Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК абнародавала інфармацыю пра сродкі, якія паступаюць на рахунак выбарчых фондаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Паводле ЦВК, найбольшая колькасьць сродкаў паступіла ў фонд Уладзімера Някляева — 83 мільёны 493 тысячы рублёў. Найменшую атрымаў фонд Віктара Цярэшчанкі — 100 рублёў.

Выбарчыя фонды кандыдатаў — новаўвядзеньне сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Але скарыстацца новай выбарчай тэхналёгіяй вырашылі яшчэ ня ўсе. У прыватнасьці, Дзьмітры Вус заявіў, што і без збору грошай мае дастаткова перадвыбарчых клопатаў, а Мікола Статкевіч паабяцаў яшчэ падумаць пра магчымасьць стварэньня такога фонду:

"Вырашылі, што памер дапамогі, якую могуць зрабіць грамадзяне (гэта прыкладна 100 даляраў, і 300 даляраў — арганізацыі), ня варты клопатаў. Але паглядзім — калі ў некага з кандыдатаў добра пойдуць справы, то, магчыма, і створым такі фонд".

На 30 лістапада на рахунак Віктара Цярэшчанкі было пералічана 100 рублёў, таму вялікіх спадзяваньняў на кандыдацкі фонд у штабе не ўскладаюць, кажа адказны за фінансы Алег Несьцяркоў:

Будзе напоўнены фонд ці не — мы не цікавімся.
"У нас свая тактыка правядзеньня агітацыйнай кампаніі: абапіраемся не на выкарыстаньне фінансавых тэхналёгій, а на іншую форму працы з выбарнікамі. Будзе напоўнены фонд ці не — мы не цікавімся. Пакуль мы ў гэтым ня маем патрэбы".

Пра колькасьць сродкаў, якія паступілі ў фонд Аляксандра Лукашэнкі і Алеся Міхалевіча Цэнтравыбаркам не паведамляе. Алесь Міхалевіч патлумачыў гэта недасьведчанасьцю ЦВК:

ёсьць дробныя пералічэньні. Спадзяюся, што яны будуць большыя
"Фонд яшчэ толькі некалькі дзён як адчынены, таму, пэўна, яшчэ няма зьвестак. Але ёсьць фонд, ёсьць дробныя пералічэньні. Спадзяюся, што яны будуць большыя, бо я размаўляў пра гэта з рознымі людзьмі. Зьбіраюся яго выкарыстаць на платную рэкляму ў ліфтах, а таксама маю некаторыя іншыя ідэі".

Цэнтравыбаркам паведамляе, што Яраслаў Раманчук атрымаў у свой кандыдацкі фонд 89 тысяч 100 рублёў. Кіраўнік штабу Леў Марголін гэтак пракамэнтаваў памер пералічаных грошай:

Праходзілі раней прэзыдэнцкія выбары бяз гэтага фонду, пройдуць і зараз
"Праходзілі раней прэзыдэнцкія выбары бяз гэтага фонду, пройдуць і зараз. Мы больш спадзяваліся, што гэта будзе маральная падтрымка кандыдатам. Вось гэта якраз тое, што магло б быць народным галасаваньнем, бо для пералічэньня грошай трэба паведамляць свае пашпартныя зьвесткі, месца жыхарства. Таму я думаю, што людзі проста баяцца".

На рахунак фонду Віталя Рымашэўскага пералічана 300 тысяч рублёў, але ў штабе спадзяюцца бліжэйшым часам атрымаць новыя паступленьні, паведаміла адна з актывістак Ірына Губская:

"Зараз людзі вельмі шмат тэлефануюць, запытваюцца пра рахунак, хочуць падтрымаць і далучыцца да БХД. Таму я думаю, што фонд Віталя Рымашэўскага бліжэйшымі днямі вырасьце ў разы".

У штабе Рыгора Кастусёва бліжэйшым часам таксама чакаюць папаўненьня фонду. На гэты ж мамант пералічана 355 тысяч рублёў, паведаміў кіраўнік штабу Аляксей Янукевіч:

Пакуль што, безумоўна, сродкі невялікія. Спадзяемся, што яны будуць паступаць яшчэ
"Пакуль што, безумоўна, сродкі невялікія. Спадзяемся, што яны будуць паступаць яшчэ. Некаторых ахвярадаўцаў мы ведаем — гэта простыя грамадзяне краіны. Гэтыя сродкі мы плянуем скарыстаць на выраб агітацыйнай прадукцыі".

Выбарчы фонд Андрэя Саньнікава на 30 лістапада складаў 6 мільёнаў 808 тысяч рублёў. Але верагодна, што зараз на рахунку ўжо іншыя лічбы, кажа кіраўнік штабу Ўладзімер Кобец:

"Гэта старая інфармацыя. Зараз зь лічбамі сытуацыя іншая. Мы ведалі, што будзе падтрымка, бо яна ёсьць, бо шмат людзей выказвалі жаданьне дапамагчы, пакуль яшчэ фонд зьявіўся. Упэўненыя, што гэта не апошняя лічба. А як скарыстоўваць гэтыя сродкі — штаб будзе прымаць рашэньне пазьней".

Паводле Цэнтравыбаркаму, больш за ўсіх сродкаў на рахунак свайго фонду атрымаў Уладзімер Някляеў. Кіраўнік ягонага штабу Андрэй Дзьмітрыеў:

Дапамагаюць таксама вельмі розныя людзі: і пэнсіянэры, і бізнэсоўцы, і валанцёры кампаніі, якія вырашылі гэтак падтрымаць спадара Някляева
"Мы шмат зьвярталіся да розных людзей. У тым ліку прадпрымальнікаў і бізнэсоўцаў, што нам патрэбная дапамога. Дапамагаюць таксама вельмі розныя людзі: і пэнсіянэры, і бізнэсоўцы, і валанцёры кампаніі, якія вырашылі гэтак падтрымаць спадара Някляева. Як будзем гэтыя сродкі выкарыстоўваць? Безумоўна, на агітацыйную кампанію — толькі такім чынам".

Паводле ЦВК, штаб Уладзімера Някляева — адзіны, хто ўжо выкарыстаў на выбарчую кампанію больш за 7 мільёнаў рублёў.
XS
SM
MD
LG