Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Богдан: Лукашэнка хоча стаць эўрапейскім Назарбаевым


"Зь Беларусьсю наша ўзаемадзеяньне будзе залежаць галоўным чынам ад рэформаў у пяці ключавых для дэмакратызацыі галінах: адсутнасьць палітычных зьняволеных, рэформа выбарчага кодэксу, свабода прэсы і няўрадавых арганізацый, адмена сьмяротнага пакараньня", – заявіў эўракамісар па пашырэньні ЭЗ і эўрапейскай палітыцы суседзтва Штэфан Фюле, выступаючы ў Калюмбійскім унівэрсытэце Нью-Ёрку. Ці ўносяць гэтыя словы нейкі новы аспэкт у стаўленьні Эўразьвязу да афіцыйнага Менску? Як з гэтага пункту гледжаньня выглядае пэрспэктыва прызнаньня Эўразьвязам вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Сяргей Богдан.

Цыганкоў: Ці ёсьць гэтыя выказваньні Фюле чымсьці новым у стаўленьні Эўразьвязу да афіцыйнага Менску? Ці можна сказаць, што "5 умоваў" – гэта новы падыход альбо проста працяг стратэгіі Эўразьвязу, прынятай у 2008 годзе?

Богдан: Мне здаецца, гэта дастаткова чаканая і дыпляматычна вытрыманая заява, якая дазваляе Эўразьвязу працягнуць тую лініі, што была прынятая ў 2008 годзе. Яна палягае ў тым, каб нейкім чынам знайсьці прымальную для абодвух бакоў формулу суіснаваньня.

Калі не атрымалася дасягнуць дэмакратыі і паспрыяць кардынальным зьменам беларускага рэжыму, значыць, калі Беларусь ня можа быць у Эўропе, то яна можа быць прымальным партнэрам на межах Эўропы. Гэтая такая рэч, якую даўно і дамагаўся Лукашэнка. У сілу многіх абставінах рэгіянальнага і геапалітычнага характару Эўразьвязу давялося пайсьці на гэта, і тут атрымалася знайсьці з афіцыйным Менскам пэўную згоду.

Аднак за гэтыя 14 гадоў ізаляцыі беларускага рэжыму назапасілася столькі ўсяго адмоўнага, узаемнага недаверу, што кіраўніцтву Эўразьвязу даводзіцца шукаць падыходы ў неканфрантацыйнай форме. Таму вылучаецца такі пакецік патрабаваньняў, з якога беларускія ўлады могуць нешта зрабіць, і атрымаецца, што па кожнай з умоваў ёсьць нейкі прагрэс. І Лукашэнка можа стаць тым, кім ён хацеў стаць – эўрапейскім Назарбаевым.

Цыганкоў: Як такое стаўленьне Эўразьвязу можна экстрапаліраваць на магчымае прызнаньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў з боку Эўразьвязу? Бо выкананьне пяці ўмовах – доўгая справа, а выбары ўжо праз два тыдні…

Богдан: Эўразьвяз хоча вырашыць беларускую праблему. Таму часам яны будуць чуць тое, што яны хочуць пачуць.

Відавочна, што некаторыя з гэтых 5 патрабаваньняў нічога ня зьменяць у дэмакратызацыі краіны. Напрыклад, адмена сьмяротнага пакараньня, якое ніяк ня зьменіць рэжым Лукашэнкі.

Гэтыя ўмовы ўвогуле так сфармуляваныя, што я за гэтым бачу імкненьне высунуць такі пакет, каб Лукашэнка мог пагадзіцца, нешта выканаць, – і такім чынам закласьці падмурак на будучыню.

Тое, што выбары будуць у нейкай ступені "прызнаныя" Эўразьвязам, тут для мяне няма сумневу. Вядома, гэта ня будзе нейкае абсалютнае прызнаньне. Але Эўразьвяз хоча палепшыць адносіны з Беларусьсю.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG