.

Уладзімір Мацкевіч пачаў з таго, што ён жыў у Горадні зь дзесяці год, калі бацькі вярнуліся са ссылкі ў Сыбіры. Адсюль ён пайшоў у войска, на яго вачах у горадзе адбылася буйная індустрыялізацыя. Раней стары невялікі горад ён мог абысьці пешшу цалкам, агледзець усе вуліцы. Аднак яны мелі збольшага тыя ж самыя назвы, што й у сыбірскім горадзе, дзе дагэтуль жылі Мацкевічы. Так, Чапаеў ня меў ніякага дачыненьня да Беларусі, Сувораў — толькі адмоўнае. Гэта неэтычна, што вялікая вуліца названа імем Суворава, з тым жа посьпехам можна было б зрабіць у Горадні і вуліцу Гудэрыяна, мяркуе аўтар.

Разам з тым у горадзе ўвекавечаныя імёны Лялевеля, Нарбута, Тамаша Зана, але ў школе не тлумачылі — што гэта за людзі былі? Пазьней, калі спадар Мацкевіч жыў у новым тады мікрараёне Фарты, там зьявіліся вуліцы Яраслава Дамброўскага, Валерыя Ўрублеўскага і нават дошкі павесілі з тлумачэньнем. Імёны, знакі, сэміётыка гораду — яна для падлетка, які імкнуўся разважаць пра тое, дзе ён жыве, у які час, у якой прасторы, была трохі дзіўнай. Ужо потым, у сьвядомым узросьце, заняўшыся пытаньнямі сацыяльнай культурнай палітыкі, ён пачаў разумець, што такія "дзівосы" робяцца сьвядома і празь іх ствараецца інтэрпрэтацыя ці ўяўленьне пра гісторыю, мінулае і фармуецца грамадзкая думка, грамадзкая сьвядомасьць сучаснага чалавека. Тое, што ўяўляе пра сябе чалавек як пра частку вялікай супольнасьці, ствараецца празь некалькі кірункаў. Якія гэта кірункі? Адукацыя, сэміятычнае асяродзьдзе — назвы вуліц, помнікі, шыльды, знакі, якія ствараюць гарадзкі ляндшафт, а таксама кнігі, якія мы чытаем у дзяцінстве і якія западаюць у душу, зь якіх мы вызначаем для сябе герояў, каб браць прыклад, а таксама злодзеяў.

Аднак штучна створаныя тады героі і станоўчыя прыклады не адпавядалі ні нацыянальнай гісторыі, ні нацыянальнай сьвядомасьці, ні патрабаваньням часу, зазначае Ўладзімір Мацкевіч. Потым Беларусь здабыла незалежнасьць, і стала відавочна, што культурны, сэміятычны ляндшафт не адпавядае незалежнай краіне. Пачаўся працэс культурнай экалёгіі, санацыі культурнага асяродзьдзя. І паўсталі вельмі простыя пытаньні: што рабіць з помнікамі Леніну, якія стаяць паўсюль? А таксама з астатнімі помнікамі савецкага часу, якія ствараюць аўру іншых каштоўнасьцяў? Прычым разбураліся помнікі культуры, спадчыны, якія ёсьць беларускімі, зазначае У.Мацкевіч.

Філёзаф станоўча ацэньвае, што плошча Леніна ў Горадні стала плошчай каралеўскага рэфарматара Антона Тызэнгаўза. (Трэба ўдакладніць, што плошчу насамрэч падзялілі на дзьве часткі, асноўная — зь ленінскай статуяй — засталася са старой назвай, меншая — з камяніцамі, збудаванымі ў канцы ХІХ стагодзьдзя, — сапраўды атрымала новую: Тызэнгаўза.) Аднак вуліца Суворава па-ранейшаму засталася на гарадзкой мапе… Гэты прыклад сьведчыць пра тое, што Горадня, зрабіўшы крок наперад у дэсаветызацыі, надоўга спынілася на дасягнутым.

У прэзэнтацыі ўзяў удзел дырэктар Народнай школы "Марыяшпрынг" Вольфганг Борхардт (Нямеччына), зь якім супрацоўнічае Ўладзімір Мацкевіч, а таксама Тацяна Пашавалава — экспэрт швэдзкага "Форуму СЮД" па Ўсходняй Эўропе і Леанід Каліценя — дырэктар Цэнтру сацыяльных інавацый (Менск).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG